З чаго пачынаецца жыццё? Не, не з першага слова, не з першай усмешкі, а з першага ўдыху і дотыку мамы. Нашы мамы падарылі нас гэтаму свету і ўвесь гэты свет падарылі нам. Ім аднолькава дарагія і першае лепятанне малечы, і словы свядомай падзякі ад дарослых сыноў і дачок. Менавіта такімі словамі мы і папрасілі падзяліцца з чытачамі “НН” некаторых нашых землякоў, жыхароў Нясвіжа і раёна.
Тамара Прыгун, кіраўнік ансамбля песні “Элегія”:

— Мая мама, Ірына Вікенцьеўна Гурына, пражыла 94 гады. І я маю смеласць меркаваць, што столькі гадоў Бог даў ёй за яе дабрыню і добрасумленнасць, за любоў да жыцця і людзей. Яна не скончыла пасля школы ніякай спецыяльнай вучэбнай установы, але была вельмі граматным, культурным і добра выхаваным чалавекам. І зараз тыя, хто яе ведаў, узгадваюць, які ў яе быў прыгожы почырк. Мама ўсё жыццё адпрацавала сакратаром у тагачасным гарсавеце (тады яшчэ быў такі) і пасля пенсіі яшчэ некалькі гадоў была на рабоце, вяла хатнюю гаспадарку.
Яе вызначалі заўсёдная добразычлівасць і ўважлівасць да людзей, да ўсяго, што адбывалася навокал. А які цудоўны голас яна мела! Каларатурнае сапрана — гэта рэдкі дар. Шмат гадоў ён упрыгожваў хор нашага храма Святога Георгія Перамаганосца.
Яна выхоўвала мяне і майго брата так, каб ёй не было сорамна за нас, а нам — за сябе. Яна прывучала нас да адказнасці, да вельмі добрасумленнага стаўлення да сваёй работы. Сачыла, каб мы добра вучыліся. Падвесці некага, не выканаць абяцанне для яе было справай неймавернай. І я ўзяла гэта ад яе — рабіць усё, што ў тваіх сілах, да апошняга ўздыха. А яшчэ — паважаць і любіць людзей.
Алена Леўшык, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Грыцкевічы”:

— Лёс маёй мамы — Надзеі Сяргееўны Максімчык — быў няпросты: яна нарадзілася ў год пачатку вайны, рана страціла бацьку, усё жыццё адпрацавала ў сельскай гаспадарцы ў паляводстве. Нядзіўна, што ёй была ўласціва некаторая строгасць — без моцнага характару было б цяжка вытрымаць усе выпрабаванні. У любым выпадку больш блізкага, светлага і роднага чалавека я не магу сабе ўявіць.
Мама хацела, каб мы з братам добра вучыліся, і хоць у ранейшыя часы было больш складана гадаваць дзяцей, чым цяпер, яна дала нам усё, што магла. Мы атрымалі добрую адукацыю, выраслі сумленнымі людзьмі. Мама навучыла нас ветліва і з павагай ставіцца да людзей, асабліва старэйшага ўзросту. Сказаць чалавеку грубае, брыдкае слова — гэта было вышэй нашага разумення, так мы былі выхаваны. І маму мы баяліся пакрыўдзіць не толькі няветлівым словам, але і дрэннымі адзнакамі — заўсёды стараліся яе парадаваць сваім чацвёркамі і пяцёркамі, а затым — і поспехамі ў працы. Я заўсёды адчувала яе нябачную, але адчувальную ахову, бо ведала: яна зразумее і падтрымае. А як яна любіла сваіх унукаў! Памятала ўсе іх дні нараджэння і з кожнай пенсіі старалася парадаваць хоць чым-небудзь. І мне дагэтуль шчыміць душа ад таго, што мама жыла далёка, і я не магла так часта бачыць яе, як хацелася.
І я абсалютна не разумею людзей, якія могуць сказаць пра сваю маму нядобрае слова. Тыя, хто так гавораць, мусіць, не разумеюць, што робяць. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да ўсіх, чые мамы сёння жывыя: цаніце іх і беражыце, дапамагайце ўсім, чым можаце, званіце і прыязджайце, бо пакуль у вас ёсць мама — вы яшчэ дзіця і вы пад яе абаронай.
Ніла Бруй, пенсіянерка, былы дырэктар Карцэвіцкай СШ:

— Мая мама — Соф’я Паўлаўна Корсак — перажыла многае: жыццё пад Польшчай, прыход Савецкай улады, Вялікую Айчынную вайну. У памяці яскрава адбіўся такі ўспамін: 1956 год. Мне 8 гадоў. Савецкі Саюз ўводзіць войскі ў Венгрыю і я чую, як мама і мая бабуля Сарафіна з роспаччу перагаворваюцца: “Што ж гэта будзе? Няўжо ж зноў вайна? Толькі што сціхла адна вайна, як зноў пачнецца другая?”
Я сяджу на печы, слухаю гэта і здзіўляюся: “Мама, бабуля! Якая вайна! Нашто яна? Ды няхай аддадуць ім гэту землю ды ўсё”… А мама паглядзела на мяне ды кажа: “Што ты, дачушка! Хіба ж можна так проста аддаць зямлю, палітую крывёю нашых салдат?”
Той мамін позірк я запомніла на ўсё жыццё. І ўцяміла, што ёсць рэчы, якія сваім дзіцячым розумам яшчэ не ахопліваю.
Мама на свой час увогуле была вельмі адукаванай жанчынай. Скончыла сем класаў польскай школы, добра і граматна пісала па-беларуску, па-руску і па-польску. Потым калі-нікалі ўздыхала, што складанае матэрыяльнае становішча сям’і не дазволіла ёй вучыцца далей, хаця ёй вельмі хацелася. І маю і двух маіх братоў вучобу ўсяляк падтрымлівала. “Трэба вучыцца!” — часта гаварыла яна.
Акрамя гэтага, яна была выдатнай майстрыхай і мяне навучыла шыць, вязаць, ткаць дываны і шалікі з ваўняных нітак, прывучыла да таго, што ўсё, што ў чалавека ёсць, ён павінен зарабляць сумленнай працай і ніяк інакш. Гэтым прынцыпам і кіруюся ўсё жыццё.
Сяргей Броўка, галоўны спецыяліст Нясвіжскага праектнага бюро:

— Мая мама Іна Фёдараўна Броўка нарадзілася, вырасла і ўсё жыццё прарабіла ў Нясвіжы, за выключэннем таго перыяду, калі вучылася ў Беларускім палітэхнічным інстытуце (зараз — БНТУ). Можна сказаць, што яна і праклала мне дарогу ў праектнае бюро, дзе я зараз працую, таму што я прыйшоў сюды ёй на змену. Тут яна працавала інжынерам па каштарысах. Мама захапіла мяне будаўніцтвам, і мой выбар прафесіі ў многім — яе заслуга. Улічваючы тое, што і мой бацька меў будаўнічую спецыяльнасць, я не бачыў сябе ў якім-небудзь іншым месцы.
Мама ўвогуле стала для мяне выдатным прыкладам у тым, як трэба жыць і паводзіць сябе ў грамадстве, як будаваць зносіны з людзьмі. Яе вопыт і веды — гэта тая крыніца, якая сілкуе мяне ўсё жыццё і я за гэта ёй вельмі ўдзячны.
Нас у мамы было трое, і я толькі калі вырас, стаў разумець, колькі клопатаў і сіл ёй каштавала дагледзець нас усіх пасля работы і яшчэ дапамагчы мне зрабіць урокі.
Не хопіць ніякіх слоў, каб выказаць удзячнасць нашым мама за ўсё, што яны зрабілі для нас. У нашых сілах толькі падтрымліваць і аберагаць іх, пакуль яны побач з намі.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
















