Да работы ў сельскай гаспадарцы герой гэтага аповеду прывык з дзяцінства — дапамагаў на збожжатаку, у 14 стаў памочнікам камбайнёра і ў гэтай якасці правёў сем уборак. А чатыры гады таму сеў за штурвал камбайна сам. Яму даверылі “Джон Дзір”, якому сёлета ўжо 19 гадоў, але ва ўмелых руках маладого спецыяліста “немаладая” машына не толькі не падводзіць, але яшчэ і дазваляе выйсці ў пераможцы.
Дарэчы, маладым спецыялістам мой суразмоўца будзе яшчэ год — усяго пяць гадоў ён павінен адпрацаваць у гаспадарцы, з накіраваннем ад якой паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт пасля заканчэння СШ №1 г. Нясвіжа.
На пытанне, наколькі складанай было сёлетняе жніво, Радзівон Панкрат адказаў, што, сапраўды, яно была не самым простым — рабочы працэс затрымлівалі дажджы — аднак усё ўдалося ўбраць своечасова.
— Былі і палі з палегліцай, — адзначыў ён у нашай гутарцы, — але і на іх, і на тых, дзе збожжа стаяла роўна, мы хутка не рухаліся, каб убраць усё да апошняга зярнятка.
Цярпення і уважлівасці маладому камбайнеру не займаць, тым больш, што тэхніка, па яго ўласным прызнанні, падабалася яму з дзяцінства: разбірацца ў тым, як яна ўладкавана, як збіраецца і разбіраецца, заўсёды было яму цікавым. Таму і спецыяльнасць ён выбраў адпаведную: “Інжынер-механік”. І працуе па ёй з задавальненнем.
Сеўшы чатыры гады таму за штурвал камбайна, па яго ўласным прызнанні, мой суразмоўца крыху адчуў хваляванне: адна справа проста выконваць распараджэнні старэйшага таварыша, другая — самому несці адказнасць за машыну і станавіцца старэйшым па званні для свайго памочніка. Гэта ўжо, як кажуць, зусім другая гісторыя. Але і гэту гісторыю свайго жыцця малады чалавек піша прыгожа і дастойна, укладваючы ў працу на жніве ўсе свае веды і ўласцівы яму запал.
У астатні час года Радзівон Панкрат займаецца тым, што ён больш за ўсё любіць з дзяцінства: клопатам пра тэхніку, якая павінна працаваць на палетках гаспадаркі. Сочыць за яе своечасовым рамонтам і падрыхтоўкай да палявых работ, за тым, каб своечасова закупляліся і пастаўляліся неабходныя дэталі. У яго падначаленні — дзевяць слесараў і зваршчыкаў, працавітымі рукамі якіх даводзяцца да ладу сельскагаспадарчыя машыны.
За праведзены ў гаспадарцы час малады спецыяліст не толькі не расчараваўся ў выбранай прафесіі, але, наадварот, яшчэ больш упэўніўся ў правільнасці свайго выбару.
— Я адчуваю сябе на сваім месцы, і рады, што магу прыносіць карысць людзям, займаючыся тым, што мне падабаецца, — сказаў ён у завяршэнне нашай гутаркі.
І гэтаму можна толькі парадавацца.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.