Сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” прынялі ўдзел у прэзентацыі паэтычнага зборніка “Серэнада ў час зарападу” абласнога народнага калектыву аўтарскай песні і паэзіі “Жывіца”.
Складальнік кнігі — кіраўнік калектыву Ірына Карнаухава, выбіраючы тэматыку новага зборніка, прапанавала аб’яднаць пад адной вокладкай гумарыстычныя творы жывічан. Усяго ў кнігу ўвайшлі вершы і песні сарака трох аўтараў.
Пяцёра з іх — несвіжане. Нашы землякі Барыс Вятлугін, Алена Шаблоўская, Уладзімір Жылко, Аляксандр Яцук і Валянціна Шчарбакова, як і іншыя аўтары, паспрабавалі праз гэта выданне паказаць чытачу, што светлых момантаў у нашым жыцці дастаткова.
Прадстаўлены ў зборніку і творы нашых землякоў, ураджэнцаў Нясвіжчыны — члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы Людмілы Круглік і аўтара некалькіх зборнікаў паэзіі Анатоля Шкоды.
Анатоль Мікалаевіч нядаўна адзначыў свой юбілей. Гэтая падзея супала з выхадам у свет яго ўласнай чарговай кнігі “Музыка душы”, якую ён паабяцаў на пачатку наступнага 2026 года прэзентаваць у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы.
Названыя выданні хутка з’явяцца на паліцах бібліятэк Міншчыны, у тым ліку і Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.
Валянціна ВІНІЦКАЯ.
На фота: паэтычны зборнік “Серэнада ў час зарападу”.
















