У межах сумеснага праекта “Узыходжанне” прайшла чарговая канферэнцыя з удзелам педагогаў Нясвіжчыны “Духоўна-маральнае выхаванне падлеткаў і моладзі на прыкладзе лёсаў святых роднага краю: святая блажэнная Валянціна Мінская”, арганізаваная супрацоўнікамі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, педагогамі Станькаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў і супрацоўнікамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама.
Канферэнцыя пачалася ў бібліятэцы з благаславення і звароту да яе ўдзельнікаў благачыннага Нясвіжскага благачыння, настаяцеля храма Узнясення Гасподня протаіерэя Аляксандра Данчанкі.
— Наша зямное жыццё — гэта шлях, які нас абавязвае да змен у сваёй душы. Я не заклікаю вас быць прапаведнікамі, але неабходна з тым, што вы робіце, навучаючы свайму прадмету, паралельна даносіць і крупіцы духоўнай мудрасці, каб дапамагчы нашым дзецям здзейсніць самы галоўны выбар у сваім жыцці, да якога кожны чалавек закліканы: выбраць веру. Таму што веры на зямлі дзве: вера ў тое, што Бог ёсць, і ў тое, што Бога няма. Мы нічога не дакажам юнаму пакаленню, але дапамагчы мы можам. Адзін з момантаў — зразумець, што чалавек, найвялікшае стварэнне Божае, мае бессмяротную душу. І наш зямны шлях — гэта школа, дзе мы рыхтуемся, каб увайсці ў вечнасць. Што мы зможам набыць тут унутры сябе — гэта самае вялікае багацце і каштоўнасць. Таму сённяшняя падзея ёсць дадатак у скарбонку сваіх духоўных каштоўнасцей яшчэ нейкага патэнцыялу для таго, каб перадаць яго сваім вучням, — адзначыў святар.
Затым удзельнікі канферэнцыі адправіліся ў Станькава Дзяржынскага раёна. Спачатку — у храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, што з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя, дзе ў свой час служыў бацька святой блажэннай Валянціны Мінскай — Фёдар Чарняўскі. Тут будучую святую хрысцілі. Тут яна вянчалася са сваім мужам — Фёдарам Сулкоўскім.
Аб гісторыі гэтай царквы і яе святынях расказаў настаяцель протаіерэй Аляксандр Мікіцкі. Удзельнікі канферэнцыі даведаліся, што праект храма быў заказаны ўладальнікам тых мясцінаў у знакамітага архітэктара Канстанціна Тона, аўтара праекта храма Хрыста Выратавальніка ў Маскве. Будаўніцтва станькаўскай святыні доўжылася шэсць гадоў — з 1852 па 1858 год. Храм праіснаваў да 1936 года. Пасля яго выкарыстоўвалі як збожжасховішча, а ў 60-х гадах спрабавалі знішчыць — тры разы ўзрывалі, але разбурылі толькі часткова. Пасля заканчэння семінарыі айцец Аляксандр атрымаў накіраванне ў Станькава. Першым месцам яго служэння стала часовая царква, якая мясцілася ў маленькім дамку. Ён спрабаваў шукаць матэрыяльнай дапамогі, каб пачаць адраджэнне разбуранай святыні. Усё было марна. Аднойчы зайшоў у зруйнаваны храм. Там і адбылася размова з Богам. Наказ здзівіў: “Маліцца трэба”. “Дык мы ж молімся”, — прыйшла ў адказ думка. Але святар зразумеў, што маліцца патрэбна якраз у разбураным храме. З таго часу напрацягу шасці гадоў кожны чацвер, у любое надвор’е, настаяцель і прыхаджане чыталі тут акафіст Свяціцелю Мікалаю. І ён дапамог. Асаблівыя зрухі пачаліся, калі 6 лютага 2006 года была кананізавана матушка Валянціна. Адраджэнне храма доўжылася зноў жа шэсць гадоў.
Наведалі несвіжане і філіял “Станькаўская дзіцячая музычная школа мастацтваў”, дзе выкладчыкі школы, а адначасова і заснавальнікі духоўна-культурнага цэнтра “Адраджэнне” пры іх установе Святлана Сохань і Святлана Кароткая расказалі аб дзейнасці цэнтра, працы з дзецьмі і моладдзю, пра пошук матэрыялаў аб жыцці і малітоўным подзвігу святой блажэннай Валянціны Мінскай, цудах, здзейсненых па яе малітвах яшчэ пры жыцці і пасля адыходу ў вечнасць. Такіх выпадкаў вельмі шмат. Яны датычацца асабістых момантаў жыцця станькаўскіх падзвіжніц, а таксама людзей, якія на магілку святой трапілі па розных прычынах. Вось адзін з прыкладаў.
Падлетак Андрэй быў вельмі шустрым і нават хуліганістым. У Бога не верыў. Веруючымі ў сям’і быў брат Сяргей і мама. Калі на магілцы святой усталёўвалі вялікі драўляны крыж з яе іконай, Андрэй дапамагаў брату. Справа была скончана і Сяргей прамовіў: “Ты сваёй лысай галавой хоць да крыжа прыкладзіся”. Андрэй паслухаў. Праз некаторы час, абараняючы Сяргея, Андрэй выпаў з акна, дакладна, не з першага паверха. Калі хлопца прывезлі ў бальніцу, урачы сказалі маці, што жыць яму дні тры, бо пашкоджаны ўнутраныя органы. Маці запрасіла айца Аляксандра, каб прычасціў сына перад адыходам у вечнасць. Якім было здзіўленне святара, калі праз тры дні яму патэлефанаваў сам Андрэй:
— Мне трэба з Вамі пагаварыць.
Малады чалавек расказаў, што, калі святар выйшаў з палаты, ён заснуў. На самай справе — упаў у кому.
— Мне снілася, што я нібы ў пустыні і міма мяне ідуць людзі ў доўгіх аблачэннях, — расказваў ён святару. — Адна жанчына падыходзіць да мяне. Я яе пазнаў. Гэта была матушка Валянціна (яе ён бачыў на іконе, калі прыкладаўся да крыжа). Яна мне нешта сказала і пайшла далей.
У той час, калі хлопец знаходзіўся паміж жыццём і смерцю, маці горача маліла матушку Валянціну аб выратаванні і ацаленні сына.
Гэтая жыццёвая сітуацыя перайначыла ўсё яго жыццё. Ён пакінуў хуліганіць, стаў веруючым чалавекам. Зараз у яго сям’я, двое дзяцей…
Памятайце, шаноўныя чытачы, пра мацярынскую малітву, якая з дна мора дастане. І я сама неаднойчы ўпэўнівалася ў сіле малітвы да нашай беларускай святой.
Святлана Валер’еўна і Святлана Мікалаеўна паказалі святыні, якія належалі матушцы Валянціне: Евангелле сям’і Чарняўскіх, датаванае 1800 годам, рукапісы, лісты, сшыткі з імёнамі духоўных чад, настольнік з выявай Тайнай вячэры…
На выставе, падрыхтаванай загадчыкам установы Алегам Пяткуном, былі прадстаўлены рэдкія матэрыялы, кнігі і альбомы, прысвечаныя беларускай святой. Некаторыя з іх дырэктар і педагогі школы перадалі ў Нясвіжскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Пранузы для часовага карыстання.
У духоўна-культурны цэнтр “Адраджэнне” прыходзіць шмат лістоў ад людзей з розных куточкаў Беларусі і не толькі. Ні адзін ліст не застаецца без адказу. Хтосьці піша пра ацаленні, вырашэнне складаных жыццёвых сітуацый па малітвах да матушкі Валянціны пасля наведвання яе магілкі. Хтосьці, не маючы магчымасці наведаць месца пахавання святой, звяртаецца з просьбай памаліцца.
Супрацоўнікі цэнтра прапанавалі педагогам Нясвіжчыны таксама падзяліцца сваімі сведчаннямі. Па благаславенні благачыннага Нясвіжскага благачыння протаіерэя Аляксандра Данчанкі гэтыя матэрыялы будуць занатаваны. Далучыцца да такой неабходнай многім справы могуць не толькі педагогі, але і родныя іх вучняў, а таксама ўсе вы, шаноўныя чытачы. Магчыма, гэтыя сведчанні дапамогуць у жыцці тым, каму не стае веры.
Пабылі педагогі і на магілцы святой блажэннай Валянціны Мінскай, звярнуўшыся з малітвай, прачыталі акафіст у яе гонар, наведалі і Вітаўскую крыніцу. Калі будзе заўгодна Богу, па ўзгаданых мясцінах адправяцца і іх вучні, бо няма найлепшай справы, як вывучаць гісторыю сваёй краіны, дакранаючыся да яе святыняў.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Узыходжанне”.

















