Паштальён Нясвіжскага ўчастка паштовай сувязі Жанна Горбач ездзіць у Нясвіж на работу з вёскі Ганусаўшчына. Пераехаўшы ў школьныя гады на Нясвіжчыну разам з бацькамі з Клецкага раёна, яна скончыла ў свой час Сейлавіцкую СШ. Стварыла сям’ю, нарадзіла трох дачок, зараз радуецца траім унукам, старэйшы з якіх ужо студэнт.
20 гадоў да прыходу на пошту Жанна Міхайлаўна адрабіла брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы, перад гэтым пабыўшы тэхнікам-асемянатарам. Аддаўшы шмат часу жывёлагадоўлі, пяць гадоў таму яна вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай ролі з абсалютна новай спецыфікай. І не пашкадавала аб гэтым.
— Работа з людзьмі дала мне новы імпульс да жыцця і новыя ўражанні, якіх раней не было, — гаворыць гераіня гэтага аповеду. — Мой працоўны дзень апошнія гады пачынаецца з разборкі газет, часопісаў і лістоў. Затым я ўсё гэта нясу па сваім участку. Я дапамагаю людзям падпісацца на перыядычныя выданні, аплаціць камунальныя паслугі, каму трэба, і на тэлефон грошы пакласці. Бывае, бабулькі звоняць, просяць купіць хлеба ці малака, то і куплю, і прынясу ім. Вядома, гэта не ўваходзіць у мае абавязкі, але мне няцяжка дапамагчы чалавеку, калі яно ў маіх сілах.
Дарэчы, гаворачы пра дастаўку перыёдыкі, яна адзначыла, што больш за ўсё даводзіцца разносіць “раёнку”, “СБ” і “Мінскую праўду”, папулярныя ў падпісчыкаў і часопісы “Друг пенсионера” і “Хозяин”. Увогуле, чым больш у паштальёна на ўчастку падпісчыкаў, тым вышэй ацэньваецца яго работа.
Пра сваю новую прафесію Жанна Горбач гаворыць з захапленнем.
— Я вельмі рада, што працую менавіта тут, — прызнаецца яна. — Я заўсёды на людзях і з людзьмі, заўсёды на пазітыве. Усё, што мяне засмуціла ці нейкім іншым чынам выбіла з каляіны, я пакідаю за парогам пошты, таму што да людзей трэба прыходзіць з усмешкай і добрым настроем, каб і яны да мяне паварочваліся тварам. А калі я прыйду да іх змрочнай, ім таксама не будзе ахвоты са мной гаварыць, і такія зносіны нікому не прынясуць ніякай карысці.
На пытанне, на чым яна адпачывае душой і што дапамагае ёй узнаўляць сілы для работы, мая суразмоўца адказала, што гэта кветкі. Іх вельмі шмат у яе і каля дома, і ў доме, і калі яны цвітуць, гэта радуе не толькі яе, але і ўсіх, хто заходзіць у яе хату. І бачачы іх радасць, ёй яшчэ больш хочацца ствараць прыгажосць і пазітыў вакол сябе. І, мяркуючы па ўсім, Жанне Міхайлаўне гэта выдатна ўдаецца.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.