Паштальён Нясвіжскага раённага ўчастка паштовай сувязі Жанна Хамякова нарадзілася і вырасла ва Украіне, аднак пасля чарнобыльскай аварыі пераехала з маці і сястрой ў Мінск, затым па сямейных абставінах — у вёску Сейлавічы нашага раёна. Тут сустрэла свой лёс, набыла ўласны дом.
Свой прыход на работу на пошту мая суразмоўца помніць, нібыта гэта было ўчора.
— 29 верасня 2006 года я пачала працаваць на нясвіжскай пошце, — узгадвае яна. — Хутка будзе 19 гадоў, як я тут. Спачатку абслугоўвала раён Дружбы, а праз год перайшла на цэнтр горада. Зараз у мяне вуліцы Савецкая, Ракасоўскага, 1 Мая, К. Лібкнехта, Касманаўтаў, Скарыны, Каперніка, Зялёная, Якуба Коласа разам з аднайменным завулкам, Дзяржынскага, Заслонава, Касманаўтаў, Гагарына, Суворава, В. Харужай, завулак Завадскі, Лугавая, Піянерская, Чкалава.
Штодзень Жанна Яўгенаўна пераадольвае маршрут даўжынёй каля 30 км. З сабой вязе падпісныя выданні — газеты і часопісы, лісты і пасылкі вагой да 2 кілаграмаў, заказаныя з дастаўкай. За іншымі пасылкамі кліенты прыходзяць на пошту самі.
Кожную раніцу, акрамя нядзелі і панядзелка, яна прыязджае з вёскі, што стала ёй роднай, на аўтобусе ў Нясвіж і чакае машыну з газетамі і лістамі. Разбірае разам з таварышамі па працы прывезенае, затым напаўняе сваю паштальёнскую сумку тым, што патрэбна менавіта яе кліентам, і выпраўляецца ў дарогу. Акрамя перыядычных выданняў і карэспандэнцыі, яна разносіць людзям, старэйшым за 70 год, і пенсіі, якія яны, як і раней, атрымліваюць з рук паштальёна.
Увогуле Жанна Хамякова абслугоўвае каля 500 домаўладанняў — дамоў і кватэр.
— Палёгка ў тым, што ў шматкватэрных дамах мы пакідаем перыёдыку і карэспандэнцыю на першых паверхах, не трэба хадзіць па лесвіцах, — гаворыць Жанна Яўгенаўна. — А да прыватных дамоў ужо трэба падыходзіць да кожнага.
На пытанне, ці не стамілася яна за столькі гадоў ад такой рухомай работы, мая суразмоўца з усмешкай адказала:
— Каб мне гэта не падабалася, то столькі б не працавала. — Мне па душы пастаянна мець стасункі з людзьмі. Яны прывыклі да мяне, а я — да іх. Многія сустракаюць, як добрую знаёмую. І я радуюся, што разам з газетамі, часопісамі і лістамі прыношу да іх і добры настрой. Гэта падтрымлівае і дае сілы працаваць далей.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.