Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Мара дзяцінства — лячыць людзей

Пост опубликован: 15.08.2025

Малады спецыяліст Нясвіжскай ЦРБ, урач агульнай практыкі Вікторыя Юшкевіч нарадзілася і вырасла ў Нясвіжы, у сям’і, дзе з медыцынай звязаная яе мама, што працуе аперацыйнай медыцынскай сястрой.

— Мама дзялілася ўражаннямі аб сваёй рабоце, расказвала пра складаныя выпадкі, пра майстэрства ўрачоў, і гэта было мне вельмі цікава, — гаворыць Вікторыя Вадзімаўна. — Мне з дзяцінства падабалася слухаць яе гісторыі. І гэта, напэўна, і стала пачаткам маёй цікавасці да медыцыны. І мама мой выбар падтрымала безумоўна.

Канчаткова жаданне звязаць з гэтай сферай сваё жыццё ў маёй суразмоўцы аформілася ў старэйшых класах, калі ёй сталі асабліва падабацца біялогія і хімія. Тады і было прынята рашэнне ісці вучыцца на ўрача, і Вікторыя Юшкевіч паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Падчас вучобы дзяўчына ў пэўны момант зразумела, што больш за ўсё яе душа ляжыць да тэрапіі, таму і выбрала спецыялізацыю “ўрач агульнай практыкі”.

На пытанне, як яна сябе адчувала ў першыя рабочыя дні, мая суразмоўца адказала, што паколькі ў нашай раённай бальніцы праходзіла інтэрнатуру, то работа пачалася крыху спакайней, чым гэта магло б быць у нейкім абсалютна новым месцы.

— Я была ўжо знаёмая з многімі калегамі, мне многія дапамагалі, — дзеліцца ўражаннямі малады ўрач. — Вядома, напачатку сутыкаешся з цяжкасцямі, але ж у падтрымцы ніхто не адмаўляе. Таму асаблівага хвалявання няма. Зразумела, што ў бальніцу людзі прыходзяць, калі адчуваюць сябе дрэнна. А гэта значыць, што да кожнага чалавека трэба знайсці свой падыход, бывае, і накіраваць на дадатковыя абследаванні ці кансультацыю да вузкага спецыяліста. У складаным выпадку заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу старэйшыя калегі, таму пакуль што ад першых дзён работы ў мяне самыя добрыя ўражанні.

За рабочую змену мая суразмоўца прымае больш за 20 чалавек, і імкнецца кожнаму ўдзяліць належную ўвагу і ўнікнуць у яго праблему, параіць аптымальнае лячэнне.

На пытанне, ці не палохала яе тая асаблівая адказнасць, якую ўрач як ніхто іншы нясе за здароўе чалавека, яна адказала, што ў працэсе навучання пачала задумвацца аб гэтым і таму старалася вучыцца як можна лепш. Дарэчы, падчас асваення ўніверсітэцкай праграмы студэнтцы вельмі прыгадзілася і набытая ў Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў адукацыя па выяўленчым мастацтве: яна вельмі дапамагала ў вядзенні канспектаў па анатоміі.

— Урач вучыцца ўсё жыццё, каб не дапускаць памылак, — адзначыла ў нашай гутарцы Вікторыя Вадзімаўна. — І я збіраюся прытрымлівацца гэтага прынцыпу, каб аказваць сваім пацыентам самую кваліфікаваную дапамогу.

Што ж, пастаяннае самаўдасканальванне — цалкам рэальная рэч, і верыцца, што маладому спецыялісту В. В. Юшкевіч гэта ўдасца, таму што ў яе ўжо напачатку ёсць самае галоўнае — любоў да сваёй прафесіі і людзей, для якіх яна працуе.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика