З вельмі дастойнымі вынікамі падышоў да раённых дажынак СВК “Агракамбінат Сноў” — сучаснае высокаэфектыўнае шматгаліновае сельскагаспадарчае прадпрыемства з развітой перапрацоўчай галіной і замкнутым цыклам вытворчасці.
Як расказаў старшыня праўлення агракамбіната Мікалай Радаман, пасяўная плошча па сельгаспрадпрыемстве без уліку аддзялення “Арда” сёлета склала 2510 га. З іх 1810 га заняла пшаніца, 610 — азімы ячмень, 1145 га — азімы рапс і 90 га — яравы ячмень, пасеяны для атрымання насення на рэалізацыю іншым гаспадаркам.

Старшыня праўлення СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Радаман
Жніво тут было завершана 12 жніўня, на дзень нашага візіту ў гаспадарку была ўжо прыбрана і салома. Ва ўборцы ўдзельнічала 19 камбайнаў, з якіх сем — “Лексіёны”, тры — “Нью Холанды”, адзін “Джон Дзір”, дзве — “Мегі-218” і шэсць — айчынныя “Палессі”. Збожжа ад іх адвозілі 23 грузавыя “МАЗы”.
70 га збожжавых яшчэ было пасеяна ў аддзяленні “Арда” ў Клецкім раёне, з якіх было атрымана 5694 тоны з ураджайнасцю 85 ц/га. З іх 345 займала пшаніца, якой было намалочана 3029 тон пры ўраджайнасці 87,8 ц/га. Парадаваў там і азімы ячмень: з 205 га гэтай культуры снаўчане атрымалі 1653 тоны пры ўраджайнасці 80,6 ц/га. Яравы ячмень заняў там 120 га. Ён даў 1011 тон пры ўраджайнасці 84,3, чаго раней ніколі не было. Добра паказаў сябе ў “Ардзе” і азімы рапс — на 160 га гэтай культуры была атрымана ўраджайнасць 46,8 ц/га. Тут таксама поўнасцю прыбрана салома. На 1300 га ўжо пасеяны азімы рапс.
Мікалай Вячаслававіч таксама адзначыў, што гэты год быў неардынарным па пагодных умовах: доўгая халодная вясна, суш, а за ёю — пастаянныя дажджы. Аднак, дзякуючы стараннаму захаванню земляробчай тэхналогіі, снаўчане змаглі дабіцца важкай ураджайнасці збожжавых: 95,3 ц/га — гэта лічба, на якую грэх наракаць. Узгадваючы мінулагодні вынік, што перавышаў 100 ц/га, нельга забывацца пра тое, што і ўмовы надвор’я тады былі намнога больш спрыяльнымі — моцныя дажджы і вятры не паклалі столькі пасеваў, як сёлета.
— Лічу, што наш працоўны калектыў зрабіў усё магчымае, каб атрымаць той ураджай, якога мы дабіліся ў гэтым годзе, — адзначыў Мікалай Радаман. — Галоўнае, што ўсё ўбрана своечасова і з мінімальнымі стратамі. На жаль, дабіцца 100-працэнтнай уборкі без страт практычна немагчыма. Многае залежыць ад прафесіяналізму камбайнера, ад хуткасці ўборкі. Каб яна была якаснай, хуткасць камбайна павінна быць прыкладна два кіламетры ў гадзіну, а калі ёсць палегліца, то і адзін. Таму людзі ў нас зарыентаваныя не на хуткасць уборкі, а на яе якасць. І працавалі яны не проста ад цямна да цямна, а да таго часу, пакуль не павялічваліся страты. Як толькі камбайн пачынаў горш вымалочваць (а гэта адбывалася пры выпадзенні расы), мы спынялі жніво. За гэтым пільна сачылі звеннявыя, на тры з якіх прыпадала пяць камбайнаў і на аднаго — чатыры. Дзякуй Богу, не адбылося ніводнай буйной паломкі, не падвяла ні тэхніка, ні людзі, якія не дапусцілі ніякіх парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Усе спрацавалі, як некалі казалі, на “пяць”.
Калі ж гаварыць пра тых, хто асабліва вызначыўся, то гэта пераможца спаборніцтва па гаспадарцы Віталь Гілейша, які з улікам убранага ў Крупскім раёне, куды ён быў накіраваны на дапамогу, намалаціў 2683 тоны збожжа. Яму крыху саступілі Сяргей Вайняк — 2654 тоны — і Аляксандр Грынаш — 2502 тоны.
Сярод вадзіцеляў больш за ўсіх перавёз Артур Маскаленка — 2832 тоны. Добрыя вынікі і ў Сяргея Браусевіча (2456 т), і ў Алега Віннічка (2303 т). Амаль 2500 тон перавёз Віктар Пячкоўскі, 2350 — Яўген Чабатарэнка. У цэлым больш за 2000 тон збожжа перавезлі 9 сноўскіх вадзіцеляў.
Гаворачы пра вынікі жніва, нельга забываць і пра напружаную працу работнікаў збожжасушыльнай гаспадаркі, якія таксама ўнеслі свой важкі ўклад у атрыманне і захаванне ўраджаю. У агракамбінаце на сённяшні дзень пяць сушылак, і, напрыклад, на адной толькі S-6160-01 Дзмітрый Рачок і Андрэй Лазоўскі перасушылі 11356,32 тоны. Цяжка пераацаніць і ўклад іншых работнікаў збожжасушылак, у тым ліку і тых, хто выконваў ювелірную работу па сушцы збожжа, прызначанага менавіта на насенне. Усім ім М.В. Радаман выказаў шчырую ўдзячнасць за стараннасць і прафесіяналізм.
У канцы нашай гутаркі Мікалай Вячаслававіч зазначыў, што ў “Снове” добра разумеюць: ад зямлі нельга толькі браць, як з бяздоннай крыніцы. Ёй трэба і вяртаць узятае, таму тут вельмі сур’ёзная ўвага надаецца ўборцы саломы, якая затым ператвараецца ў падсціл для жывёлы і ў рэшце рэшт — у арганіку, без якой з часам збяднеюць нават самыя ўрадлівыя глебы. Кожны год тут нарыхтоўваецца каля 130 тысяч тон цвёрдай арганікі і каля 200 тысяч вадкай, якія затым уносяцца на палеткі.
— З году ў год у нас павялічваецца колькасць гумусу ў глебе, — адзначыў кіраўнік гаспадаркі. — А гэта значыць, што мы не спусташаем зямлю, а назапашваем яе моц і сілу для наступных пакаленняў. І гэта вельмі важна. Мы павінны захаваць для нашых нашчадкаў той патэнцыял, які сёння ёсць у нас.
І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Галоўны аграном СВК “Агракамбінат Сноў” Аляксандр Шаманаў лічыць, што на сённяшні дзень сортазмена і сортааднаўленне іграюць ключавую ролю ў атрыманні высокіх ураджаяў:
— Штогод мы высяваем у сябе дэмапалі, дзе правяраем і каласавыя збожжавыя, і кукурузу, і іншыя культуры, якія вырошчваем. Мінулай восенню, напрыклад, мы пасеялі больш за 20 сартоў і імпартнай, і беларускай азімай пшаніцы. На слова верыць нікому не трэба: кожны сорт, кожны гібрыд павінен паказаць сябе менавіта на нашай, сноўскай зямлі, і толькі тады мы робім вывады аб мэтазгоднасці яго выкарыстання ў нас. Напрыклад, новы сорт “паларкарп” даў на дэма-выпрабаваннях ураджайнасць 107 цэнтнераў з гектара. Мы плануем пашыраць пасевы гэтага сорту і, адпаведна, прадаваць яго насенне. Таксама дастойна паказаў сябе добра вядомы сорт “этана” — 103 цэнтнеры з гектара. Добры патэнцыял і ў нашых айчынных сартоў. Напрыклад, “амелія” дала ўраджайнасць 97 ц/га. 100 ц/га даў новы беларускі сорт “лея”. Ва ўсім павінна быць канкурэнцыя — і ў сартах, і ў тэхналогіях, якія дапамагаюць раскрыць максімальны патэнцыял ураджайнасці. Лічу, што залог поспеху ў раслінаводстве — у адзінстве трох фактараў: якасці насення, захавання тэхналогіі вырошчвання культур і жадання чалавека дабіцца выдатнага выніку.
Віктар Пячкоўскі ў гэтым годзе стаў трэцім у спаборніцтве па гаспадарцы на адвозе збожжа ад камбайна. Яго вынік — без малога 2450 тон. Прыйшоўшы 9 гадоў таму ў агракамбінат вадзіцелем,
ён адразу трапіў на жніво і з гэтага часу з задавальненнем прымае ўдзел у гэтай вельмі адказнай сельскагаспадарчай кампаніі
Механізатар Аляксандр Грынаш на сёлетнім жніве на сваім “Лексіёне-580” паказаў трэці вынік па гаспадарцы. У наступным годзе споўніцца 40 гадоў, як ён працуе ў “Снове”, зрабіўшы перапынак толькі на час службы ў арміі. Сваю спецыяльнасць Аляксандр Аляксандравіч набыў у Клецкім ПТВ і не змяняе ёй па сённяшні дзень. Якое б заданне не атрымаў А. А. Грынаш — кіраўніцтва можа быць упэўнена, што ўсё будзе зроблена найлепшым чынам.
Вадзіцель Віталь Гілейша на сёлетнім жніве працаваў на камбайне “Лексіён-580” і стаў пераможцам спаборніцтва па гаспадарцы. Гэта ўборка для яго 9-я, і, як аказалася, вельмі ўдалая: работа спорылася, нават дажджы не перашкодзілі выйсці ў перадавікі. У іншы час года на сваім “МАЗ-6501” ён выконвае рэйсы як па гаспадарцы, так і ў Салігорск, Краснасельск і іншыя гарады.
Вадзіцель Руслан Гадун паказаў другі вынік па гаспадарцы, перавёзшы ад камбайна 2526 тон збожжа. За рулём аўтамабіля Руслан Вячаслававіч толькі чацвёрты год —
17 гадоў перад гэтым ён прысвяціў рабоце на Сноўскім мясакамбінаце, але ў пэўны момант вырашыў змяніць прафесію і не памыліўся: дарогі дораць яму новыя ўражанні, а работа на жніве — асаблівае маральнае задавальненне.
Механізатар Сяргей Вайняк сёлета на сваім “Лексіёне-760” заняў другое месца ў спаборніцтве сярод камбайнераў па гаспадарцы на ўборцы збожжавых. Зараз пачынае пераабсталёўваць камбайн для ўборкі кукурузы, а пасля вернецца да сваёй асноўнай машыны — пагрузчыка “Амкадор”, на якім будзе грузіць кармы на ферме. Гэта жніво для яго 20-е, і,на думку камбайнера, каб не прыпынкі з-за дажджоў, яго можна было б лічыць ідэальным.
Вадзіцель Артур Маскаленка ў гэтым годзе паказаў лепшы вынік на ўборцы збожжавых. Ён карэнны снаўчанін, які працуе ў “Снове” пасля заканчэня Дзяржынскага сельскагаспадарчага ліцэя ўжо
16 гадоў. Пачаўшы са старэнькага ГАЗ-53, зараз ён кіруе 40-тонным МАЗам з прычэпам, на якім, уласна, і стаў пераможцам сёлетняга жніва.
— Усе мае родныя — і бацька, і дзядзькі — былі звязаныя з тэхнікай, — гаворыць Артур. — З маленства бралі мяне з сабой у машыны, мне гэта падабалася, і я не ўяўляю сябе ні на якім іншым месцы. Дарога — гэта сапраўды маё!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Галоўнае фота: саламяная кампазіцыя СВК “Агракамбінат Сноў”.