Бібліятэкар 1 катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Шчарбакова — адзін з самых адданых і вопытных работнікаў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, дзе яна працуе з 1998 года.
Яна вырасла ў простай рабочай сям’і, дзе мама працавала мулярам на будоўлі, а бацька быў выдатным токарам. Гераіня гэтага аповеду ўзгадвае, што яе маці, якая ў свой час марыла аб добрай адукацыі, але па аб’ектыўных прычынах не змагла яе набыць, вельмі перажывала за вучобу дачкі.
— Помню, мама толькі прыйдзе з работы і ўжо стаіць каля мяне, правярае, ці добра я зрабіла ўрокі, — узгадвае Валянціна Васільеўна. — Яна вельмі хацела, каб я атрымала вышэйшую адукацыю.
І Валянціна не падвяла: пасля заканчэння Нясвіжскага педвучылішча адвучылася яшчэ на факультэце філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, затым — у інстытуце культуры Беларусі.
Нядоўга папрацаваўшы па першай спецыяльнасці ў адной з пачатковых школ Лагойскага раёна, па сямейных абставінах яна вярнулася ў Нясвіж, дзе работу ёй змаглі прапанаваць толькі ў бібліятэцы. І, як аказалася, гэта прапанова стала лёсавызначальнай, таму што ў хуткім часе Валянціну Шчарбакову нельга было ўявіць без бібліятэкі, а бібліятэку — без яе.
Валянціна Васільеўна пачала рабіць усё магчымае, каб храм кнігі стаў месцам прыцягнення для розных людзей — як па ўзросце, так і па інтарэсах і талентах.
У 2000 годзе яна стварыла гасцёўню “Ясь і Яніна”, у 2004-м — клуб духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, у 2006-м — раённае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Валошкі”, у 2016-м — сямейны клуб “Згода”.
Дзякуючы Валянціне Шчарбаковай бібліятэка стала і цэнтрам духоўнага выхавання моладзі. Яна з’яўляецца аўтарам комплексна-мэтавай праграмы дзейнасці і каардынатарам духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, якім кіруе благачынны Нясвіжскага благачыння протаіерэй Аляксандр Данчанка, аўтарам тэкстаў серыі буклетаў “Сустрэчы” (пра святароў Нясвіжскага благачыння і прыхаджан храмаў Нясвіжчыны) і “Парады з вуснаў несвіжан” (пра цікавых людзей Нясвіжчыны), аўтарам і кіраўніком сумеснага праекта “Узыходжанне” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і Слуцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. У рамках гэтага праекта вядзецца духоўна-асветніцкая работа сярод моладзі і прадстаўнікоў старэйшага пакалення несвіжан, арганізоўваюцца праваслаўныя лекторыі, канферэнцыі па асабліва актуальных пытаннях сучаснасці з удзелам святароў, выязныя канферэнцыі для педагогаў раёна з мэтай азнаямлення з вопытам работы ў галіне духоўнай асветы ўстаноў адукацыі і духоўна-асветніцкіх цэнтраў Беларусі, знаёмства з гісторыяй беларускіх храмаў і манастыроў.
В. В. Шчарбакова можа па праве ганарыцца і тым, што з’яўляецца ўкладальнікам кніг “Пастыр добры зямлі Нясвіжскай”, “Нясвіжчыны духоўныя крыніцы” і іншых выданняў.
— Калі ты атрымліваеш асалоду ад таго, што робіш, — упэўнена Валянціна Васільеўна, — і вакол цябе шмат цудоўных людзей, якія прыходзяць на дапамогу ў рэалізацыі сумесных праектаў, то ўсё атрымліваецца. Разам мы зможам многае.
І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.