Сёння свята вёскі пад назвай “Мы ўсе з далёкага дзяцінства” адбылося ў аграгарадку Карцэвічы. З вяскоўцамі яго раздзялілі кіраўнік справамі Нясвіжскага сельскага савета Алена Цвірка, галоўны спецыяліст па ідыялагічнай рабоце ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” Жанна Ратомская, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец.
Першай да вяскоўцаў з прывітальным словам звярнулася Алена Цвірка, якая павіншавала ўсіх са святам і пажадала вёсцы росквіту і шчаслівага сённяшняга і заўтрашняга дня.
Як адзначылі вядучыя свята, згодна з архіўнымі запісамі Карцэвічы вядомы з 1605 года як Карцова — сяло маёнтка Малева ў Навагрудскім ваяводстве. З 1921 па 1939 год знаходзілася ў складзе Польшчы, у Ланскай гміне Слуцкага павета. З 1940-га года — у складзе Баранавіцкай вобласці. І ўжо з 1954-га — у складзе Мінскай вобласці Нясвіжскага раёна.
Існуе паданне, што назва вёскі Карцэвічы пайшла з даўніх часоў, калі людзі вырашылі асесці на гэтым прыгожым месцы, багатым на звяроў, птушак, рыбу. Некалі на гэтым месцы рос густы вялізны лес. А калі яго карчавалі, то шмат карчоў заставалася. Восць і назва пайшла “Карцова”, а затым Карцэвічы.
А яшчэ існуе адна краязнаўчая згадка, што некалі князь Радзівіл вельмі любіў вялікія конныя паляванні ў парку Альба. І дзеля гэтага загадаў ссяліць сялянскія паселішчы падалей, каб не перашкаджалі паляванню. І нашы продкі былі сапраўдныя працаўнікі! Змаглі “вырабіць лес на пашню”. І так з’явілася вёска Карцэвічы — цяперашняя вуліца Савецкая. А вось ужо ў пачатку 60-х гадоў пачалося высяленне з хутароў. Напрыклад, вуліца Піянерская амаль уся была перанесена з хутара Грыдзева. Вельмі шмат цікавай інфармацыі пра вёску сабрана ў краязнаўчым музеі Карцэвіцкай школы.
Шчырымі апладысментамі на свяце віталі старэйшых жыхароў вёскі. Гэта 80-гадовыя юбіляры С.А. Вініцкая і В.А. Пуляк, 82 гады адзначыла Л.А. Капытка, 83 — Н.В. Хвіцько, 84 — А.П. Цвірко, 85 — В.Я. Сяржан, 86 — М.А. Целяховіч і А.К. Гаціла, 87 — А.А. Ігнатчык і В.А. Жураўская, 88 — М.П. Гаціла, 89 — В.С. Багдан.
Ад доўгажыхароў да аднавяскоўцаў звярнулася В.С Багдан, якой быў уручаны памятны падарунак ад Нясвіжскага райаграсэрвіса.
У мірны час у 1949-м годзе ў Карцэвічах быў створаны калгас імя Мічурына, а з 1951 года вёска ўвайшла ў склад калгаса “Радзіма”. Зараз яна ўваходзіць у ААТ “Нясвіжскі райаграсервіс”. Многія жыхары Карцэвіч з’яўляюцца працаўнікамі ААТ “Новае жыццё”.
Асобную старонку свята заняў успамін пра землякоў, якіх, на жаль, ужо няма разам з намі, але памяць пра іх жыве сярод жыхароў вёскі. Гэта адзіная ў нясвіжскім раёне на той час жанчына-вадзіцель, якая працавала на хлебнай машыне, Леаніда Усовіч, тры браты Жукоўскія — Аркадзь, палкоўнік, выкладчык Рыжскага ваеннага авіяцыйнага вучылішча, Сяргей, хірург на Стаўбцоўшчыне, Міхаіл, інжынер-будаўнік, г. Гродна, брыгадзір калгаса “Радзіма”, які неаднаразова быў ўзнагароджаны медалямі і граматамі БССР, Васіль Вальчык, настаўніца гісторыі, выдатнік адукацыі, узнагароджаная медалём Францыска Скарыны, Валянціна Хілько, прадпрымальнік, дырэктар сеткі аўтазаправак і кандытарскага цэха “Гном” Сяргей Крыўко.
Шмат ураджэнцаў і жыхароў Карцэвіч дасягнулі пэўных вышынь і сваіх мар. Але разам з тым, яны памятаюць і шануюць сваю вёсачку, сваю маленькую радзіму. Гэта заслужаны майстар-кандытар Беларусі Раіса Баркоўская, дырэктар дома-інтэрната, які 25 год адпрацаваў дырэктарам школы на Капыльшчыне, Віктар Гаціла, выкладчык Гомельскага педагагічнага ўніверсітэта Вячаслаў Капытка і яго сястра Таццяна — дырэктар беларускамоўнай гімназіі ў Гомелі, падпалкоўнік авіяцыі Міхаіл Драчан, падпалкоўнік Аляксандр Усовіч, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец, начальнік упраўлення каардынацыі службовай дзейнасці ўпраўлення па Мінскай вобласці дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Уладзімір Гіпчык, былы галоўны ўрач бальніцы ў Калодзішчах Васіль Грабоўскі, настаўніца, краязнаўца, вядучая і аўтар праграмы “Хвілінка Нясвіжазнаўства” на раённым радыё Наталля Плакса, перакладчык, пісьменнік Уладзімір Бруй.
У 1974 годзе ў вёсцы Карцэвічы адчыніла свае дзверы пабудаваная новая, прыгожая сярэдняя школа. Першым дырэктарам быў А.Ц. Яўзрэзаў. За гэты час са сцен Карцэвіцкай сярэдняй школы выйшла не адна сотня выдатных вучняў — дактароў, інжынераў, настаўнікаў. Дарэчы, менавіта вялікую колькасць настаўнікаў далі Карцэвічы нашай Беларусі. Гэта і дырэктары школ, і завучы, і выкладчыкі навучальных устаноў, і работнікі упраўлення адукацыі, спорце і турызме, і выхавацелі дзіцячых садкоў. Амаль у кожнай хаце ёсць нехта, хто звязаў сваё жыццё з адукацыяй. Таму асобна былі ўшанаваныя былыя настаўнікі-пенсіянеры, якія аддалі працы ў мясцовай школе сваё жыццё і сваё здароўе, выхавалі не адно пакаленне. І былыя вучні школы заўжды з цеплынёй і павагай ўспамінаюсць настаўніцу хіміі, былога дырэктара школы Н.Я. Бруй, настаўніцу роднай мовы і літаратуры Н.В. Плакса, настаўніцу гісторыі, былога завуча школы С.Г. Вальчык, настаўніка замежнай мовы У.Дз. Бруя, настаўніка фізкультуры М.А. Ладзята, настаўніка фізікі і таксама былога дырэктара А.І. Сідаровіча, настаўніцу пачатковых класаў Л.В. Гаціла.
Ад імя былых настаўнікаў да аднавяскоўцаў звярнулася паважаная жыхарка Карцэвіч, былы завуч Карцэвіцкай школы С.Г. Вальчык.
Школа не можа існаваць без дзяцей, таму самыя найлепшыя віншаванні ў гэты святочны дзень былі выказаны ўсім матулям Карцэвіч, асабліва шматдзетным, дзякуючы якім і сёння вёска поўніцца дзіцячымі галасамі і звонкім смехам. Гэта сем’і Васіля і Алены Гегеня, Аляксандра Драчан і Марыны Арцюх, Кірыла і Людмілы Буглак, Івана і Ганны Мовчан, Міхаіла і Аляксандры Цыркіных, Яўгенія і Кацярыны Клаўсюк, Дмітрыя і Вольгі Мачула, Валерыя і Аксаны Станчык, Юрыя і Анастасіі Цівунчык, Анастасіі і Арцёма Бяловых, Аляксандры і Юрыя Чарненка, Ганны і Андрэя Зубаравых.
Асобна былі ўшанаваныя сем’і, якія крочаць па жыцці больш за 25 год і за 40 год. 50 і больш гадоў разам сем’і Бруй, Ладзята, Вініцкіх, Санько. Самая маладая сям’я вёскі, якая заключыла свой шлюб зусім нядаўна, — сям’я Тамары і Андрэя Калдомавых.
Цёплыя словы віншаванняў былі таксама адрасаваныя вяскоўцам, якія адзначаюць сёлета свае юбілеі — ад 5 да 85 гадоў. 85-гадовы юбіляр — Вольга Якаўлеўна Сержан.
На свяце віталі і новых жыхароў Карцэвіч — сем’і Каваленка, Кабылінскіх, Буглак, Бяловых, Дзімітрычэнка, Чарненка, — і самых маленькіх жыхароў вёскі Карцэвічы — Арсенія Бандзіка, Арсенія Бялова, Васілісу Гегеню.
На свяце вёскі таксама былі адзначаны лепшыя гаспадары, чые намаганні радуюць вока аднавяскоўцам і заезджым гасцям. Пераможцам конкурсу “Двор узорнага парадку” стала Галіна Пятроўна Цвірка.
Славіцца вёска і сваімі народнымі ўмельцамі і кулінарамі. Неаднаразова, падчас выстаў, радавалі сваімі вырабамі — вязаннем, вышываннем, пляценнем кручком мясцовыя майстрыхі Л.А. Капытка, С.Г. Вальчык, В.А. Пуляк, Г.П. Цвірко. А А.І. Жураўскай і Т.Ю. Гаціла любую страву прыгатуюць не горш самага тытулаванага шэф-повара. Усе ведаюць і майстроў на усе рукі, мясцовых плотнікаў Юрыя Крыўко і Аляксандра Гаціла. Сёння карцоўцы ганарацца і сваім земляком У.Дз. Бруем, які выдаў ўжо некалькі сваіх кніг — зборнікаў апавяданняў і раманаў.
Ды і артысты выдатныя ёсць у Карцэвічах! Амаль ва ўсіх канцэртных праграмах шмат год прымалі удзел і ўздымалі настрой мясцовыя таленты Станіслава Вальчык, Алена Гесь, Вікторыя Гадун, Алена Сяргей, Святлана Ермаковіч, Маргарыта Маслава, Таццяна Гаціла, Ганна Зубарава, Кацярын Молчан, Анастасія Куніцына, Галіна Молчан.
Свята вёскі адшумела і адспявала, але ў душах вяскоўцаў яно застаецца назаўсёды, як і сама вёска — наш пачатак, нашы карані. І няхай яна яшчэ доўга-доўга сілкуе нашы душы пахам бэзу каля бацькоўскага парога і цеплынёй роднай зямлі.
Лілія ІВАНЕНКА.