Святлана НАУМОВІЧ, жыхарка аграгарадка Аношкі:
— Мой дзядуля, Міхаіл Пятровіч Карачун, жыў у вёсцы Жанкавічы. Вёў гаспадарку. Калі ў 1944 годзе Беларусь вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, пайшоў у армію.
Прызыўнікоў спачатку павезлі ў горад Разань. Два месяцы мой будучы дзядуля праходзіў там ваенную падрыхтоўку. Затым салдат накіравалі на фронт. Ваяваў ён на II Беларускім. Разам служылі яго землякі Сяргей Іванавіч Карачун і Іосіф Сямёнавіч Карачун. На жаль, яны загінулі ў баях з ворагам, не вярнуліся ў родныя Жанкавічы.
У жорсткіх схватках з фашыстамі ва Усходняй Прусіі Міхаіл Карачун быў цяжка паранены. Спачатку яго змясцілі ў шпіталь у Вільні, затым адправілі на лячэнне ў Тулу. Паправіўшыся, праз тры месяцы салдат зноў пайшоў на фронт. Пад Познань. Служыў ён у 82-м стралковым палку зараджаючым гарматы. Сказаць, што на фронце было цяжка — нічога не сказаць. Пад безупынным агнём праціўніка нашы воіны фарсіравалі Одэр. Людзі гінулі. Вада афарбоўвалася крывёю ў чырвоны колер. Жывымі заставаліся тыя, каму проста пашанцавала. Мусіць, таму дзядуля і не любіў расказваць нам пра вайну, бо на ёй рабілася нешта неймаверна страшнае.
Міхаілу Карачуну пашанцавала выжыць. І ён дайшоў з аднапалчанамі да Берліна, да логава фашызму. Сярод тых, каго ўзгадваў дзядуля пры выпадку, быў камандзір роты старшы лейтэнант Уладзімір Іванавіч Лужбін. Украінец па нацыянальнасці. Вясёлы, жыццярадасны чалавек. А гэта было вельмі важна на фронце, дзе кроў і смерць, для падняцця маральнага духу байцоў. Афіцэр таксама застаўся жывым. Толькі іх жыццёвыя шляхі з маім дзядулем разышліся. Заставаліся толькі ўспаміны і сумесны здымак на памяць.

Чырвонаармеец Міхаіл Карачун (справа) з камандзірам роты Уладзімірам Лужбіным (1945 г.)
Калі ў дзядулі пыталіся, што адчуваў, калі даведаўся пра перамогу, ён адказваў:
— Радасць! Ой, што там рабілася! Мы крычалі, стралялі ў неба, абдымаліся. Нас перапаўнялі пачуцці.
Міхаіл Пятровіч дэмабілізаваўся ў 1946 годзе. Вярнуўся ў родную вёску. Там яго чакала жонка Вольга Іосіфаўна з дачкой Аленкай. Калі ішоў на вайну, дачушцы было паўтара годзіка, а вярнуўся — убачыў падросшую прыгажуньку. Бабуля ўспамінала, што дачка вельмі чакала бацьку з вайны. Яна часта паўтарала:
— Каб скарэй татка дамоў вярнуўся.
Дачакалася Аленка свайго татку. Пасля ў яе з’явіліся сястра і брат. Сям’я будавала мірнае, вольнае жыццё на роднай зямлі. Дзядуля ўступіў у калгас. Працаваў падвозчыкам на ферме, даглядалі з жонкай авечак, быў загадчыкам фермы. Застаецца ўдакладніць, што Алена Міхайлаўна — гэта мая мама. Род Міхаіла Пятровіча працягваюць 6 унучак, 8 праўнукаў і 6 прапраўнукаў.

Міхаіл Пятровіч з жонкай Вольгай Іосіфаўнай
Нашы дзядуля і бабуля вельмі хораша спявалі. Ці калі самі куды ў госці ездзілі, ці калі ў іх збіраліся — за сталом заўсёды была песня. А да іх у Жанкавічы мы абавязкова ездзілі ў святочны дзень — на Пятра, дзядуля ж наш — Пятровіч, і родныя людзі заўсёды збіраліся разам. Любоў да песні, прыгожыя галасы перадаліся і маёй маме Алене, і яе сястры цётцы Ядвізе.
І наогул, дзядуля быў вельмі добрым чалавекам: разумным, разважлівым. Яны з бабуляй былі цудоўнай парай, прыкладам для дзяцей і нас, унукаў.
У сям’і захоўваюцца ўзнагароды дзядулі: ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, медалі “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”. Мы ганарымся сваім дзядулем, шануем яго вялікі подзвіг абаронцы, франтавіка, удзячны яму за чыстае неба, за мірнае жыццё. Цяпер наш абавязак — захаваць, зберагчы ўсё тое, што здабылі нашы продкі.

Міхаіл Пятровіч Карачун (1920 — 2014)
Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
P. S. У 2008 годзе журналісцкія шляхі-дарогі прывялі мяне ў Жанкавічы, да Міхаіла Пятровіча Карачуна. Сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны была і цікавай, і хвалюючай. Ён жа браў Берлін, логава нацызму! І як слаўна, што ўнукі і праўнукі памятаюць гэты подзвіг дзядулі, шануюць яго памяць.
На галоўным фота: Міхаіл Пятровіч у акружэнні дзяцей — вучняў Аношкаўскай сярэдняй школы.
















