Сёння ў раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылых людзей, “Узрост мудрасці, цяпла і дабрыні”. Свята адчувалася ўжо ў фае РЦК, дзе была аформлена выстава работ майстроў народнай творчасці “Дзіўнае побач” і аформлена святочная фотазона.
Прысутныя сабраліся ў зале, каб аддаць даніну павагі і падзякі людзям, чыё жыццё — гэта гісторыя нашай краіны, чыя мудрасць — наш арыенцір. Сталае пакаленне ведае цану сапраўднай працы. Яно будавала заводы, даглядала палі, выхоўвала дзяцей, аднаўляла краіну пасля вайны. Для прывітальнага слова ў яго адрас на сцэну была запрошана старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Антончык.
— Вашы веды, мудрасць і жыццёвы вопыт бясцэнныя, — сказала Святлана Анатольеўна, звяртаючыся да герояў дня. — Перадаючы іх маладому пакаленню, вы ўносіце і сёння важкі ўклад у росквіт і развіццё нашай краіны. Вы былі, ёсць і будзеце захавальнікамі маральных каштоўнасцей і традыцый народа. Намаганнямі многіх пакаленняў стваралася слаўная гісторыя нашай роднай Нясвіжчыны. Мы заўсёды памятаем, што менавіта вашай самаадданай працай закладзена надзейная аснова для сучаснага развіцця раёна, для ўмацавання яго лідарскіх пазіцый. Мы ганарымся вамі і захапляемся вашай працавітасцю, вашым аптымізмам, вашай грамадзянскай актыўнасцю.
У канцы свайго выступлення кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна пажадала, каб душа ў кожнага з прысутных у зале заўсёды заставалася маладой, а іх раскошны ўзрост быў толькі крокам да новых магчымасцей.
Святлана Антончык таксама выканала пачэсную місію ўзнагароджвання па выніках конкурсу “Лепшы падворак-2025”.
Дыплом удзельніка конкурсу “Лепшае падворак-2025” у намінацыі “Стыль і гармонія” атрымала Людміла Дрожжа (г.п.Гарадзея, старшыня Гарадзейскага пасялковага выканаўчага камітэта — Дзмітрый Чыжык). У намінацыі “Лепшы куток для адпачынку” — сям’я Чаславы і Казіміра Лайша (г. Нясвіж, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” — Ала Тронца). У намінацыі “За любоў да зямлі” — Валянціна Лукашэвіч (аг. Аношкі, старшыня Казлоўскага сельскага выканаўчага камітэта — Віталь Севярэнь). У намінацыі “Самы ўтульны двор” — сям’я Вольгі і Аляксандра Малец (аграгарадок Высокая Ліпа, старшыня Ліпскага сельскага выканаўчага камітэта — Наталія Карпач). У намінацыі “Мой падворак – радасць для душы” — сям’я Марыі і Канстанціна Хвенька (аграгарадок Сейлавічы, старшыня Сейлавіцкага сельскага выканаўчага камітэта – Аляксей Груша). У намінацыі «Кветкавая фантазія» — Таццяна Скварцова (в. Грускова, старшыня Сноўскага сельскага выканаўчага камітэта — Алена Грэчка). У намінацыі “Залатыя рукі” — Ала Севярэнь (г. Нясвіж, прадстаўнік Нясвіжскай раённай арганізацыі ветэранаў Леакадзія Чурак).
Дыплом ІІІ ступені атрымаў Славак Чурыла (аграгарадок Ударны, старшыня Гарадзейскага сельскага выканаўчага камітэта — Наталія Цвірко). ІІ ступені — Святлана ГУЛЬ (аграгарадок Лань, старшыня Ланскага сельскага выканаўчага камітэта — Людміла Буглай). І пераможцам конкурсу з уручэннем Дыплома І ступені стала сям’я Марыны і Міхаіла Таратута (аграгарадок Заазер’е, старшыня Нясвіжскага сельскага выканаўчага камітэта — Сяргей Белазаровіч).
Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя прызы ад спонсараў, якімі сталі ПГУП “АЛ-2Д (дырэктар — Аляксандр Рыбіцкі), ТАА “БэстПак” (дырэктар —Канстанцін Сідзельнікаў), Нясвіжская раённая арганізацыі РГА “Белая Русь” (старшыня — Ала Тронца), Нясвіжская раённая арганізацыя ветэранаў (старшыня —Генадзь Пашкоўскі).
А пазнаёміцца з прыгажосцю падворкаў канкурсантаў прысутныя ў зале змаглі дзякуючы відэафільму “Лепшы падворак-2025”.
Вядома, свята не было бы святам без музыкі і песень. Іх віноўнікам урачыстасці дарылі “залаты голас Нясвіжчыны” Іван Буглай, салісты Уладзімір Прыгун і Любоў Дрык пра падтрымцы танцавальнага калектыву “Карыца” РЦНТ, хор ветэранаў працы “Аптымісты” пад кіраўніцтвам Ірыны Латушкі, ансамбль песні “Натхненне”, ансамбль песні “Элегія”, якім кіруе Тамара Прыгун, ансамбль скрыпачоў Нясвіжскай ДШМ (кіраўнік Святлана Ярмак), юная салістка Ульяна Ярмак, танцавальны калектыў “Арыён»”(кіраўнік Жанна Галавач, народныя ансамблі песні “Забава” і “Млечны шлях”, дуэт Жанны Чучман и Ігара Дубешкі.
Усе яны стварылі цудоўную святочную атмасферу, якая надоўга застанецца ў сэрцах тых, хто ў яе акунуўся.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.











































