Кастрычнік працягвае марафон уборачных работ на палях.
Згодна з аператыўнай інфармацыяй упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кукурузы на корм і сілас скошана, па стане на 16 кастрычніка, 9192 гектары, або 88% ад неабходнага. Справіліся з планавымі аб’ёмамі ААТ “17 Верасня”, “Грыцкевічы”, “Лань-Нясвіж”, СВК “Агракамбінат Сноў” і ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. Усяго сабрана звыш 350 тысяч тон зялёнай масы. Сярэдняя ўраджайнасць яе — 380,8 ц/га. Самая высокая — у “Грыцкевічах” (487 ц/га), “Агракамбінаце Нясвіжскі” (423 ц/га), ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” (416 ц/га), ААТ “Сейлавічы” (414 ц/га), “Агракамбінаце Сноў” (400 ц/га).
Кукуруза на зерне ўбрана з плошчы 1895 га, або 44% ад неабходнага. На 16 кастрычніка снаўчане абмалацілі пачаткі на плошчы ў 87%, камбайнеры ДП “ЭБ “Свеклавічная” — 61%, “17 Верасня” і “Грыцкевіч” — па 49%. Убраная плошча шырыцца з кожным днём. Так, за 15 кастрычніка ў раёне вызвалілі 196 гектараў, у т. л. 50 га — у “Снове”, 30 га — у “Нясвіжскіх Астроўках”, 24 га — у “НОВЫМ ЖЫЦЦІ”. Усяго было намалочана 23132 тоны бурштынавага зерня. Сярэдняя ўраджайнасць — 122,1 ц/га. Асабліва парадавала яна земляробаў “Грыцкевіч”, дзе сабралі па 156 ц/га, “Агракамбіната Сноў” (143 ц/га), “НОВАГА ЖЫЦЦЯ” (130 ц/га). Адным са спосабаў захавання зерня кукурузы з’яўляецца плюшчэнне. Яго шырока прымяняюць сельгаспрадпрыемствы, назапашана па такой тэхналогіі амаль 13 тысяч тон зерня.
Цукровыя буракі выкапаны на плошчы 2923 га, або 65% ад неабходнага. На 16 кастрычніка з гэтай работай справіліся “Грыцкевічы”. 96% было выкапана ў “НОВЫМ ЖЫЦЦІ”, 88% — у “ЭБ “Свеклавічная”, 76% — у “17 Верасня”. Дзённая прыбаўка па раёне склала 79 га. У т.л. у “Грыцкевічах” убіралі апошнія 14 га. Плюс за дзень у 12 га далі вераснёўцы, 11 га — снаўчане. Салодкага кораня ўсяго было накапана амаль 170 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць — 580,8 ц/га. Значна вышэй яна ў “Агракамбінаце Сноў” — 762, “ЭБ “Свеклавічная” — 650, “Нясвіжскіх Астроўках” — 648 ц/га. На Гарадзейскі цукровы камбінат гаспадаркі раёна рэалізавалі 135518 тон буракоў у фізічнай вазе. Сярэдняя цукрыстасць склала 17,72%, а ў “Агракамбінаце Сноў” і РУП “Доследная навуковая станцыя па цукровых бураках” — па 17,90%.
Працягваецца шэраг іншых восеньскіх палявых работ. Снаўчане ўбралі бульбу на ўсіх 35 гектарах, з кожнага сабралі па 482 цэнтнеры клубняў. Заканчваюць копку ў ДСГУ “Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя”.
Адначасова земляробы клапоцяцца пра ўраджай 2026 года. А гэта і хімпраполка азімых збожжавых, і апрацоўка фунгіцыдамі і інсектыцыдамі азімага рапсу з адначасовым унясеннем рэгулятараў росту.
Актыўна вядзецца і зяблівае ворыва. Глеба пад яравыя культуры ўзарана на 2139 га. Найбольшыя плошчы — у ААТ “Лань-Нясвіж” (529 га) і “Агракамбінаце Сноў” (428 га).
Для жывёлы з кукурузы назапашана звыш 311898 тон сіласу. Закладзена больш за 178315 тон сенажу, ёсць 7373 тоны сена. Для гэтага механізатары ўбіралі травы чатырох укосаў. А зараз у “Агракамбінаце Нясвіжскі” ўбіраюць скошаныя ў пяты раз.
На адну ўмоўную галаву жывёлы ў раёне назапашана 25,33 цэнтнера кармавых адзінак. У тым ліку ў ААТ “Лань-Нясвіж” — 38,4 ц, у ААТ “Сейлавічы” — 34,4 ц, у ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” — 32,6 цэнтнера.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



