У часу свая памяць — гісторыя, і таму мы ніколі не павінны забываць пра трагедыі, якія суправаджалі розныя этапы існавання нашых родных мясцін. У кожнай сям’і захоўваюць памяць аб бацьках, дзядах, прадзедах, якія абаранялі нашу Радзіму ў гады ваеннага ліхалецця.
Куды б я ні ішла, ні ехала, я спыняюся ля мемарыяльнай дошкі на будынку чыгуначнага вакзала г. п. Гарадзея. Яна была ўстаноўлена ў памяць аб чыгуначніках-падпольшчыках, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
Нялёгкую школу падпольнай барацьбы прайшлі Аляксандр Мацвеевіч Скачко, Іван Дзмітрыевіч Саракавік, Мікалай Паўлавіч Тараповіч, Іван Іосіфавіч Борыс, Мікалай Казей, Нікіфар Цвірко, Анатоль Гаціцкі.
У 1921 — 1939 гадах Гарадзея знаходзілася ў складзе Польшчы. Уладарства буржуазнай Польшчы не спадабалася сапраўдным патрыётам Беларусі. Ва ўмовах рэжыму, усталяванага на нашай тэрыторыі польскімі ўладамі, патрыёты не завагаліся, не ўпалі ў роспач, не схілілі галовы перад чужынцамі. Яны верылі, што правая справа пераможа, настане радасны дзень вызвалення.
У 1928 годзе ў Гарадзеі была створана падпольная арганізацыя. Узначаліў яе мясцовы жыхар Аляксандр Скачко. Ён нарадзіўся ў 1902 годзе ў мястэчку Гарадзея, у сям’і сялян. Са слоў сваякоў, быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў на флоце. Пазней стаў марскім лётчыкам. Далей ваяваў супраць белагвардзейцаў на Каспійскім моры.
У 1928 годзе Аляксандр Мацвеевіч вярнуўся дадому ў мястэчка Гарадзея. Тут ён уступіў у шэрагі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, ажаніўся, уладкаваўся працаваць шафёрам. Разам з жонкай Соф’яй Іосіфаўнай Скачко выхоўваў сваіх дачок Яніну, Марыю і Нэлі. Аляксандр Мацвеевіч быў культурным, сумленным, працавітым, адказным чалавекам, адданым сваёй Радзіме, свайму народу. Ён не баяўся цяжкасцей, ніколі не прымаў паспешных рашэнняў. За гэта яго паважалі мясцовыя жыхары.
Выязджаючы ў далёкія і кароткія рэйсы па краіне, Аляксандр Мацвеевіч збіраў каштоўную сакрэтную інфармацыю. Разам са сваімі таварышамі па падполлі, з вялікай рызыкай для жыцця, ён распаўсюджваў палітычную літаратуру, улёткі, звароты да насельніцтва. Падпольшчыкі заклікалі мясцовае насельніцтва і жыхароў іншых населеных пунктаў да рэвалюцыйных дзеянняў, збіралі зброю.
Паліцаям удалося арыштаваць патрыётаў, бо сярод іх знайшоўся здраднік. Іх пасадзілі ў турму і падверглі жорсткім катаванням.
З успамінаў падпольшчыкаў мы даведаліся, што ўсіх дванаццаць арыштаваных змясцілі ў цесную камеру з трыма голымі ложкамі. На іх падпольшчыкі спалі па чарзе. Над імі жорстка здзекаваліся: у засценках укладвалі на лаўку, накідвалі на галаву світу (традыцыйнае ўсходне-славянскае доўгае верхняе адзенне з даматканага сукна, якое насілі мужчыны і жанчыны) і білі па пятках гумовымі дубінкамі. Яшчэ ім заціскалі пальцы ў дзверы, заганялі іголкі пад пазногці. Але ніякімі катаваннямі каты не змаглі пахіснуць стойкасць мужных герояў. Яны годна вытрымалі выпрабаванні, якія выпалі на іх долю.
Захаваўся перадсмяротны ліст 22-гадовага Івана Саракавіка сваім бацькам, напісаны за дзве гадзіны да пакарання. Доўгія гады гэты ліст беражліва захоўвала яго сястра Марыя Дзмітрыеўна Гуцько. Нельга заставацца абыякавым да зместу ліста, у якім герой, ідучы на смерць, так кранальна развітваецца са сваімі блізкімі.
“Дарагія мае! Я буду смела ісці на смерць, бо я нічога нікому дрэннага не зрабіў. Я хацеў толькі, каб было шчаслівым жыццё, каб можна было вучыцца. Вось завошта і патрапіў на шыбеніцу. Не плачце па мне. Я веру, прыйдзе час — і ў наш край загляне сонца свабоды. А зараз бывайце, бывайце, бывайце… Моцна цалую вас усіх, усіх. Ваш сын Іван”.
Прысуд быў строгі. Сямёра з арыштаваных — Аляксандр Мацвеевіч Скачко, Іван Дзмітрыевіч Саракавік, Мікалай Паўлавіч Тараповіч, Іван Іосіфавіч Борыс, Мікалай Казей, Нікіфар Цвірко, Анатоль Гаціцкі — былі павешаны ў Баранавіцкай турме 28 лістапада 1931 года. А праз год — 19 ліпеня 1932 года — Навагрудскім акруговым судом былі асуджаныя на 10 — 12 гадоў катаргі Канстанцін Філіпавіч Кудзін, Андрэй Давыдавіч Нячай, Пётр Аляксандравіч Паліёніс, Мікалай Мікалаевіч Гаціцкі.
Арышты, тэрор, запалохванне не змаглі поўнасцю зламаць супраціўленне мясцовага насельніцтва. Гарадзейцы працягвалі змагацца за лепшае жыццё. Яны сталі актывістамі пры станаўленні савецкай улады, адважна ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Я ганаруся сваімі сваякамі-падпольшчыкамі Аляксандрам Мацвеевічам Скачко, Уладзімірам Мацвеевічам Скачко. Апошні да таго ж быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
У нашым родзе быў яшчэ адзін удзельнік Вялікай Айчыннай вайны — Міхаіл Васільевіч Скачко, які за свае баявыя заслугі быў узнагароджаны Ордэнам Славы III ступені.
Сябры сям’і Аляксандра Мацвеевіча доўгія гады шукалі ў дзяржаўных архівах інфармацыю аб сваім бацьку і аб месцы пахавання ўсіх герояў-падпольшчыкаў. У гэтым пошуку ім актыўна дапамагаў мой бацька, Барыс Канстанцінавіч Скачко. Родныя даведаліся, што пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1957 годзе Соф’і Іосіфаўне Скачко была прызначана персанальная пенсія мясцовага значэння, а крыху пазней яна стала атрымліваць пенсію рэспубліканскага значэння. Падставай для назначэння персанальнай пенсіі паслужыла даведка з архіва МЗС СССР.
Стараннямі Яніны Аляксандраўны Ялтыкавай (дачкі Аляксандра Мацвеевіча Скачко) устанавілі мемарыяльную дошку з імёнамі падпольшчыкаў на будынку чыгуначнага вакзала г.п. Гарадзея.
Заклікаю маіх любімых землякоў, найперш жыхароў г.п. Гарадзея, не праходзіць абыякава міма памятнага знака, а спыніцца перад ім і задумацца аб велічы чалавечага і грамадзянскага подзвігу, аддаць даніну павагі памяці тым, хто змагаўся за нашу будучыню.
Святлана ДРАННІКАВА,
жыхарка г. п. Гарадзея.