У спадчыну мы можам атрымаць многае. Хтосьці падумае адразу пра матэрыяльныя каштоўнасці, хтосьці — пра пэўныя рысы характару ці знешнасці. А што, калі я скажу, што ведаю людзей, якія атрымалі ў спадчыну прафесію? Ужо трэцяе пакаленне сям’і Зянько працуе ў ААТ “17 Верасня”. І працуюць яны шчыра, з душою, на вынік!
Ігар Іванавіч Зянько працуе ў гаспадарцы з 1984 года — ужо больш за 40 гадоў. Прыйшоў ён сюды амаль адразу пасля арміі, а прафесію абраў яшчэ падчас вучобы ў школе.
— Усё пачалося ад майго бацькі, зразумела, — кажа вадзіцель. — Усё жыццё ён працаваў тут, калі “17 Верасня” яшчэ калгасам было. Працаваў трактарыстам і мяне часта браў на працу. Асабліва мне запомніліся тыя моманты, калі малым з бацькам у кабіне ездзіў, аралі разам ці сеялі. Хіба шмат дзіцяці для шчасця трэба?! Бачыце, колькі гадоў прайшло, ужо і сам дзедам не раз стаў, а ўспаміны яшчэ жывыя і яскравыя, быццам учора ўсё было. Шчыра кажучы, я і кіраваць трактарам навучыўся яшчэ ў школьныя часы. Нельга сказаць, што надта задумваўся над выбарам прафесіі: неяк усё відавочна для мяне было. Ведаў, што хачу застацца тут, на малой радзіме. Ды і сялянскую працу добра ведаў з самага дзяцінства. Жыццё ж у вёсцы не надта простае. Людзі майго пакалення, я ўпэўнены, да сённяшняга часу памятаюць і праполку буракоў у калгасе, і копку бульбы, і нарыхтоўку сена… Было няпроста, але да фізічнай працы мы былі прывычныя з самага дзяцінства. Усе так жылі, усе бацькам дапамагалі. І я лічу, што так і павінна быць.
Добра ведаюць сутнасць сялянскай працы і сыны Ігара Іванавіча — Дзмітрый і Мікалай. Абодва яны ў свой час скончылі Клецкі СПЛ і пайшлі па бацькавых сцяжынках.
Мікалай пачаў працаваць у ААТ “17 Верасня” адразу пасля заканчэння навучальнай установы, тут, дарэчы, у яго праходзіла і практыка.
— Зразумела, натхніўся я прыкладам бацькі, — разважае Мікалай. — А як можа быць інакш, калі перад вачыма сапраўды станоўчы прыклад. У нас, мабыць, гэта сапраўды сямейная справа — быць вадзіцелямі. Работы хапае ўвесь год, але самая гарачая пара, безумоўна, жніво. Усе яго ўдзельнікі выконваюць свае функцыі і ўвесь сакрэт поспеху як раз у тым, каб кожны іх выконваў добрасумленна. Безумоўна, і з асабістым часам у такую пару не лічышся: збожжа з поля трэба ўбраць своечасова. Але гэта напружанне не стамляе, наадварот, з’яўляецца пэўны запал. Хто ніколі не ўдзельнічаў у жніве, наўрад ці пойме, што я гэтым хачу сказаць. Але той, хто ведае пах цёплай збажыны, хто праводзіць увесь дзень на залітых сонцам спякотных палетках — ведае, аб чым я. Мы — сельскія простыя людзі, любоў да гэтай працы, да зямлі — яна ж нам ад продкаў у спадчыну засталася.
Дзмітрый — старэйшы сын Ігара Іванавіча — таксама ў гаспадарцы ўжо даўно, праўда, з перапынкам.
— Так склалася ў жыцці, што трэба было пакінуць гаспадарку і пайсці на другую работу, — кажа ён. — Але вярнуўся, быццам паклікала штосьці назад. Хоць і прыходзіцца ездзіць з Нясвіжа, але я не скарджуся. Мне падабаецца тут працаваць. Безумоўна, вадзіцель без работы нідзе не застанецца. Але тут я працую побач з бацькам і братам, я ведаю людзей. А гэта на многае ўплывае. Увогуле, у рабоце вадзіцеля ёсць пэўная рамантыка. Дарога супакойвае, дае магчымасць падумаць, паразважаць. Аднак і ўважлівасць патрэбна, і адказнасць. Але скажу так, прафесія гэта не для ўсіх. Яе пойме толькі той, у каго душа ляжыць да такой работы.
Ігар Іванавіч вельмі ганарыцца сынамі, а яны — сваім бацькам. Вадзіцелі з сям’і Зянько заўсёды на добрым рахунку ў кіраўніцтва, неаднойчы атрымлівалі ўзнагароды рознага ўзроўню. І гэта нядзіўна, бо ў іх сям’і пакаленнямі захоўваецца сапраўдны сакрэт поспеху.
— “Працуй так, каб самому за сябе сорамна не было” — так казаў мне калісьці бацька. І я памятаю тыя словы па сённяшні дзень. І сынам сваім так гаварыў. У гэтым і ёсць наш сямейны сакрэт. У такіх простых і зразумелых словах. А яшчэ справу сваю трэба любіць, з душою да яе падыходзіць, тады і работа ў радасць будзе, — лічыць Ігар Зянько.
Галоўнае фота: (злева направа) Мікалай Зянько, Ігар Іванавіч Зянько, Дзмітрый Зянько.