Работа журналіста часта вядзе незнаёмымі сцяжынкамі, на якіх ты сустракаеш самых розных людзей — самабытных, цікавых, адданых сваёй справе. Адна з прафесійных сцежак прывяла мяне да парога хаты ў вёсцы Вялікая Быхаўшчына. Тут жыве надзвычайна цікавы чалавек — Іван Міхайлавіч Цар. Яму ўжо далёка за 90 гадоў, за плячыма — не толькі доўгае жыццё, але і мудрасць, неацэнныя ўспаміны аб тым, што было раней. Гісторыя яго жыцця цесна звязана з гэтай мясцовасцю, з малой радзімай.
Іван Міхайлавіч нарадзіўся на хутары Хвашчова каля вёскі Вялікая Быхаўшчына ў чэрвені 1931 года. Ён рана страціў маці, бацька паўторна ажаніўся.
— Смерць мамы для мяне цяжка ўспамінаць і па сённяшні дзень, — кажа Іван Міхайлавіч. — Нават цяпер, стары чалавек, многія мае блізкія ўжо на тым свеце. Але як успомню пра маму — слёзы быццам самі па сабе хочуць ісці. Мачыха мая была добрай жанчынай, шкадавала мяне і сястру. Але гэта ж не тое, што родная маці. Таму ўсім дзецям кажу: калі бацькі няма — вы сіраты напалову, а калі маці не стане — цалкам. Нажаль, і тата скора пайшоў з жыцця…
Іван Міхайлавіч скончыў некалькі класаў польскай школы ў Вялікай Быхаўшчыне, пасля 1939 года працягнуў навучанне ў савецкай.
— Вучыўся я добра, — кажа ён. — Мне ўсё было цікава, настаўнікі хвалілі, казалі, што здольным хлопчыкам быў. Але, шчыра кажучы, не да вучобы было ў тыя часы. Калі не стала бацькі прышлося ўзяць гаспадарку ў свае рукі. Я ж старэйшым быў. Ужо ў 12 гадоў самастойна араў, баранаваў. Дзякаваць богу, бацька ўсяму навучыў. Цяжка працавалі ў той час і дарослыя, і дзеці. Не магу ўявіць сабе, што сёння дванаццацігадовы хлопчык змог бы выконваць усю работу па гаспадарцы. Ды і не трэба гэта, усяму свой час. Мяне гора прымусіла, нядоля рана дарослым зрабіла.
Добра помніць Іван Міхайлавіч і часы ліхалецця: як уладкоўвалася на заходніх землях савецкая ўлада, як была вайна і як аднаўлялася гаспадарка пасля разрухі.
— Як снончылася вайна, я ж ужо падлеткам быў, — успамінае І.М. Цар. — А ў нашай мясцовасці столькі снарадаў пааставалася. І ўсё гэта, разумееце, дзяцей вельмі цікавіла. Каб вы толькі ведалі, колькі іх пакалечылася з-за гэтага! Што казаць, і мне было цікава ў той час іх знаходзіць. Тут толькі Бог мяне, мусіць, абараніў ад смерці. Што хацець, дзецьмі былі, нічога не баяліся, хутчэй, не думалі пра наступствы. Вось такія небяспечныя гульні ў той час былі.
У 1954 годзе Іван Міхайлавіч прыйшоў з арміі і пачаў працаваць у мясцовай гаспадарцы — спачатку вадзіцелем, а потым трактарыстам.
— Каб вы ведалі, як было няпроста працаваць на першых трактарах, — дзеліцца ён. — Зразумела, куды прасцей, чым толькі рукамі. Але раўняць іх з сучаснымі нельга. Тыя, хто працаваў на іх, добра ведае, што я маю на ўвазе. Калі б мне сказалі ў той час, што збожжа з палёў могуць убраць літаральна за тыдзень пры ўмове добрага надвор’я, я напэўна, падумаў бы, што гэта нейкі жарт. А цяпер так адбываецца. Але што хацець, час не стаіць на месцы, ўсё ўдасканальваецца, змяняецца. Гэта добра, так і трэба. Але ведаеце што мяне засмучвае? Што людзі не надта хочуць ісці ў сельскую гаспадарку. Усё скардзяцца… Рабіць трэба — вось, што я скажу. Лёгка нікому не бывае, ні на якой працы.
Іван Міхайлавіч ведае, аб чым гаворыць. Ён з маленства цяжка працаваў, у калгасе заўсёды быў на добрым рахунку ў кіраўніцтва — увесь час у ліку перадавікоў, нават дзве ўзнагароды на ВДНГ мае — сярэбраны і бронзавы медалі за ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі. А яшчэ Іван Цар — добры сем’янін. Ён выгадаваў дачку і сына, чатырох унукаў. Зараз яго радуюць дзесяць праўнукаў.
— Бывае думаю: калі тое жыццё паспела прайсці, — расказвае Іван Міхайлавіч. — Здаецца, нядаўна дванаццацігадовым хлапчуком за плугам хадзіў. Рукі балелі, слёзы каціліся… А ўжо за 90 гадоў! Усё вельмі хутка адбываецца. Сіл ужо няма, а вачыма, здаецца, і сёння ўсю работу перарабіў бы. Шкадую, што ўжо больш не змагу на зямлі працаваць.
Толькі вельмі спадзяюся, што мае ўнукі і праўнукі не пакінуць яе, зямельку нашу, гэтак жа, як і я, як мой бацька і як мой дзед, будуць араць, збожжа сеяць… І справу маю земляробскую далей у спадчыну перадаваць.
Ірына ЕФІШОВА.

















