Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Калі работа і хобі супадаюць

Пост опубликован: 03.10.2025

Настаўнік працоўнага навучання Карцэвіцкай СШ Вольга Емельянчык нарадзілася ў сям’і працаўнікоў сельскай гаспадаркі і стала першым педагогам сярод сваіх родных, якія, мяркуючы па ўсім, з поўным правам могуць ёю ганарыцца.

Прыслухаўшыся да парады сваёй мамы, яна паступіла пасля 9 класа ў Нясвіжскі педагагічны каледж, які скончыла ў 2002-м годзе з чырвоным дыпломам па спецыяльнасці “пачатковая адукацыя і выяўленчае мастацтва”. Адразу паступіла на скарочаны курс Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка па гэтай жа спецыяльнасці і праз тры гады ўжо з дыпломам аб вышэйшай адукацыі прыйшла па размеркаванні ў Юшавіцкую базавую школу. Яна была малакамплектнай, і маладой настаўніцы прыйшлося зведаць усе асаблівасці выкладання ў спараных класах — весці адначасова 1-ы і 3-і. Там яна адрабіла год на замене водпуска па доглядзе за дзіцем, паспеўшы за гэты час прадэманстраваць свае таленты ў ручной працы — аздобіла школу, аформіла прыгожыя стэнды.

— Маю работу ўбачыла тагачасная дырэктар Карцэвіцкай СШ Наталля Паўлаўна Бава, — узгадвае Вольга Міхайлаўна. — Ёй спадабаліся мае старанні, і яна запрасіла мяне перайсці ў гэту школу настаўнікам працоўнага навучання. Так з 2006 года я тут і раблю. Вяду працоўнае навучанне, чарчэнне і мастацтва — цяпер ёсць такі прадмет замест ранейшай сусветнай мастацкай культуры.

Праз некалькі гадоў Вольга Міхайлаўна стала кіраваць метадычным аб’яднаннем настаўнікаў працоўнага навучання раёна, акрамя гэтага ёй даверылі чытаць лекцыі па прадмеце “Мастацтва” ў абласным інстытуце развіцця адукацыі, а затым — і па працоўным навучанні. Яшчэ адна заслуга маёй суразмоўцы — стварэнне ў школе па яе ініцыятыве выдатнага кабінета кулінарыі, абсталяванага ў рамках рэспубліканскай закупкі.

— Гэты накірунак больш за ўсё любяць дзеці, — гаворыць Вольга Міхайлаўна. — У нас ёсць і электрапліты, і ўсё, што неабходна, каб навучыцца добра гатаваць. Асабіста мне больш падабаецца ствараць швейныя вырабы, і, дарэчы, мая вучаніца Кацярына Прушынская заняла ІІ месца на абласным этапе алімпіяды па працоўным навучанні ў тым ліку і дзякуючы добраму валоданню швейным майстэрствам. І хаця на рэспубліцы яна не выйшла ў пераможцы, наперадзе яшчэ 11 клас, і я думаю, яна яшчэ праявіць свой патэнцыял. Для засваення швейнага майстэрства ў нас таксама выдатныя ўмовы: ёсць 15 швейных машын, машына-аверлок і вышывальная машына. Таму сваёй навучальнай базай наша школа па праве можа ганарыцца.

На пытанне, што для маёй суразмоўцы галоўнае ў яе прафесіі, яна адказала, што гэта аддача ад дзяцей, іх рост як асобы, цікавасць у іх вачах.

— Інакш няма сэнсу працаваць педагогам, — сцвярджае яна. — Раз я паставіла мэту, я павінна яе абавязкова дасягнуць. Калі мы з дзецьмі пачынаем якую-небудзь справу, мы яе заўсёды даводзім да завяршэння, не кідаем недаробленай. Любім удзельнічаць у разнастайных творчых конкурсах, гэта наша сумесная работа.

В. М. Емельянчык — з тых шчаслівых людзей, у якіх работа і хобі супадаюць.

— Бывае, некаторыя кажуць, што цяпер стала цяжка працаваць настаўнікам, — адзначыла ў заключэнне нашай гутаркі Вольга Міхайлаўна, — але я сябе не бачу ні ў якім другім накірунку. Дзякуючы маме, якая некалі направіла мяне ў наш каледж, я стала настаўнікам і ўпэўнілася, што гэта сапраўды маё. Ніколі не было думкі пакінуць школу. Я прыходжу ў свой кабінет і адчуваю сябе там, як дома — утульна і камфортна. Калі ёсць любімая работа і падтрымка сям’і — гэта сапраўднае шчасце.

Сёлета гераіня гэтага аповеду ўзяла пад крыло трэці паток сваіх “птушанят”: яна класная ў пятым класе. Да гэтага яна зрабіла ўжо два выпускі 11-класнікаў. І, мяркуючы па ўсім, яе новым вучням вельмі пашанцавала, бо іх класная зробіць усё магчымае, каб яны выраслі добрымі людзьмі, якія ўмеюць разумець прыгажосць і цаніць сваю і чужую працу.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика