У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў межах сумеснага праекта “Узыходжанне” бібліятэкі і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы прайшла канферэнцыя “Гульні, у якія гуляюць дзеці, або Умовы для шчаслівага дзяцінства”.
Яе арганізатары — супрацоўнікі бібліятэкі, святары Нясвіжскага благачыння і супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама — запрасілі да размовы педагогаў, бацькоў і вучняў устаноў адукацыі раёна, а таксама наведвальнікаў духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”.

Увазе ўдзельнікаў канферэнцыі была прапанавана выстава літаратуры на тэму абмеркавання. У часопісе “Любите друг друга” Аляксандр Багатыроў у артыкуле “Мультфільм — небяспечная зона” гаворыць наступнае: “Дзякуючы” сучаснаму тэлебачынню і камп’ютарным гульням нашы дзеці, акрамя агрэсіі, страху, антыэстэрызму атрымліваюць не толькі падманную і вельмі небяспечную інфармацыю аб “уладкаванні свету”, але і псіхіка іх робіцца больш жорсткай, тупее, не дазваляючы дзіцяці ў поўнай меры развіцца як асобе”. Аўтар упэўнены, што карэнным чынам змяніўся дзіцячы свет. І не ў лепшы бок.
Матэрыял датаваны 2005 годам. Сённяшняе становішча ў гэтым пытанні ва ўсіх на вачах.
Свае погляды на праблему выказаў благачынны Нясвіжскага благачыння, настаяцель храма Узнясення Гасподня, кіраўнік духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць” протаіерэй Аляксандр Данчанка, асвяціўшы тэму “Каб свята не стала смуткам”, аб імкненні падлеткаў, якія ў вачах равеснікаў жадаюць выглядаць больш дарослымі, далучацца да шкодных звычак.

Намеснік благачыннага Нясвіжскага благачыння, клірык храма Узнясення Гасподня іерэй Іаан Уханаў разважаў на тэму “Сучасныя гульні: карысць і небяспека”. Святар расказаў і пра небяспеку некаторых фільмаў і мультфільмаў для дзяцей.

Альтэрнатыву сказанаму і сённяшняй сітуацыі падказаў клірык храма Георгія Перамаганосца ў Нясвіжы іерэй Павел Фокін, параіўшы дарослым пачаць з сябе. Айцец Павел расказаў, якімі гульнямі заняць усю сям’ю, а таксама параіў фільмы, якія можна паглядзець разам. Выказала свае меркаванні і рэгент хору храма Узнясення Гасподня, сябра раённага-літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алена Шаблоўская, прапанаваўшы ўвазе ўдзельнікаў канферэнцыі некалькі вершаў на тэму, адрасаваных дзецям.
Вынікі канферэнцыі падвёў протаіерэй Аляксандр Данчанка. Айцец Аляксандр адзначыў, што ўсе мы павінны павярнуцца да храма, прасіць ў Бога дапамогі ў вырашэнні цяжкасцей, у тым ліку і цяжкасцей, звязаных з выхаваннем падрастаючага пакалення. Бацюшка упэўнены, што ўсякая просьба такога кшталту не застаецца незаўважанай у Госпада. Святар благаславіў усіх прысутных, пажадаў дапамогі Божай на ўсе добрыя пачынанні і справы.


















