Трапіўшы ў выніку захопніцкай вайны з палякамі і ганебнага Рыжскага дагавору 1921 года пад уладу панскай Польшчы, заходнія беларусы не змірыліся з гэтым. Яны вялі падпольную барацьбу супраць паланізацыі, знішчэння беларускай нацыянальнасці, супраць прыгнёту і зняваг. Актывісты-падпольшчыкі пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі расказвалі людзям пра будаўніцтва сацыялістычнага грамадства ў Савецкай Беларусі, пра сутнасць новага ладу жыцця — без буржуяў і паноў, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі, да нацыянальнага вызвалення.
Адным з такіх актывістаў быў Іван Ігнатавіч Ціхон з вёскі Вялікая Быхаўшчына. Сялянскі сын, ён з дзяцінства спаўна спазнаў цяжкую працу пад польскім прыгнётам, грэблівыя адносіны паноў да беларусаў. І стаў на бок змагароў за волю і свабоду. Збіраючы сродкі ў дапамогу бяднейшым вучням Клецкай беларускай гімназіі, ён пасябраваў з камсамольцамі гімназіі. У 1925 годзе сам уступіў у члены Камуністычнага Саюза Моладзі Заходняй Беларусі. Уплыў гімназістаў быў вялікі, і Іван Ціхон упэўніўся ў сваім правільным выбары шляху. У 1927 годзе, у 21-гадовым узросце, ён стаў членам КПЗБ. Меў падпольную клічку Пятроўскі. І калі спачатку яго рэвалюцыйная дзейнасць ішла ў клецкай зоне Нясвіжскага павета, то пазней юнаку парэкамендавалі перайсці ў нясвіжскую зону. Ён працаваў на сыраварні ў маёнтку Труханы ў вёсцы Каменка, а ў свабодны час сустракаўся з жыхарамі, дастаўляў ім рэвалюцыйную літаратуру, садзейнічаў стварэнню партыйных ячэек у Еськавічах, Малеве, Казлах, Аношках, Долкіндах. Камуністычную літаратуру з канспіратыўных кватэр распаўсюджвалі падпольшчыкі Аляксей Вініцкі, Іосіф Скрыба, браты Антон і Лукаш Капыткі.
У другой палавіне 1933 года Іван Ціхон стаў сакратаром Клецкага падпольнага райкама КПЗБ, замяніўшы Пятра Гінюка. У архівах захавалася справаздача навагрудскага ваяводы ад 31 снежня 1933 г. У ёй гаварылася: “…На тэрыторыі Нясвіжскага павета дзейнічаў Клецкі РК КПЗБ:
— сакратар па імені Іван, пражывае каля г. Клецка…”
Прозвішча не ўказвалася, але паліцыі яно было вядома, бо гэты партыйны актывіст ужо быў пад яе наглядам. Яшчэ 10 красавіка таго ж 1933 года ў навагрудскую ваяводскую паліцыю паступіла данясенне (захавана арфаграфія арыгінала):
“Ціхан Іван, жыве ў в. Вялікая Быхаўшчына, з’яўляецца раённым тэхнікам Клецкага РК КПЗБ. Упамянуты гэтымі днямі атрымаў ад Аляксандра Раула першамайскую літаратуру з мэтай раздачы ячэйкам для распаўсюджвання ў дзень Першага мая 1933 года. У ноч на 1 мая ўпамянуты мае намер распаўсюджваць літаратуру ў г. Нясвіжы, але хто яму будзе памагаць, пакуль невядома. Апісанне знешнасці Ціхана Івана: сярэдні рост, брунет, нос гарбаты, каўнер буры, шапка шартовая. Ціхан казаў, што ў 27-м палку ўланаў ёсць вахмістр, які належыць да партыі, яны павінны былі звязацца, але ёсць пэўныя цяжкасці. Ціхан нібыта быў тэхнікам Сіняўскага РК КПЗБ, дзе, як хваліўся сам, добра працаваў, а пасля пераводу яго ў Клецк не ведае, як пойдзе работа, бо не ведае тутэйшых членаў. Папярэджваў, што ў вёсцы Вялікая Быхаўшчына ёсць правакатар, якога пабілі на Каляды праваслаўныя на вечарынцы ў в. Гарбуноўшчына…” (з кнігі “Памяць. Клецкі раён”).
Напярэдадні 1 мая 1933 г. падпольныя лістоўкі актывісты разнеслі па вёсках усёй акругі. У Снове нават на паліцэйскім пастарунку змаглі наклеіць пракламацыі і вывесіць чырвоны сцяг. За гэта Навагрудскі акружны суд 18 снежня 1933 г. прыгаварыў Івана Ціхона да чатырох гадоў турэмнага зняволення з пазбаўленнем грамадзянскіх правоў на пяць гадоў. Апеляцыйны суд у Вільні 2 сакавіка 1934 г. скараціў тэрмін зняволення да двух гадоў.
У 1938-м Івана Ігнатавіча арыштавалі зноў, адправілі ў канцлагер Картуз-Бяроза. Вызваліла яго з польскай няволі Чырвоная Армія. Гэта адбылося 17 верасня 1939 года.
Вось такім былі жыццё і барацьба заходнебеларускіх падпольшчыкаў. У акружэнні аднадумцаў і правакатараў, шчырых барацьбітоў за годнасць беларускага народа і здраднікаў, адкрытых ворагаў. Уз’яднанне беларускіх зямель называлі святлом з усходу, бо яно не толькі злучыла рассечаныя часткі тэрыторыі Беларусі, яно прынесла нашаму народу ўпэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць развівацца.
Іван Ціхон сваё далейшае жыццё прысвяціў аднаўленню савецкай улады на нашых землях, барацьбе з бандытызмам, арганізацыі сельгас- арцелей. Ён служыў у Нясвіжскім раённым аддзеле Міністэрства ўнутраных спраў, за ліквідацыю небяспечнага злачынцы быў узнагароджаны Міністэрствам унутраных спраў СССР. У 1946-1947 гадах працаваў старшынёй выканкама Карцэвіцкага сельсавета. У 1949-1950 гадах арганізоўваў калгас “Чырвоны партызан” і ўзначальваў яго. У 1950 — 1953 гг. з’яўляўся ўчастковым упаўнаважаным раённага аддзела МУС. У больш сталым узросце Іван Ігнатавіч Ціхон працаваў загадчыкам жывёлагадоўчай фермы калгаса імя Леніна, цэнтрам якога з’яўлялася яго родная вёска Вялікая Быхаўшчына.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.