У мастацкай галерэі “МАРА” адкрылася выстава “Гармонія цішыні” знакамітага беларускага мастака Аляксандра Дзямідава.
Падчас знаёмства з яго жыццём і палотнамі ўзнікае адчуванне, што нездарма такое асаблівае месца ў творчасці аўтара выставы займае вобраз сланечніка — сімвала ўсіх кветак, бо ён і сам стаў свайго роду незвычайнай “кветкай” у сваёй сям’і, ніхто з якой нават блізка не быў звязаны з мастацтвам — ні з выяўленчым, ні з якім іншым. А вось маленькі Саша бясконца спрабаваў вылепіць нешта з пластыліну ці размаляваць тое, да чаго мог дацягнуцца. І вось аднойчы пасля распісаннага хімічным алоўкам падваконніка бацькі вырашылі накіраваць яго творчую энергію ў “мірнае рэчышча” і аддалі ў студыю выяўленчага мастацтва, якой кіраваў вядомы беларускі мастак Васіль Сумараў. І гэта аказалася вельмі мудрым рашэннем, таму што ў кватэры ўсталяваўся адносны спакой, а мастацкая плынь Беларусі атрымала яшчэ аднаго выдатнага прадстаўніка.

Падчас адкрыцця выставы
Творчасцю, дарэчы, быў прапітаны і сам той раён Мінска, дзе нарадзіўся і вырас герой гэтага аповеду: на суседніх вуліцах размяшчаліся мастацкі камбінат, Дом мастака, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Побач знаходзіўся і сквер, дзе часта адпачывалі мастакі.
— Я нібыта аказаўся ў цэнтры творчага трохкутніка, — так з усмешкай гаворыць пра сябе сам Аляксандр Дзямідаў. — І ўся гэтая натхнёная, стваральная абстаноўка як быццам прадвызначыла мой лёс.
І сапраўды, выяўленчай студыяй Сумарава справа не абмежавалася. Далей было Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, а пасля яго — і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які падчас вучобы там маладога мастака стаў называцца Беларускай акадэміяй мастацтваў.
Па словах Аляксандра Дзямідава, і ў вучылішчы, і ў інстытуце яму вельмі пашанцавала з педагогамі, сярод якіх былі карыфеі беларускага жывапісу. Аднак, узяўшы ад іх выдатную прафесійную падрыхтоўку, ён не стаў падобным ні на аднаго з іх.
— Я — прыхільнік класічнага пісьма алейнымі фарбамі, — адзначыў мастак у нашай гутарцы. — Малюнак, дакладна вывераная кампазіцыя, паслядоўнасць слаёў — усё гэта абсалютна старадаўняя гісторыя, вядомая з ХІХ стагоддзя. Але вобразы, якія я ствараю гэтым правераным часам спосабам, — гэта вобразы сучасныя, сённяшнія. І самі фарбы, вядома, сучасныя. Але ў аснове ўсяго — класічная традыцыя. Для мяне галоўнае не быць вынаходнікам у манеры пісьма, а стварыць свой свет — фантазійны, летуценны, у якім камфортна ў першую чаргу мне.
Што да вобразаў, створаных мастаком, то яны сапраўды незвычайныя: рыбы, кветкі, каты, дамы, ліхтары, браты і сёстры — усе яны здаюцца аднолькавы адушаўлёнымі, без розніцы, прадмет гэта або чалавек. Нават выява аднаго з яго знакамітых сланечнікаў, якія з’яўляюцца далёка не ў адной карціне, называецца “Партрэт. Вялікая кветка”. І гэта прымушае задумацца аб тым, што ўвесь свет вакол нас — жывы. Кожная яго часцінка тоіць свае думкі і пачуцці, кожная чакае ўвагі і разумення ад чалавека.
Дарэчы, работы з выявай сланечніка, выкананыя ў розных адценнях жоўтага, адразу адсылаюць да творчасці Ван Гога. Аказваецца, гэты цыкл карцін быў напісаны да 130-годдзя з дня смерці вядомага нідэрландскага мастака.
Вобразы Аляксандра Дзямідава нельга зблытаць ні з якімі іншымі: сваёй мяккасцю і акругласцю форм, святлом, якое часта ад іх зыходзіць, яны нібы выдаюць падсвядомае жаданне іх аўтара зрабіць мастацтва пазітыўным, добрым, мяккім, тым, што супакойвае, ахутвае цеплынёй, пазбягае вострых вуглоў і запрашае да роздуму.
— Я — мастак яскравых фарбаў, але неяскравых, неадкрытых эмоцый, — прызнаецца Аляксандр Міхайлавіч. — Галоўнае, каб карціна кантактавала з гледачом і ўпускала яго ў свой свет.
І гэта сапраўды так. У работах мастака заўважаецца прысутнасць казкі і чараўніцтва, якія адчуваюць нават дарослыя і на хвіліну-другую ўзгадваюць, як гэта — быць дзіцем, для якога ўвесь свет — добры, а ўсе людзі — сябры.
Дарэчы, Аляксандр Дзямідаў не малюе з натуры і надае сваім героям — як людзям, так і жывёлам —тыя колеры, што яму падабаюцца. І гледзячы на яго карціны, выстаўленыя ў “МАРЫ”, можна падумаць, што жоўты — любімы колер мастака. Але гэта не так.
— Для мяне няма непрыгожых ці нелюбімых колераў, — дзеліцца разважаннямі аўтар выставы. — Быў перыяд, калі я выкарыстоўваў шмат шэрых, попельных, ізумрудных адценняў, затым — бела-жоўта-лімонных, было і захапленне чырвоным. Гэта змяняецца, як змяняецца і душэўны стан чалавека. Галоўнае — знайсці прыгожую колеравую гармонію і не прынцыпова, якім колерам яна дасягаецца. Я лічу, што мастацтва заўсёды недасказанае, гледачы самі дадумваюць і даігрываюць твор. І ён пачынае жыць сваім жыццём, і ўжо мастак у нейкі момант сам становіцца гледачом.
Зараз Аляксандр Дзямідаў працуе над серыяй нацюрмортаў, у якіх плод і кветка — адно цэлае. Некаторыя з іх ужо прадстаўлены на выставе ў “МАРЫ” і, мяркуючы па ўсім, мастаку яшчэ будзе чым нас здзівіць.
Яго карціны знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Raiffeisen Bank (Расія), ААТ “Прыёрбанк” (Беларусь), фондах мастацкіх галерэй Беларусі і Літвы, а таксама ў прыватных калекцыях у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Бельгіі, Аўстрыі.
Да 21 верасня выставу Аляксандра Дзямідава “Гармонія цішыні” змогуць убачыць і наведвальнікі “МАРЫ”.
Не прапусціце!

“Партрэт. Вялікая кветка”

“Нацюрморт з чартапалохам”

“Дзень нараджэння”

“Ветраны дзень. Малодшы брат”

“Раўнавага”
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Галоўнае фото: мастака Аляксандра Дзямідава прадстаўляе дырэктар галерэі “МАРА” Ларыса Бортнік.