Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Збожжа — галоўнае багацце

Пост опубликован: 15.08.2025

Аператары збожжасушыльнага комплексу S 616 Дзмітрый Рачок і Андрэй Лазоўскі з СВК “Агракамбінат Сноў” першымі ў гаспадарцы дапрацавалі 10 тысяч тон збожжа.

Жыццё абодвух работнікаў цесна звязана з сельскай гаспадаркай. Дзмітрый нарадзіўся і вырас у Снове, яго асноўная пасада ў агракамбінаце — інжынер-тэхнолаг па захоўванні збожжа на камбікормавым заводзе сельгаспрадпрыемства. Тут ён працуе з лістапада 2018 года, набыўшы ўжо некаторы вопыт работы ў іншых сельгаспрадпрыемствах нашага і Дзяржынскага раёнаў пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Тэхналогія тэхнічнага забеспячэння перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі”.

Адпрацаваўшы начную змену на збожжасушыльным комплексе S 616, малады чалавек некаторы час адпачывае, а потым да дзвюх гадзін дня прыходзіць зноў на працу, каб выконваць свае абавязкі інжынера, якіх падчас жніва становіцца яшчэ больш, чым у звычайную пару года.

— Кажучы коратка, галоўная мая задача як інжынера — кантраляваць захаванасць збожжа і своечасова аддаваць распараджэнні аператарам, — гаворыць Дзмітрый. — Як аператар я адказваю за сушку збожжа, сачу за яго вільготнасцю, ачысткай і іншымі нарматыўнымі якасцямі. Вядома, сумяшчаць абавязкі аператара і інжынера няпроста, але я разумею, што працую на карысць роднай гаспадаркі, якая дала мне і працу, і жыллё. Два гады таму мая сям’я атрымала катэдж, і мой трохгадовы сын можа расці ва ўласным доме. Гэта вельмі радасна, таму стараюся не падводзіць кіраўніцтва, якое ў мяне паверыла.

Дзмітрый Рачок — адказны і актыўны малады чалавек: у вольны ад працы час ён дапамагае рабоце Сноўскага СДК — вядзе дыскатэкі і адказвае за працу святломузычнай апаратуры.

Таварыш Дзмітрыя па працы Андрэй Лазоўскі ўжо шэсць гадоў пастаянна робіць на камбікормавым заводзе агракамбіната, а на ЗСК S 616 працуе не так даўно — трэці сезон, які стаў для яго асабліва паспяховым.

Пачынаўся яго шлях да сноўскай зямлі з Нясвіжа, дзе ён нарадзіўся і вырас. Пасля заканчэння школы паступіў у Клецкае ПТВ, дзе набыў спецыяльнасць вадзіцеля-трактарыста. Адслужыўшы, як належыць, паўтара гады ў арміі, пазнаёміўся з дзяўчынай з Нялепава і, пакінуўшы Стаўбцоўскі горгаз, дзе рабіў у той час, прыйшоў працаваць па спецыяльнасці ў ААТ “Грыцкевічы”. Адтуль перайшоў у СВК “Агракамбінат Сноў”. Тут яго галоўнай задачай стала захаванне збожжа і, пры неабходнасці, рамонты патрэбнай для гэтага тэхнікі. За змену падчас жніва праз яго рукі праходзіла каля трохсот тон збожжа.

Андрэй Іванавіч — не толькі дбайны працаўнік, але і добры сем’янін: двое яго старэйшых сыноў таксама па прыкладзе бацькі выбралі сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, а малодшая дачка яшчэ вучыцца ў школе.

— Работа мая мне падабаецца, — сказаў ён у завяршэнне нашай гутаркі. — Збожжа — гэта наша галоўнае багацце, і я рады, што ў яго захаванні ёсць і мой сціплы ўклад.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика