Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

З музыкай па жыцці

Пост опубликован: 10.10.2025

Гукарэжысёр Нясвіжскага РЦК Аляксандр Герасімовіч — карэнны несвіжанін, з нашым горадам звязана ўсё яго жыццё і, па яго словах, ён не ўяўляе сябе ні ў якім іншым месцы.

Музыкай захапляўся з дзяцінства — падчас вучобы ў СШ №2 г. Нясвіжа (тады яна яшчэ не была гімназіяй) займаўся па класе баяна ў Нясвіжскай дзіцячай музычнай школе (зараз — Нясвіжская дзіцячая школа мастацтваў) у Ардаліёна Баравіка, вельмі моцнага настаўніка, які выпусціў шмат вядомых у Нясвіжы і за яго межамі музыкантаў — Ігара Сухавея, Юрыя Гапановіча, Аляксандра Гапановіча, Аляксея Буглая і іншых.

— Столькі выпускнікоў, якія паступілі ў музычныя навучальныя ўстановы, як у Ардаліёна Пятровіча, не было больш ні ў аднаго настаўніка нашай музычнай школы, — гаворыць Аляксандр. — І яго музыка, яго навука засталіся не толькі ў маёй памяці, але і ў маім сэрцы па сённяшні дзень.

Падчас вучобы герой гэтага аповеду іграў у школьным аркестры, удзельнічаў у разнастайных творчых спаборніцтвах, быў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу сярод выканаўцаў на народных інструментах сярод навучэнцаў музычных школ. Пасля заканчэння школы паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча таксама па класе баяна, дзе атрымаў спецыяльнасць “выкладчык спецінструмента”.

У 1989 годзе прыйшоў у раённы цэнтр культуры акампаніятарам. Зрабіў перапынак у рабоце на час службы ў арміі і зноў вярнуўся на ранейшае месца. Пасля арміі паступіў завочна ва ўніверсітэт культуры, адвучыўся амаль да канца, але па жыццёвых абставінах дыплом так і не атрымаў.

— Нічога страшнага, — гаворыць зараз з гэтай нагоды мой суразмоўца. — Галоўнае, што ў галаве засталіся веды. Іх не заменіць ніякая папера.

Трэба адзначыць, што работу ў культуры Аляксандр Герасімовіч доўгі час сумяшчаў з работай у адукацыі — вёў гурткі ў сваёй роднай школе, быў акампаніятарам на ўроках рытмікі і танца, працаваў музычным кіраўніком у дашкольных установах.толькі ў Навасёлкаўскім дзіцячым садку адрабіў амаль 20 гадоў, адначасова працуючы ў Навасёлкаўскім сельскім цэнтры культуры (цяпер — клуб-бібліятэка).

Усё жыццё прысвяціў культуры і адукацыі, але ў студзені гэтага года канчаткова зрабіў выбар на карысць культуры. Рабіў на розных пасадах ва Ужанкаўскім і Юшавіцкім сельскіх клубах, Ланскім сельскім і Гарадзейскім пасялковым дамах культуры. Клубную работу пакідаў толькі на 4 гады, калі быў дырэктарам кінатэатра ў Гарадзеі, але ўсё роўна застаўся верным сферы культуры і ў рэшце рэшт вярнуўся туды, дзе было больш па душы, — туды, дзе ідуць канцэрты, працуюць на сцэне артысты і пануе той самы творчы, ні з чым не параўнальны дух, які жыве толькі ў клубнай установе.

На пытанне, што яго ўсе гэтыя гады трымае ў сферы культуры, мой суразмоўца не без гумару адказаў:

— Цяжка сказаць, але дакладна адно: гэта не грошы. Гэта проста трэба любіць. І нават не талент тут грае галоўную скрыпку. Які б у чалавека не быў дар ад Бога, калі ён не будзе пастаянна вучыцца і прыўносіць нешта новае ў сваю работу, удасканальвацца, нічога добрага не будзе. Тут спецыфіка работы такая, што яе вытрымліваюць толькі штучныя людзі. Тыя, якія не могуць жыць без творчасці і мастацтва.

І, мяркуючы па ўсім, Аляксандр Герасімовіч належыць якраз да такіх.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

7 + 14 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика