Словы Мікалая Пірагова “Школа славіцца не колькасцю, а якасцю сваіх выпускнікоў” на працягу многіх гадоў з’яўляюцца галоўным дэвізам Грыцкевіцкай сярэдняй школы. І гэта не проста прыгожыя словы, а рэальнасць, якая штогод пацвярджаецца дасягненнямі вучняў і педагогаў. Грыцкевіцкая школа вядома ў Нясвіжскім раёне як установа, якая выхоўвае сапраўдных лідараў — як у спорце, так і ў навуцы.
Выхаванцы таленавітага педагога Міхаіла Паляшчука неаднаразова дэманстравалі сваё майстэрства, станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. Вучні школы з’яўляюцца членамі зборнай каманды Мінскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”, і нездарма кажуць: лепшыя лыжнікі — у Грыцкевічах! За сваю плённую працу і ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту Міхаіл Васільевіч быў узнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі” і медалём Францыска Скарыны.
Аднак Грыцкевіцкая школа славіцца не толькі спартсменамі. Тут шырока распаўсюджана і даследчая дзейнасць, якая дазваляе вучням раскрыць свой інтэлектуальны патэнцыял і зрабіць першыя крокі ў вялікую навуку.
— У 2024/2025 навучальным годзе пад кіраўніцтвам Андрэя Радамана вучаніца Алёна Савіч атрымала дыплом І-й ступені на Рэспубліканскай навукова-даследчай канферэнцыі навучэнцаў “Мой першы крок у навуку” і дыплом І-й ступені на XІV Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, — расказвае дырэктар школы Марына Цыуля. — Уладзіслаў Кабяк узнагароджаны дыпломам на конкурсе бізнэс-ідэй і сацыяльных ініцыятыў для АПК і сельскіх тэрыторый, які праходзіў у рамкам рэспубліканскага семінара “Праблематыка інвестыцый для забеспячэння ўстойлівага інавацыйнага развіцця”. Алёна Савіч і Уладзіслаў Кабяк сталі пераможцамі і рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, узнагароджаны дыпломам ІІ-й ступені на ХХІХ рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару вычняў.
У 2022 — 2024 гадах вучні Андрэя Станіслававіча былі адзначаны дыпломамі на шматлікіх прэс- тыжных спаборніцтвах, сярод якіх конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”, навукова-практычная канферэнцыя “Мой першы крок у навуку”, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “ВузЭкафэст-2023”, навукова-тэхнічная канферэнцыя вучняў, студэнтаў, магістрантаў, рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, ХІХ Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс, міжнародная экалагічная канферэнцыя “Экамір”. Выхавальнікі Андрэя Станіслававіча сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў 2023 і 2025 гадах. Сам Андрэй Станіслававіч на гэтым тыдні атрымаў заслужаны знак “Выдатнік адукацыі”.
Не адстаюць ад старэйшых вучняў і малодшыя школьнікі — некалькі гадоў запар дыпломамі фіналістаў адкрытага фестывалю даследчых работ малодшых школьнікаў Мінскай вобласці з’яўляюцца вучні Таццяны Радаман.
Яшчэ адзін накірунак дзейнасці Грыцкевіцкай СШ — робататэхніка, Scratch-праграмаванне Алена Данілава рыхтуе вучняў да актыўнага і выніковага ўдзелу ў абласным конкурсе “Дарога ў будучыню”, раённым “РобаЦёнак”. Навучэнцы Алены Іванаўны былі пераможцамі на Беларускім нацыянальным адборачным этапе V Сусветнай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні, на II Міжнародным конкурсе даследчых работ школьнікаў “SCIENCE START”, абласным конкурсе даследчых работ па інфарматыцы.
Увогуле, па словах дырэктара Марыны Станіславаўны, моцны і згуртаваны педагагічны калектыў школы з’яўляецца залогам яе поспеху. Настаўнікі ўзнагароджваюцца не толькі на раённым, але і на абласным, рэспубліканскім і нават міжнародным узроўнях, што сведчыць аб іх высокім прафесіяналізме і адданасці сваёй справе. У школе арганізаваны спецыяльны куток гонару, дзе размяшчаюцца ўзнагароды як вучняў, так і настаўнікаў, тым самым натхняючы наступныя пакаленні на дасягненні.
Сёлета ў Грыцкевіцкай сярэдняй школе навучаюцца 69 вучняў, дзіцячы садок наведваюць 27 выхаванцаў. У першы клас прыйшлі 13 дзяцей, а вось 10 і 11 класаў тут няма, вучні пасля дзевяці класаў паступілі і працягваюць навучанне ў сярэдне-спецыяльных установах.
Матэрыяльна-тэхнічная база школы знаходзіцца на добрым узроўні, пастаянна абнаўляецца за кошт бюджэтных сродкаў, а таксама спонсарскай дапамогі. Дзякуючы падтрымцы мясцовай гаспадаркі ААТ “Грыцкевічы” школа набыла некалькі сучасных камп’ютараў, ноўтбукаў, два канструктары для ЛЕГА-праграмавання, экіпіроўку для сваіх спартсменаў, лыжы і лыжаролеры. Сёлета была набыта і новая мэбля для кабінета першага класа. Дырэктар ААТ “Грыцкевічы” Яўген Здановіч — часты госць на школьных мерапрыемствах. Шэсць гадоў запар на свяце апошняга званка гаспадарка ўручае грашовыя прэміі не толькі выдатнікам вучобы, але і пераможцам раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Акрамя таго, адзінаццацікласнікам на выпускным балі дорацца каштоўныя падарункі, а дзевяцікласнікам — святочны торт.
Падтрымлівае гаспадарка і маладых настаўнікаў. Сёлета службовую кватэру яна прадаставіла двум маладым спецыялістам: настаўніцы пачатковых класаў Марыі Нялюбінай і выхавацелю дашкольнай адукацыі Аляксандры Кірнюк. Падобная падтрымка аказваецца і дзіцячаму садку, што сведчыць аб імкненні стварыць аптымальныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей работнікаў гаспадаркі.
Гэта інвестыцыя ў будучыню, бо многія з гэтых дзяцей у будучыні могуць вярнуцца працаваць на сваю малую радзіму, у сельскую гаспадарку. Дарэчы, шмат выпускнікоў школы ўжо паспяхова працуюць у ААТ “Грыцкевічы”.
— У маі 2025 года ў гонар 50-годдзя сярэдняй школы быў закладзены яблыневы “Сад ведаў”. Гэта не толькі пасадка дрэў, а сімвал нашай агульнай мэты — пашырэння межаў ведаў і стварэння лепшай будучыні. Адзначу, што нашы настаўнікі не толькі вучаць, але і выхоўваюць. Калектыў школы імкнецца, каб яе выпускнікі атрымалі тую прафесію, да якой у іх ляжыць душа, але галоўнае — каб кожны заставаўся з іх чалавекам з вялікай літары.
Аксана ГРОХ.
На галоўным фота: Таццяна Радаман з вучнямі першага класа.