Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Народныя мсціўцы

Пост опубликован: 13.10.2025

Раённая газета неаднойчы змяшчала публікацыі пра многіх абаронцаў Айчыны. Ахапіць усіх было практычна немагчыма па розных прычынах: хтосьці па сціпласці натуры не жадаў расказваць пра перанесеныя цяжкасці, іншым усё яшчэ балела… Я вырашыла прадоўжыць спіс тых, хто заваяваў нам мірнае жыццё і звярнулася да несвіжанкі Марыі Лазараўны Міхайлоўскай, бацькі якой пазнаёміліся ў партызанскім атрадзе і ваявалі разам.

Нарадзіўся Лазар Яфімавіч Чарняк у Чэрыкаўскім раёне, але лёс закідваў яго ў розныя мясціны. Калі пачалася вайна, ён адразу пайшоў у партызаны, атрады якіх перамяшчаліся, аб’ядноўваліся, каб цэлай брыгадай вызваляць Беларусь ад фашысцкай навалы. У кастрычніку 1941 года Л.Я. Чарняк прымаў удзел у разгроме паліцэйскага гарнізона ў Старадарожскім раёне. А ў 1942-м годзе ўдзельнічаў у падрыве ваенных эшалонаў праціўніка, у выніку было знішчана 600 акупантаў. Памятным быў выпадак, калі давялося разграміць гарнізон у Капаткевічах на Старобіншчыне. Там фашысты трымалі шмат жывой сілы. Як збіраліся ў рэйд для захопу “языка”: Лазару Чарняку даручылі ўзначаліць групу, якая накіравалася ў адну з вёсак, дзе ў хаце весяліліся акупанты. Удалося ўзяць у палон немца, які спаў, той паведаміў партызанам неабходныя звесткі пра сілы праціўніка і размяшчэнне карнікаў.

Аб тым перыядзе пад назвай “Рэйд” расказаў у сваёй кнізе “Вечны агонь” камандзір партызанскага злучэння, Герой Савецкага Саюза Раман Мачульскі. Пасля вайны ён збіраў успаміны партызан, запісваў іх аповеды і ў 1965 годзе выпусціў першую кнігу. Яе паказала мне дачка Л.Я. Чарняка Марыя Лазараўна, для якой гэта свяшчэнная памяць пра блізкага чалавека. А яшчэ паведаміла, што яе маці, Марыя Міхайлаўна Пяшко, была ў партызанскім атрадзе “Разгром” медсястрой-разведчыцай, удзельнічала ў вызваленні Мінска і ўдастоілася гонару ісці на святочным парадзе 9 мая 1945 года. Узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.

Пра баявыя дзеянні партызана-разведчыка Л.Я. Чарняка расказана ў яго ўзнагародным лісце, дзе знаходзіцца сведчанне аб прысуджэнні яму медаля “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”. Атрымаў ён і медаль “За баявыя заслугі”, меў некалькі юбілейных узнагарод у памяць аб той цяжкай вайне.

У 1944-м годзе Лазар і Марыя пажаніліся, а пасля Перамогі жылі ў вёсцы Даматканавічы Клецкага раёна. Там і нарадзілася дачка Марыя. Маці працавала ў дзіцячым доме, бацька быў падатковым інспектарам. У 1948-м годзе пераехалі ў Нясвіж, дзе нарадзіўся сын Барыс. Ён закончыў Ленінградскае ваеннае вучылішча, затым яго перавялі ў Маскву, дзе ён яшчэ вучыўся ў Акадэміі, меў званне генерал-маёра. На жаль, жыццё ваеннага абарвалася пры выкананні службовых абавязкаў.

Марыя працавала ў гандлёвай сферы, жыве ў Нясвіжы, мае двух сыноў і ўнука. Цяпер на пенсіі, са слязамі на вачах успамінае бацькоў, іх аповеды пра суровыя гады ваеннага ліхалецця: як фашысты расстрэльвалі мірных жыхароў і дзяцей, як узрывалі маладыя партызаны чыгунку і масты, каб не пусціць ворага ў глыб краіны, дапамагалі параненым. І як набывалі баявы вопыт, станавіліся мужнымі і смелымі, бо таго патрабаваў час, што выбраў іх на абарону радзімы. Бацькі заўсёды гаварылі пра мір, хацелі, каб больш не паўтарылася жудасная вайна. М.Л. Міхайлоўская гаворыць:

— Я ганаруся сваімі бацькамі, хачу, каб быў мір, а мы памяталі пра тых, хто яго адстаяў. Люблю людзей, шкадую братоў нашых меншых, жадаю дабрыні і спакою ўсім.

Дарэчы, у Нясвіжы Марыю Лазараўну ведаюць як добрага, спагадлівага чалавека, аптымістычную і душэўную. І мне пасля сустрэчы з ёю было прыемна і цёпла.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.
Фота з сямейнага архіва М.Л. Міхайлоўскай.

На галоўнай выяве: Лазар Яфімавіч і Марыя Міхайлаўна Чарняк.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика