У Нясвіжскім РАУС адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця прысягі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Падчас мерапрыемства двое ўраджэнцаў Украіны афіцыйна сталі паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны. Пасля прамаўлення слоў прысягі, згодна з якой новы грамадзянін Беларусі абавязуецца выконваць і паважаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства, абараняць яе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць, быць патрыётам сваёй краіны, беражліва захоўваць гістарычную памяць аб гераічным мінулым беларускага народа, Іван Маргачоў і Яўген Міроненка атрымалі права называцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
З гэтай нагоды іх павіншаваў начальнік Нясвіжскага РАУС Станіслаў Чухольскі. Ён адзначыў, што ўдзельнікі мерапрыемства набылі правы грамадзян нашай краіны, якую яны выбралі сваім домам, пажадаў жыць дастойна, прыносіць карысць грамадству і Рэспубліцы Беларусь, паспяхова рэалізаваць свой патэнцыял.
Урачыстая цырымонія завяршылася выкананнем новымі грамадзянамі краіны Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
За кожным з іх стаіць свая гісторыя, свой жыццёвы шлях. Так, І.С. Маргачоў жыве ў Нясвіжы з 2010 года і добра памятае дзень свайго прыезду — 22 жніўня. Да гэтага ён, рускі па нацыянальнасці, 25 гадоў пражыў ва ўкраінскім Днепрапятроўску, у трохпакаёвай кватэры ў цэнтры горада. Жыллё прадаставіў яму мясцовы аэрапорт, якому Іван Сяргеевіч служыў верай і праўдай, працуючы пілотам грамадзянскай авіяцыі. Сам ён нарадзіўся і вырас на расійскай Разаншчыне, скончыў Сасаўскае лётнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі, пасля якога і быў накіраваны ў Днепрапятроўск. Увесь час быў камандзірам паветранага судна. Лятаў на ПО-2, АН-2, Іл-14, Як-40, Ан-24.
Перад набліжэннем лётнай пенсіі з’явіліся знакамітыя Ту-134, але тут ужо патрабавалася дадатковае навучанне, і жонка, якая і так перажывала ўсё жыццё за палёты мужа, папрасіла яго не пачынаць працаваць на новым самалёце і нарэшце перайсці на больш “зямную” работу. Дзякуючы таму, што той, будучы пілотам, здолеў атрымаць завочна вышэйшую тэхнічную адукацыю, такая работа для яго знайшлася. І Іван Маргачоў яшчэ 12 гадоў працаваў у групе расшыфроўкі, якая займалася расшыфроўкай запісаў бартавых самапісцаў.
Аднак сямейнае шчасце, на жаль, не аказалася бясхмарным — жонка Івана Сяргеевіча моцна захварэла і адзін з яго сыноў, які жыў у Нясвіжы, ажаніўшыся з беларускай, настаяў на пераездзе бацькоў да яго. Так Іван Сяргеевіч стаў несвіжанінам, а цяпер, на 93-м годзе жыцця, — і паўнапраўным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.
Разам з І.С. Маргачовым беларускае грамадзянства прыняў таксама жыхар Студзёнак Яўген Міроненка, які робіць на Гарадзейскім цукровым камбінаце. Як расказаў Яўген Вітальевіч, у нашай краіне ён жыве і працуе ўжо 25 гадоў, і да апошняга часу асабліва не задумваўся аб сваім статусе — працягваў від на жыхарства і ўсё, пакуль супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі не звярнулі яго ўвагу на тое, што ён мае ўсе падставы для таго, каб стаць паўнапраўным грамадзянінам Беларусі, атрымаць беларускі пашпарт і больш не траціць час на пастаяннае прадаўжэнне віда на жыхарства. Ён прыслухаўся да іх, падаў адпаведнае прашэнне на імя Прэзідэнта Беларусі і атрымаў станоўчы адказ.
У нашай краіне Я.В. Міроненка аказаўся дзякуючы свайму старэйшаму брату, які ажаніўся з беларускай і таксама жыве ў Студзёнках.
— У 2000-м годзе я прыехаў да яго ў госці, — узгадвае мой суразмоўца. — І так атрымалася, што застаўся. А на вяселлі брата пазнаёміўся са сваёй будучай палавінкай, якая воляй лёсу аказалася пляменніцай нявесты. Так у нас утварылася двайное сваяцтва.
Яўген Вітальевіч за гэты час працаваў даволі доўга ў адной з друкарняў Мінска, затым — у СВК “Агракамбінат Сноў”, а апошнія два з лішкам гады робіць на цукровым, чым вельмі задаволены.
— Тут адразу два плюсы, — гаворыць ён. — І прадпрыемства знакамітае, стабільнае, і да дому недалёка. А да “Снова” трэба яшчэ было дабрацца, што не вельмі зручна. Затое цяпер — толькі жыві і радуйся. Яшчэ і віншаванні з атрыманнем беларускага грамадзянства прымаю: старшыня нашага сельсавета Наталія Леанідаўна павіншавала мяне першай.
Трэба адзначыць, што ў сям’і Міроненка трое дзяцей — два сыны і дачка, кожны з якіх ужо абраў свой шлях у жыцці. І яны могуць па праве ганарыцца сваім бацькам — сумленным працаўніком, дастойным чалавекам, а зараз — і паўнапраўным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Галоўнае фота: начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Нясвіжскага РАУС Андрэй Глінскі, Іван Маргачоў, Яўген Міроненка і начальнік Нясвіжскага РАУС Станіслаў Чухольскі.