Ванда Емяльянаўна Роўба ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Кіркаўшчына. Тут яна нарадзілася ў 1937 годзе, тут яе дзяцінства прайшло. Яна рана засталася сіратою, жыла з бабуляй.
— Цяжка застацца без бацькоў у малым узросце, — расказвае Ванда Емяльянаўна. — Але ў маім жыцці так склалася, што бабуля мяне выхоўвала, даглядала і ўсяму, што сама ўмела, навучыла. Былі б бацькі, то можа як і па-іншаму жыццё павярнулася. Тут я скончыла школу, вучылася вельмі добра. Але паехаць працягнуць навучанне не змагла: ні сродкаў на гэта не было, ні бабулю пажылую пакінуць не магла, а потым замуж выйшла, дзеці нарадзіліся.
Ванда Емяльянаўна працавала ў мясцовай гаспадарцы. Акрамя работы ў калгасе і дома хапала працы: трое дзяцей гадавала, дамашнюю гаспадарку вяла.
— Што я, што мой пакойны муж — людзі вельмі рухавыя былі. — Абодва да работы спраўныя і спрытныя. Разам з ім гэту хату будавалі, столь падшывалі, падлогу клалі. Гэтак мы добра жылі… Ведаеце, можа мне ў дзяцінстве не пашанцавала сіратою застацца, але Бог даў мне вельмі добрага мужа. Я за ім была сапраўды як за каменнай сцяною. Заўсёды ведала, што ён усе пытанні вырашыць, заўсёды мне паспрыяе і дапаможа — ці то па гаспадарцы ўхадзіцца, ці то дзяцей даглядзець. Вельмі добры чалавек быў — надзейны, адказны. Заўсёды ён мяне шанаваў і шкадаваў. Больш як 50 гадоў мы разам пражылі, а мне зусім і не здоўжылася. Ведама, калі людзі душа ў душу жывуць, то і час гэты хутка пралятае. Ужо 10 гадоў майго Івана Іванавіча няма на гэтым свеце. І не было таго дня, каб я пра яго не ўспомніла добрым словам.
У Ванды Емяльянаўны ёсць адна добрая парада для маладых сямейных пар, якой яна з радасцю падзялілася:
— Ніколі не трэба сварыцца, крычаць, абражаць адзін аднаго. Жыццё ж ніколі надта простым не бывае. Калі штосьці накіпіць, ці ў меркаваннях не зможаце сысціся — не лямантуйце, бо ў гэтым нічога добрага. Ідзіце і займайцеся кожны сваёй справай, а потым, калі злосць адступіць, — пагаворыце спакойна, выслухаеце адзін аднаго. Каб двум людзям добра разам жыць, трэба саступаць умець. І гэта не так-та ўжо і цяжка. Вы ж самі выбралі сабе мужа або жонку — значыць, гэты чалавек вам чымсьці да душы лёг.
Ванда Емяльянаўна некалі была сапраўднай майстрыхай. Яна і вышывала, і вязала, і ткаць умее. Усяму гэтаму яе калісьці навучыла бабуля.
— Некалі цяжка жылося, — уздыхае пажылая жанчына. — Але ўсяго хацелася. І таму стараліся больш працаваць, наладжваць сваё жыццё, дзеля дзяцей стараліся, каб у іх было тое, чаго мы былі пазбаўлены. А цяпер у мяне, як кажуць, усё гатовае: і транспарт грамадскі ходзіць, куды хочаш даехаць можна, і пенсію дадому носяць, і адзежу якую хочаш купляй — усяго хапае. А гэтага ўсяго ўжо не хочацца, бо жыццё да захаду ідзе. Але ж і сядзець склаўшы рукі не магу — не той характар. Летам у агародзе паціху нешта раблю, кветкі саджу. Але ўсё гэта ўжо не тое… Таму і маладым кажу: калі ёсць магчымасці — не адказвайце сабе. Хочаце сукенку купіць — купіце, хочаце паехаць кудысьці — паедзьце. Ніколі на потым не адкладвайце. Сукенка будзе насіцца і настрой вам падымаць, паездка ўспаміны на доўгія гады пакіне… Маладосць вельмі хутка праходзіць, і трэба, каб больш радасных успамінаў аб ёй заставалася.
Ірына ЕФІШОВА.

















