Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Старонкі гісторыі. Курс на захад

Пост опубликован: 29.10.2025

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія пачала знакаміты вызваленчы паход на заходнія землі Беларусі і Украіны, якія аказаліся “нічыйнымі” з-за разгрому Польшчы гітлераўскай Германіяй. У выніку Беларусі былі вернуты яе заходнія рэгіёны, якія раней папалі пад уладу другой Рэчы Паспалітай па Рыжскаму дагавору 1921 года, заключанаму пасля няўдалай для Савецкай Расіі вайны з Польшчай.

У складзе Польшчы, кажучы шчыра, жылося не салодка. У той час, як ва ўсходняй частцы існавала Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, імкліва развівалася эканоміка і культура, Заходняя Беларусь была адносна адсталай аграрнай часткай на ўскрайку Польшчы і выкарыстоўвалася ёю ў асноўным як крыніца рэсурсаў і таннай рабочай сілы. Тут кіравала ўлада польскіх паноў і капіталістаў, якія вялі жорсткі акупацыйны рэжым, эксплуатавалі рабочых і сялян.

Працоўны дзень у Заходняй Беларусі складаў 10 — 12 гадзін, а заработная плата была куды больш нізкай, чым на тэрыторыі ўласна Польшчы. Яшчэ горш аплачвалася праца жанчын і падлеткаў.
Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, для 7% асноўнай крыніцай прыбытку была наёмная праца.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі было ўведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльнае раздзяленне па аналогіі з Рэччу Паспалітай. Былі створаны чатыры ваяводствы: Віленскае, Навагрудскае, Беластокскае і Палесскае. Ваяводствы падзяляліся на паветы, а паветы, у сваю чаргу, — на гміны. У склад Нясвіжскага павета, які падпарадкаваўся Навагрудскаму ваяводству, уваходзілі Нясвіжская, Гарадзейская, Ланская, Сноўская гміны, а таксама Гавезнянская (зараз Стаўбцоўскі раён), Грыцэвічская, Заастравечская, Клецкая і Сіняўская гміны (зараз Клецкі раён).

Нясвіж стаў цэнтрам павета. Ён меў свой герб, падораны гораду яшчэ ў 1586 годзе і пацверджаны распараджэннем міністэрства ўнутраных спраў ад 3 кастрычніка 1933 года. Функцыянавалі дзяржаўныя ўстановы: павятовае староства і сеймік, магістрат, паліцэйскі ўчастак, аддзелы асветы, медыцыны і культуры. У ваколіцах размяшчаўся 27-ы полк уланаў імя Стэфана Баторыя. У 1925 годзе камандаванне корпуса выкупіла Сноўскі палац разам з зямельным участкам, дзе і размясцілася адміністрацыя, кватэраваўся афіцэрскі састаў.

Першым старастай павета быў Ежы Чарноцкі, апошнім — Антон Вінчэўскі. Павятовы стараста прызначаў войта гміны. З дазволу старасты і войта выбіралася гмінная рада. Прадстаўнікамі ўлады ў сельскай мясцовасці былі солтысы. У кожнай гміне меўся паліцэйскі ўчастак, дзейнічалі так званыя пакаёвыя або міравыя суды. З ліку карэннага польскага насельніцтва камплектаваўся апарат акцызных і падатковых чыноўнікаў, землямераў, леснікоў.

Павет займаў тэрыторыю 1984 кв. км. Згодна перапісу насельніцтва ад 1921 года, тут пражывалі 101361 чалавек, у тым ліку ў Нясвіжы і Клецку — 12704, з іх 20,3% — беларусы, 17,6% — палякі, 59,1 — яўрэі і 3% — насельніцтва другіх нацыянальнасцей. У сельскай мясцовасці 81,3% сладалі беларусы-праваслаўныя, 14,1% — беларусы-каталікі, 2,3% — яўрэі і 0,2% — прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей.

Асноўную масу насельніцтва складалі сельскія жыхары. Сялянам не хапала зямлі, сустракаліся перажыткі рабаўладальніцкага строю (дзейнічала сістэма адпрацовак, вялікія падаткі), бесперапынна рос кошт прамысловых тавараў, а кошт сельскагаспадарчай прадукцыі, наадварот, быў вельмі нізкім.

З боку афіцыйнай улады Нясвіжу ўдзялялася больш увагі, чым другім адміністрацыйным адзінкам усходніх зямель, так як тэрыторыя павета падыходзіла да мяжы з Савецкай Беларуссю і мела стратэгічнае значэнне. Але з пункту гледжання развіцця эканомікі і ўзроўня жыцця працоўнага насельніцтва павет істотна не змяняўся. З прадпрыемстваў, якія працавалі на гэтай тэрыторыі да 1939 года, вылучаўся механізаваны млын братоў Крашэўскіх, сушылка агародніны і гарадская бойня. Будавалася фабрыка суконных вырабаў, а таксама прыватная электрастанцыя магутнасцю 175 кВт.
У павеце працавала гімназія, 14 сямігадовых і пачатковых школ і бібліятэка. Праводзілася палітыка прымусовай паланізацыі і асіміляцыі. Навучанне ў школах вялося выключна на польскай мове. З першых дзён навучання дзецям прывівалася тое, што яны “малыя палякі” і павінны ганарыцца тым, што жывуць на польскай зямлі, сярод сваіх. Польская мова была мовай усіх газет і часопісаў, якія выдаваліся на тэрыторыі з 1932 года. Не лепшай была сітуацыя і з аказаннем медыцынскай дапамогі. Ва ўсім павеце дзейнічала толькі адна бальніца, насельніцтва абслугоўвалі 3 — 4 прыватных урача, паслугі якіх каштавалі вельмі дорага.

Згаджацца з такой сітуацыяй ніхто не хацеў. То тут, то там гарэлі панскія маёнткі. Але чым больш расла людская незадаволенасць, тым больш лютавалі паны і чыноўнікі. Пачынаючы з 1921 года ўзнікалі падпольныя камуністычныя арганізацыі ў Нясвіжы, Снове, Гарадзеі, Быхаўшчыне, Казлах. Па некаторых звестках, на тэрыторыі павета налічвалася каля 230 членаў КПЗБ. Яны вялі істотную работу па аб’яднанню рабочых Заходняй Беларусі, распаўсюджвалі лістоўкі і палітычную літаратуру.

У гісторыі вызваленчага руху на нясвіжскай зямлі важную старонку пакінула Гарадзейская падпольная арганізацыя. У асноўным, гэта былі чыгуначнікі, якімі кіраваў Аляксандр Скачко. Ён працаваў шафёрам і меў магчымасць перамяшчацца па тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы. І гэта дазваляла яму атрымліваць неабходную інфармацыю, вясці нелегальную работу. Гарадзейскія падпольшчыкі значна ўплывалі на фарміраванне маральна-псіхалагічнай атмасферы сярод сялян і рабочых. іх выдалі здраднікі за вялікае ўзнагароджанне. Навагрудскі ваенны трыбунал вынес смяротны прысуд для сямі чалавек. І 28 лістапада 1931 года каля Баранавіцкага астрогу былі павешаны Іван Борыс, Анатоль Гаціцкі, Мікалай Казей, Іван Саракавік, Аляксандр Скачко, Мікалай Тараповіч і Нікіфар Цвірко.

У 1931 годзе ў вёсцы Быхаўшчына Ланскай гміны прайшло масавае паўстанне супраць гвалтоўнага высялення з хутара. Мужчыны і жанчыны выйшлі з сякерамі і віламі, кінулі землямера ў раку, прагналі войта. Сюды былі сцягнуты паліцэйскія сілы з Нясвіжа і Баранавіч. Вёска была акружана, бунт падаўлены, 35 чалавек арыштаваны і адпраўлены ў Сноўскі паліцэйскі ўчастак. Арганізатары паўстання былі асуджаны.

У верасні 1929 года прайшлі хваляванні ў радзівілаўскіх маёнтках, у іх прынялі ўдзел 300 чалавек. Патрабаванне было толькі адно: “паляпшэнне ўмоў працы і павышэнне заробку”.

Неаднаразова звярталіся ў павятовую адміністрацыю наконт адкрыцця школ на беларускай мове, але ўсе просьбы былі адхілены. Нягледзечы на гэта, у многіх населеных пунктах утвараліся гурткі самаадукацыі, заняткі праводзіліся падпольна. Наладжвалася і культурна-асветніцкая работа. З 1926 года пачаў дзейнічаць Лявонавіцкі харавы калектыў, які ўзначаліў Сяргей Новік-Пяюн. З 1933 года — Ланскі мужчынскі народны хор.

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. 3 верасня Францыя і Англія аб’явілі вайну Германіі. Пачалася Другая Сусветная вайна.

Супраціўленне польскай арміі ў Гдыні, Модліне і Варшаве не змагло супрацьстаяць добра ўзброенай машыне гітлераўскага рэйху. Да сярэдзіны верасня фашысцкія войскі занялі амаль усе жыццёва важныя цэнтры Польшчы, а 14 верасня падышлі да Брэста, 15 верасня ўзялі Беласток. На завяршаючым этапе польска-германскай вайны ўзнікла сітуацыя, калі насельніцтва яшчэ не захопленых тэрыторый было пакінута ўсімі. Прадугледжваючы такі ход падзей, 10 верасня 1939 года нарком замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў заявіў, што “Польшча распадаецца, і гэта вымушае Савецкі Саюз прыйсці на дапамогу ўкраінцам і беларусам, каторым пагражае Германія”.

А ў гэты час нямецкія войскі хутка ішлі на ўсход, перадавыя танкавыя атрады ўжо падышлі да Кобрына. Навісла рэальная пагроза гітлераўскай акупацыі заходнебеларускіх зямель. Абставіны патрабавалі ад кіраўніцтва Савецкага Саюза рашучых і неадкладных дзеянняў…

Ірына ЕФІШОВА.

На галоўнай выяве: (злева направа) Нясвіжская ратуша, фота 1930-х гадоў, вуліца Нясвіжа, канец 1920-х гадоў, нясвіжскія яўрэі на вуліцах горада, 1930-я гады.

– Advertisement –

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика