Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Гомельскія замалёўкі

Пост опубликован: 23.09.2025

Паўднёвы рэгіён нашай краіны славіцца маляўнічай прыродай і паўнаводнымі рэкамі Прыпяццю і Сожам. А яшчэ Гомельшчына вядома тым, што тут нарадзіліся слынныя людзі: Іван Шамякін, Іван Мележ, Паўлюк Прануза, Андрэй Макаёнак, Кірыл Мазураў ды іншыя выдатныя сыны Беларусі. Нядаўна я пабывала там з экскурсіяй, з якой вынесла для сябе шмат цікавага.

Існуе легенда аб утварэнні горада Гомеля: даўным-даўно плыў у лодцы адзін падарожнік, а з ім сядзела рысь. Чалавек шукаў месца для пасялення і збудаваў сабе дом. Потым пачалі падцягвацца другія людзі, і вырас горад. Гэта было ў далёкім 1142-м годзе, а на гербе Гомеля з’явілася рысь як сімвал мудрасці і спакою. Сёння ў горадзе жыве больш за 500 тысяч чалавек, тут развіта машынабудаванне і суднаходнасць, турызм.

У цэнтры горада, ля ўваходу ў парк, аформлена алея герояў, якія змагаліся з ворагам у час вайны 1941 — 1945-га гадоў. Змешчана некалькі партрэтаў, сярод якіх фота двойчы Героя Савецкага Саюза П.Я. Галавачова, іншых мужных людзей. Праз дарогу стаіць прыгожы будынак драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, яго калоны пафарбаваны ў чырвона-зялёны колер з выявай яблыневага цвету.
Цэнтральны парк горада вялікі, тут растуць акацыі, лістоўніцы, мноства кветак, струменіць фантан, дзейнічаюць розныя атракцыёны. Ля высокага моста ў вузкім канале плаваюць качкі і лебедзі, для апошніх зроблены домік. Вадаём плаўна перацякае ў раку Сож, па шырокай набярэжнай гуляюць людзі, жадаючыя катаюцца на цеплаходзе.

Прыцягваюць прыезджых не толькі маляўнічыя карцінкі, але і сусветна вядомы палац Румянцавых-Паскевічаў, у якім я, у прыватнас- ці, даўно марыла пабываць. Высокі светла-жоўты будынак узвышаецца ў канцы вялікага парка, на сцяне змешчана даведка аб тым, што ён узведзены ў 1777 — 1796-м гадах. Уладальнікам палаца стаў фельдмаршал Мікалай Пятровіч Румянцаў-Задунайскі. У XVIII-м стагоддзі беларускія землі былі ў складзе Расійскай імперыі, і Кацярына II падарыла частку з іх Румянцаву за перамогі ў вайне з туркамі. Між іншым, граф быў выхадцам з Ніжагародскага дваранскага роду, у сваяцтве з Трубяцкімі, Валконскімі ды іншымі вядомымі сем’ямі.

За шмат гадоў гістарычны помнік перажыў многае: разбурэнне ў час войнаў, аднаўленне і рэстаўрацыю. І сёння ён, прыгожы і велічны, вабіць турыстаў і гасцей горада з розных краін і абласцей Беларусі. Перад ім стаіць помнік Румянцаву з надпісам: ад грамадзян Гомеля. Уверсе на франтоне змешчаны два воіны і антычныя героі. У першай зале палаца дэманструюцца прадметы, знойдзеныя пры раскопках курганоў — упрыгожанні, крыжы, вёдры і інш. Далей ідзе светлая зала з калонамі, ляпнінай на столі, дзверы з пазалотай. Тут стаіць белы бюст заснавальніка палаца, а таксама царыцы Аляксандры Фёдараўны, камода з яе пакояў. Белая гасціная зроблена ў стылі ампір, зверху балюстрада. Столікі і крэслы, белы раяль, карціны, распісны посуд, прадметы XVIII стагоддзя ствараюць уражанне знаходжання ў тым часе. Адметна, што ў гасцінай ёсць запісы царскіх асоб, якія наведвалі палац: Аляксандр ІІ узнагародзіў Румянцава асобнай Граматай, якая знаходзіцца пад шклом. Прыязджалі сюды Мікалай І і Мікалай ІІ.

Цікавы і такі факт: на вітрыне ляжыць копія кнігі А. Пушкіна “Падарожжа ў Арзрум”. Ёсць і чырвоная гасціная з рарытэтнымі экспанатамі XVIII стагоддзя.

Асобна размешчана духоўная зала з макетамі Тураўскай царквы, Прэабражэнскай і Троіцкай. На вітрынах — культавыя прадметы, малітвасловы, іконы, адна з выявай Аляксандра Неўскага, змешчаны і старадаўні Псалтыр ХІХ-га стагоддзя. Цікавасць выклікаюць Евангелле Напрастольнае, абраз Іаана Багаслова, царкоўныя прылады для Богаслужэння.

Уражвае і зала з партрэтамі вядомых людзей: К.К. Ракасоўскага, А.А. Грамыкі, Кірылы Тураўскага, К.Т. Мазурава, І.П. Мележа, апошняй уладальніцы палаца Ірыны Паскевіч. Яна, дарэчы, была мецэнатам, пераклала на французскую мову раман Л. Талстога “Вайна і мір”; іншых славутых і заслужаных. Тут жа праводзяцца розныя нарады і сустрэчы, важныя перагаворы за вялікім сталом.
У 1834-м годзе ўладальнікам палаца стаў Іван Паскевіч, які шмат зрабіў для папаўнення экспазіцый і пашырэння залаў. А ў наш час на турыстычным маршруце “Залатое кола Гомельшчыны” палац займае адно з пачэсных месцаў, да якога прыязджаюць людзі з усяго свету. У год іх бывае больш за 300 тысяч, у тым ліку беларусаў. А ў 2012-м годзе славуты палаца-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў атрымаў Гран-пры конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика