Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Горад, прызначаны лёсам

Пост опубликован: 30.09.2025

— Першае маё знаёмства з Нясвіжам адбылося ў 1971 годзе, калі сюды прыслалі служыць майго бацьку, — кажа пра сябе жыхарка нашага горада Святлана Камінская. — У 1972 годзе я пайшла ў першы клас СШ №1. У пачатку майго 5-га класа бацьку перавялі ў Германію, і я вярнулася ў Нясвіж толькі перад 10-м класам і скончыла сваю любімую першую школу разам са сваім любімым 10 “А” класам. Мы да гэтага часу сябруем і я вельмі люблю сваіх аднакласніц Валянціну Гадун, якая зараз працуе ўрачом, і Алену Жураўлёву, камсорга класа, зараз — дырэктара Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Вельмі ўдзячная сваёй першай настаўніцы Таццяне Уладзіміраўне Шаўчэнка, якая з’яднала наш клас. Да канца школы ў нас было пяць залатых медалістаў, у лік якіх патрапіла і я са сваімі сяброўкамі.

Пасля школы мая суразмоўца яшчэ год папрацавала на швейнай фабрыцы, атрымаўшы спецыяльнасць швачкі-матарысткі, і толькі потым паступіла ў адну з лепшых ВНУ былога Савецкага Саюза — Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт псіхалогіі, вытрымаўшы вельмі высокі конкурс.Толькі там, а яшчэ ў Маскве, Пецярбургу, Рызе і Алма-Аце можна было атрымаць такую ​​адукацыю. Па размеркаванні паехала ў Днепрапятроўск, але праз год выйшла замуж за несвіжаніна і зноў вярнулася назад.

— Думаю, што Нясвіж — гэта кармічны горад, які прызначаны мне лёсам, — кажа Святлана Мікалаеўна. — Абставіны ўвесь час вярталі мяне сюды. Калісьці, як і многія маладыя сем’і, мы з мужам паехалі шукаць шчасця ў сталіцу. Там пражылі больш за тры дзесяцігоддзі. Я ўзяла пераразмеркаванне як малады спецыяліст і 17 гадоў адпрацавала ў сістэме дашкольнай адукацыі. Прайшла шлях ад выхавацеля, псіхолага-метадыста да загадчыцы дзіцячага сада. Там жа, у Мінску, атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Кіраванне інавацыйнымі тэхналогіямі і развіццё педагагічных працэсаў”. Гэта была першая эксперыментальная група, набраная ў 2000 годзе для кіраўнікоў школ і дашкольных устаноў. У той час у свае 32 гады мая суразмоўца была самай маладой загадчыцай дзіцячага сада ў Мінску. Аднак яе няўрымслівая натура патрабавала нечага новага, і неўзабаве яна стала працаваць у прыватным сектары, стаўшы намеснікам дырэктара па развіцці адной з замежных кампаній. Зараз той кампаніі ўжо не існуе, але вопыт работы, атрыманы ў той час, Святлана Мікалаеўна лічыць вельмі каштоўным.
Затым было яшчэ некалькі прадпрыемстваў, дзе яна прымяняла свае веды як псіхолаг і як маркетолаг. У 2014 годзе адкрыла сваё ІП па прадастаўленні адукацыйных паслуг. Вучыцца не пераставала ніколі: прайшла яшчэ і навучанне ва ўніверсітэце ў Маскве па бізнэсу ў сферы прыгажосці.

Аднак лёс не быў бясконца літасцівы да маёй суразмоўцы: страціўшы ў 2017-м годзе адразу брата і бацьку, яна засталася адзінай апорай для сваёй маці, якая атрымала інваліднасць і не магла абыходзіцца без дапамогі збоку. Так Святлана Камінская ізноў стала несвіжанкай, узяўшы на сябе клопат аб маці. Закрыла сваю справу ў Мінску, але адкрыла ў Нясвіжы. Многія і да гэтага часу памятаюць яе цэнтр адукацыйных паслуг “Смайл” (“Усмешка”), які працаваў да 2023 года і праз які прайшло каля 500 чалавек. Два гады свайго жыцця яна поўнасцю прысвяціла сваёй маці. Тая ўжо зусім не магла хадзіць, і Святлана Мікалаеўна, не жадаючы карыстацца паслугамі сядзелкі, вырашыла, што клопат пра роднага чалавека важней за ўсё астатняе. Яна закрыла сваю справу, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, і была каля сваёй мамы да самага яе адыходу з жыцця год таму.

— Мне і зараз тэлефануюць людзі, каб запісацца да мяне на курсы, — гаворыць мая суразмоўца. — І сапраўды, у мяне ёсць цяпер планы на адзін цікавы праект, і, магчыма, я да яго вярнуся, галоўнае, каб хапіла сіл, жадання і здароўя. Я вельмі люблю Нясвіж і ён аднаўляе мае сілы, якіх я (што тут хаваць!) шмат страціла за апошні час, але адчуваю, што горад чакае, калі я ізноў вазьмуся за справу.
А яшчэ Святлана Мікалаеўна расказала, што 20 гадоў таму яна ўбачыла сон, у якім падыходзіла да акна незнаёмай кватэры і бачыла ў ім вялікі прыгожы храм з залатымі купаламі, ад якога плыў гук званоў. Тады яна проста падзівілася гэтаму сну і ўспомніла яго тады, калі ўбачыла храм са свайго сна з акна мамінай кватэры. А 20 гадоў таму яго яшчэ не было…

— Цяпер, калі падыходжу да свайго акна, — дзеліцца ўражаннямі мая суразмоўца, — я гляджу на гэтыя купалы і гавару: “Дзякуй табе, Божа, што я тут, жывая і здаровая, і гэты горад дае мне сілы жыць і нешта рабіць!”.

Калі я страціла сваіх блізкіх, то на свае вочы пераканалася, як шмат у Нясвіжы спагадлівых людзей. І я бясконца ўдзячна ўсім ім за гэта.

Зараз Святлана Камінская з’яўляецца старшынёй садоўніцкага таварыства і з радасцю гаворыць пра тое, як людзі, асабліва маладыя, паварочваюцца да зямлі.

— У нас адраджаюцца лецішчы, адраджаюцца гаспадаркі, — гаворыць яна. — І вельмі радуе, што людзі хочуць даглядаць і ўпрыгожваць зямлю, на якой жывуць. І нашай моладзі хачу сказаць: вы можаце ехаць у Мінск ці яшчэ куды-небудзь, можаце развівацца, але жыццё ўсё роўна верне вас туды, дзе вы павінны быць. А быць трэба на сваёй зямлі і рабіць усё, што ў нашых сілах для таго, каб яна была яшчэ прыгажэйшай. І гэта і ёсць шчасце. Такое простае і такое вялікае.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика