Наведвальнікі аддзяленняў забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Нясвіжскага РТЦСАН вырашылі дапамагчы мнагадзетным сем’ям сабраць у школу розныя прыналежнасці.
Адгукнуліся нераўнадушныя людзі і пачалі прыносіць каляровыя алоўкі, сшыткі, альбомы для малявання, рознакаляровую паперу, ручкі, набор чарцёжных інструментаў, вокладкі, пластылін. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі І. Кузьміна, А. Скарабагаты, Г. Ярмалінская, Л. Мартыненка і іншыя. І за некалькі дзён да навучальнага года ў аддзяленне прыйшлі дзеці з бацькамі для ўручэння падарункаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы, з шарыкамі, дзеці атрымалі школьныя прыналежнасці з рук валанцёраў І. Кіпець і Г. Шапавалавай, якія, дарэчы, чыталі юным наведвальнікам “Бабуліны казкі”. Такі праект дзейнічае даўно і карыстаецца ў слухачоў поспехам.
Мамы вучняў Саміры, Цімура і Адэліны, Жэні, Косці шчыра дзякавалі за дапамогу і былі прыемна ўражаны. Усіх віноўнікаў урачыстасці цёпла вітала спецыяліст аддзялення Д. Іваноўская.
Раіса ХВІР, г. Нясвіж.