У раённым цэнтры культуры адкрылася выстава вырабаў сяброў народнага клуба майстроў народнай творчасці “Дыяменты Нясвіжскага краю”, прысвечаная Дню пажылых людзей.
На ёй прадстаўлены непаўторныя, арыгінальныя вырабы ручной работы, у якія іх аўтары ўклалі не толькі майстэрства, але і цеплыню сваіх душ.
Так, інкруставанымі саломкай куфрамі і шкатулкамі радуе вока наведвальнікаў выставы Алена Івахніна, рознакаляровым, яскравым дэкупажам — Вольга Блюм, пляценнем з джута — Таццяна Еўдакіменка, вырабамі з эпаксіднай смалы — Паліна Паскрэбка.
Майстэрствам ператвараць у розныя прадметы гіпс валодае Юлія Мішкевіч, арыгінальныя сумкі, якія не сустрэнеш больш нідзе, стварае Алена Стэфановіч, прыгожыя і карысныя вырабы са скуры прапануюць Дзмітрый Малеж і Аляксей Жылінскі.
Прыцягвае позірк гледача і разьба па дрэве Анатоля Асмольскага і проста заварожваюць — упрыгожанні ў тэхніцы фрывалітэ Ядзвігі Турковай.
Выстава будзе дзейнічаць у фае РЦК да 6 кастрычніка. Не прапусціце магчымасць парадаваць сябе сузіраннем эксклюзіўных работ і пры жаданні — набыць што-небудзь для сябе, таму што многімі экспанатамі выставы можна не толькі любавацца, але і карыстацца.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.