Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Дабіліся выдатных вынікаў

Пост опубликован: 28.08.2025

ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”— адно з валаўтваральных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Нясвіжскага раёна, якое спецыялізуецца на жывёлагадоўлі мяса-малочнага напрамку і раслінаводстве. Сёлета аграрыі “Новага жыцця” дабіліся першага выніку ў раёне па ўраджайнасці збожжавых.

Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Худніцкі, пасяўная плошча тут склала 1480 гектараў збожжавых і 400 гектараў рапсу. Валавы збор збожжавых дасягнуў 14512 тон, ураджайнасць — 98,1 цэнтнера з гектара, алейнага насення рапсу — 1894,7 тоны пры ўраджайнасці 47,4 цэнтнера з гектара.

Калі гаварыць пра збожжавыя, то іх плошча складаецца з 1130 га пшаніцы, якія далі 11121,6 тоны пры ўраджайнасці 98,4 ц/га, 100 гектараў азімага ячменю з валавым зборам у 1064,4 тоны пры ўраджайнасці 106,4 ц/га і 250 га яравога ячменю, з якіх сабралі 2327 тысяч тон пры ўраджайнасці 93,1 ц/га.

Усё гэта багацце ўбіралі 10 збожжаўборачных камбайнаў: “Лексіён-580”, “Джон Дзір 9640”, “КЗС-1624” і сем “КЗС-1218”.

Лепшымі работнікамі на жніве сталі Мікалай Коўшаль, які на сваім КЗС-1218 намалаціў 1652 умоўныя тоны збожжавых разам з алейным насеннем рапсу, Іван Акулік, які на такім жа камбайне, толькі нашмат навейшым, атрымаў 1570,5 умоўнай тоны, і Яўген Кораб, паказчык якога — 1538,4 умоўнай тоны, намалочаныя на “Лексіёне-580”.

Лепшымі вадзіцелямі на адвозе збожжа сярод работнікаў гаспадаркі (без уліку прыцягнутых) сталі Мікалай Парэйка, што працаваў на “МАЗ-4571” і перавёз 2306 умоўных тон, і Андрэй Ніканчук, які на сваім “МАЗ- 551” даставіў ад камбайна 1950 умоўных тон.

Гаворачы аб працаўніках, задзейнічаных на жніве, нельга не ўзгадаць і пра работнікаў сушыльнай гаспадаркі Анатоля Казляка і Валерыя Бірылу, якія таксама шчыравалі, не пакладаючы рук. Праз гэтыя самыя рукі, дарэчы, прайшло 17228 умоўных тон збожжа і рапсу. Яны працавалі з памочнікамі на комплексах КЗСВ-40 ГН і ЗСК-40 ШЖ.

Пра тое, як удалося дабіцца такіх выдатных вынікаў, як сёлета, мы распыталі ў галоўнага агранома гаспадаркі Міхаіла Канановіча. Ён адзначыў, што клопат пра ўраджай пачынаўся яшчэ з восені. Азімыя пшаніца і ячмень сеяліся ў верасні мінулага года, рапс — у жніўні. Поўнасцю пад запланаваны ўраджай былі ўнесены фосфарныя і калійныя ўгнаенні, пад рапс — яшчэ і азот. Восенню таксама была зроблена стопрацэнтная праполка ад пустазелля, для рапса — яшчэ дзве дадатковыя ростарэгуляцыі. Было відаць, што азімыя да зімы добра раскусціліся.

— Вясновыя прымаразкі нас трохі напалохалі, — прызнаецца Міхаіл Міхайлавіч, — але ў збожжавых прымерзлі толькі крышку верхнія лісты і яны потым дружна ажылі, а вось рапс пацярпеў больш. Мы нават думалі, што не атрымаем яго больш за 30 цэнтнераў з гектара, але своечасовыя падкормкі мікраэлементамі і амінакіслотамі разам з апрацоўкай фунгіцыдамі зрабілі сваю справу. Азімыя збожжавыя і рапс вясной атрымалі яшчэ па тры падкормкі азотам, прынеслі карысць і мерапрыемствы па абароне ад шкоднікаў і хвароб. Увесь гэты комплекс і дапамог атрымаць сёлетні багаты ўраджай.

Вядома, усе намаганні хлебаробаў не мелі б такога выніку, каб не высокаякаснае насенне, якое “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” набывае ў СВК “Агракамбінат Сноў” і ДП ЭБ “Свеклавічная”. Адыграла сваю ролю і тое, што вясна хоць і была халодная, але раслінам хапіла вільгаці і зерне змагло без спёкі і сушы добра наліцца.

— Усё гэта і паспрыяла таму, што мы змаглі атрымаць дастойны ўраджай. І не мы адны, — адзначыў напрыканцы нашай гутаркі М.М. Канановіч.

Поўны пералік тых, хто быў задзейнічаны ў атрыманні ўраджаю гэтага года — ад механізатараў, што рыхтавалі глебу пад сяўбу, і да камбайнераў, што ўбіралі ўжо вырашчаны ўраджай, заняў бы занадта шмат месца, але з некаторымі з аграрыяў “НОВАГА ЖЫЦЦЯ” мы прапануем вам наша фотазнаёмства.


 

Механізатар Яўген Кораб — ураджэнец суседняй Клеччыны, які ў свой час стварыў сям’ю з дзяўчынай з Аношак. Гаспадарка дала маладым трохпакаёвую кватэру, і Яўген Валер’евіч папоўніў шэрагі механізатараў гаспадаркі. Ён працуе тут ужо 8-ы год. Цікава, што, атрымаўшы ў свой час вышэйшую заатэхнічную адукацыю, усё ж такі вярнуўся бліжэй да тэхнікі, любоў да якой перамагла.
— Думаў, што змагу працаваць з жывёлай, але памыліўся, — кажа ён. І з задавальненнем працуе на зямлі — сее, культывуе, убірае на камбайне збожжа і пазней — кукурузу на зерне. Па яго словах, усе віды работ яму падабаюцца аднолькава. Галоўнае — выканаць іх так, каб не было сорамна за сваю працу. І гэта яму ўдаецца: сёлета Яўген Кораб паказаў трэці вынік па гаспадарцы на жніве.

ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Дабіліся выдатных вынікаў


Механізатар Мікалай Коўшаль працаваў на сёлетнім жніве на камбайне “КЗС-1218”. Гэта была яго 14-я ўборка. У астатні час года ён працуе на “МТЗ-1523”. Гэтымі днямі займаецца нарыхтоўкай сенажу, а падчас асенняй сяўбы падвозіць насенне азімых, а яшчэ вывозіць на палеткі арганіку, арэ, культывуе, прэсуе салому і робіць шмат чаго іншага. Усяго і не ўзгадаеш за 35 гадоў работы ў гаспадарцы.

— Галоўнае маё захапленне — тэхніка, — гаворыць пра сябе Мікалай Анатольевіч.

А на пытанне, якім было для яго жніво ў гэтым годзе, адказвае:

— Як ніколі лёгкім. Тэхніка не падводзіла, усё прайшло на адным дыханні. Дажджы крыху тармазілі працэс, але ўсё астатняе было проста выдатным.

Дарэчы, сын майго суразмоўцы Яўген таксама працягнуў сельскагаспадарчую дынастыю — працуе механізатарам у ААТ “Сейлавічы” і, мяркуючы па ўсім, бярэ добры прыклад са свайго бацькі — сумленнага чалавека і надзейнага працаўніка.

ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Дабіліся выдатных вынікаў


Механізатар Іван Акулік таксама паказаў сёлета добры вынік на жніве, заняў другое месца ў гаспадарцы. Ён мясцовы чалавек — нарадзіўся і вырас у Жанкавічах, цяпер жыве ў Аношках. Гэта ўборка была для яго дзявятай, і яе ходам і вынікамі ён цалкам задаволены: тэхніка не падводзіла, а дажджы, якія крыху заміналі, усё ж не перашкодзілі скончыць яе своечасова.

Акрамя збожжаўборачнага, Іван Акулік працуе і на кормаўборачным камбайне, а ў астатні час года кіруе пагрузчыкам “Амкадор 352”.

Мой суразмоўца — патрыёт родных мясцін: пасля заканчэння Аношкаўскай СШ атрымаў у райсельгастэхніцы правы трактарыста, а вывучыцца на іншыя катэгорыі дапамагла гаспадарка.

— Мне падабаецца мая работа, — гаворыць ён. — Усё, што даручаюць, стараюся выканаць аднолькава добра, каб прыносіць карысць людзям.

ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Дабіліся выдатных вынікаў


40-гадовы юбілей сваёй работы ў сельгаспрадпрыемстве сёлета адзначае адзін з самых дасведчаных працаўнікоў гаспадаркі вадзіцель Мікалай Парэйка. За гэты час змянілася многа дарог перад яго вачыма і пейзажаў за акном машыны, аднак нязменным засталося адно: добрасумленнасць, адказнасць і дакладнае выкананне ўсіх даручэнняў кіраўніцтва. У гэтым годзе Мікалай Аляксеевіч стаў лепшым вадзіцелем у гаспадарцы на адвозцы збожжа ад камбайна.

ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Дабіліся выдатных вынікаў


Электрыкі ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” Анатоль Казляк і Валерый Бірыла на гэтым жніве працавалі на сушцы збожжа, паказаўшы выдатны вынік па гаспадарцы. Іх асноўным абавязкам з’яўляецца забеспячэнне спраўнасці электраабсталявання па ўсім сельгаспрадпрыемстве — пачынаючы ад ферм і мехдвара і заканчваючы офіснымі памяшканнямі.

Анатоль Казляк — ураджэнец Случчыны, скончыў па сваёй спецыяльнасці Слуцкі прафесійна-тэхнічны каледж, а ў Аношкі пераехаў на радзіму жонкі, атрымаў ад гаспадаркі кватэру. Гэтае жніво стала для яго 10-м і ўсе гэтыя гады ён працуе на сушцы збожжа.

Валерый Бірыла — мясцовы жыхар, жыве тут жа, у Аношках. Ён працуе ў гаспадарцы ўжо больш за 20 гадоў і таксама з’яўляецца вопытным спецыялістам у сваёй галіне.

Што да абавязкаў аператараў збожжасушылкі, то тут яны адразу правяралі вільготнасць збожжа, якое паступіла, загружалі яго ў агрэгат і сушылі так, каб яно дасягала аптымальных параметраў — не было ні занадта вільготным, ні перасушаным. І тое, і другое кепска ўплывае на якасць ураджаю. Сушылка магла выдаць да 750 тон “золата палёў” за суткі, і аператары стараліся дабівацца найлепшай яго якасці.

ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Дабіліся выдатных вынікаў


 

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Галоўнае фота: фрагмент саламянай кампазіцыі ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика