Несвіжанка Раіса Арлоўская нарадзілася на суседняй Капыльшчыне, але воляю лёсу ў свядомым узросце стала жыхаркай нашага горада. І гэтай акалічнасці Раіса Іванаўна вельмі рада.
Пасля школы гераіня гэтага аповеду паступіла ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча на цырульніка, два гады адпрацавала ў родным Капылі, затым паехала ў Мінск. Некаторы час была там загадчыкам інтэрната, затым з’ехала ў Расію і 20 гадоў адрабіла начальнікам каравула ў воінскай часці. Аднак покліч Радзімы аказаўся мацнейшым, і мая суразмоўца вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Спачатку хацела купіць кватэру ў Капылі, бо ў ім у яе засталіся сястра і брат, але такой, якой хацелася, там не знайшлося. Затое знайшлося ў Нясвіжы.
— Я зараз вельмі задаволена, што так склаліся абставіны, што я пасялілася менавіта ў нашым горадзе, — з радасцю расказвае Раіса Іванаўна. — І родныя не вельмі далёка, і тут знайшлося шмат добрых знаёмых. Я стала наведваць аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання для пажылых людзей нашага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, удзельнічаць у розных мерапрыемствах. Разам з сяброўкамі па нашым аддзяленні я была і валанцёрам у аддзяленні цэнтра для кругласутачнага знаходжання пажылых людзей у Лявонавічах і ў доме-інтэрнаце ў Асмолаве (зараз — сацыяльны пансіянат “Бярозка”).
Парадак у кватэры ўжо амаль 10 гадоў мне дапамагае наводзіць сацыяльны работнік. Апошнія 4 гады гэта Вольга Шумейка — дзяўчына з залатымі рукамі. Дзякуючы ёй у мяне заўсёды ўтульнасць і чысціня. У мяне другая ступень інваліднасці па зроку, і я ў любым выпадку не магу зрабіць усё так добра, як яна.
Раней Раіса Іванаўна займалася вышыўкай і вязаннем, а зараз з задавальненнем удзельнічае ў стварэнні разнастайных падзелак, якія яна вырабляе разам са сваімі іншымі сяброўкамі па аддзяленні.
— Гэта вялікае шчасце, што ў нас ёсць такі цэнтр, — сцвярджае яна. — Столькі цікавых заняткаў тут ёсць для людзей сталага ўзросту! І пенсію даюць своечасова, бывае нават, што і крыху раней. Толькі жыві і радуйся! І за лякарствы я плачу толькі 10 працэнтаў.
Асобныя добрыя словы мая суразмоўца адрасавала ўрачам нашай раённай бальніцы Тамары Мурзе і Іне Непачаловіч, якія заўсёды былі вельмі ўважлівымі да яе і дапамагалі ўсім, чым маглі.
— Пойдзеш у бальніцу — там да цябе добрае стаўленне, прыйдзеш у наш цэнтр — там увогуле прыгажосць: і ўвага табе, і карысныя заняткі, і паездкі, — гаворыць яна. — Мы, напрыклад, пабывалі дзякуючы цэнтру на экскурсіях у суседніх Стоўбцах, Клецку, маім родным Капылі, вазілі нас і на цудоўныя канцэрты ў Мінск, давалі білеты і на летні тэатральны фестываль у двары замка. Калі расказваю сваім расійскім сяброўкам пра жыццё пенсіянера ў Беларусі, яны нават уздыхаюць: “У нас такога няма”. А ў нас ёсць. І я гэтаму вельмі рада.
Гледзячы на Р. І. Арлоўскую нават цяжка паверыць, што сёлета гэта бадзёрая жанчына адзначыла сваё 80-годдзе. І верыцца, што наперадзе яе чакае яшчэ шмат цікавых падзей і добрых уражанняў.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.