Маленькі чалавек становіцца на ногі, спрабуе зрабіць першы крок, за ім наступныя, каб пасля ісці дарогамі жыцця, пакідаючы пасля сябе сляды. Ад гэтых слядоў будзе залежаць жыццё чалавека, і не толькі кожнага з нас асабіста, але і цэлага народа, краіны. Менавіта з гэтай думкі пачала размову з вучнямі сярэдняй школы № 1 г. Нясвіжа член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Людміла Круглік, якая па запрашэнні педагогаў і адміністрацыі гэтай навучальнай установы, а таксама супрацоўнікаў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы стала ўдзельніцай інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”.
Людміла Уладзіміраўна адзначыла, што якасць жыцця ў Беларусі залежыць ад якасцей кожнага з нас, ад спраў, якія мы робім у яе гонар.
— Якія вашы крокі могуць ужо сёння зберагчы гады? Канечне, гэта добрая вучоба. Добра вучыцеся — значыць, укладваецеся ў сваю будучыню, — нагадала рабятам паэтка.
Госця запрасіла юных слухачоў зрабіць разам з ёю ўмоўныя крокі, якімі павінны ісці мы па жыцці: гэта любоў да Радзімы ўвогуле і любоў да сваёй маленькай радзімы, любоў да сваіх продкаў, памяць пра іх унёсак у наша шчаслівае сёння, любоў да бацькоў, блізкіх людзей, роднага слова.
Кожны ўмоўны крок Людміла Уладзіміраўна суправаджала вершамі. З яе вуснаў прагучалі новыя творы і тыя, якія мы пры жаданні можам яшчэ раз перачытаць на старонках падораных бібліятэцы зборнікаў.
Людміла Уладзіміраўна ўпэўнена, што наша жыццё залежыць і ад вымаўленых намі слоў, а прыгажосць знешняя павінна адпавядаць прыгажосці душы.
— Чалавек на сваім шляху часта трапляе на скрыжаванні дарог, калі неабходна зрабіць выбар. Трэба заўжды памятаць, што шлях ніколі не бывае лёгкім. Сёння ў вас дробныя цяжкасці — не даецца нейкая тэма па матэматыцы ці мове. Але трэба старацца ўсё адужаць, бо вы не ведаеце, куды прывядуць вашы шляхі, і што вам у першую чаргу спатрэбіцца, — параіла госця праекта.
Калі абагульніць усё сказанае Людмілай Уладзіміраўнай, то становіцца зразумелым, што чалавек найлепш пачувае сябе на роднай зямлі, сярод родных людзей, дзе пра яго думаюць, аб ім клапоцяцца, на яго спадзяюцца, не толькі бацькі, сябры і знаёмыя, але і наша Радзіма, за якой будучыня. І гэтую будучыню мы ствараем для яе і для сябе разам.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
бібліятэкар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, выхавацель СШ №1 г. Нясвіжа.
Фота Аксаны СУХАВЕРХ.



