Ужо не першы месяц несвіжане чуюць некалькі разоў у дзень меладычны звон, які плыве па горадзе ад касцёла. Нашых чытачоў зацікавіла, што гэта за гукі, як яны ўзнікаюць і што азначаюць?
На гэта пытанне мы папрасілі адказаць пробашча касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, ксяндза каноніка Пятра Шарко.
Вось што ён патлумачыў:
— Звон са званіцы каля касцёла сапраўды розны. Перад імшамі ў вялікія святы і ў нядзелю звоніць сапраўдны металічны звон, размешчаны ў вежы. У буднія дні за паўгадзіны да імшы гучыць запісаны звон. У восем гадзін раніцы таксама ў запісе гучыць мелодыя касцёльнай песні “Калі зранку ўстае зараніца”, якая нагадвае аб ранішняй малітве. У 12 гадзін дня ў звычайны перыяд года гучыць мелодыя, што заахвочвае да малітвы “Анёл Панскі”, а ў велікодны — “Regina Celia”. У тры гадзіны дня, у гадзіну Божай Міласэрнасці, раздаецца мелодыя суплікацыі “Святы Божа” — малітвы, у якой мы выпрошваем Божай Міласэрнасці да ўсіх нас. У дзевяць гадзін вечара гучыць мелодыя яшчэ адной цудоўнай песні — “Маці Будслаўская, маці святая”, — якая заклікае да вячэрняй малітвы.
Усе гэтыя мелодыі — і натуральныя, і запісаныя, — маюць сваёй мэтай нагадаць нам пра сілу шчырай малітвы і пра тое, што Бог заўжды з намі.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
















