У мастацкай галерэі “МАРА” ў мінулую суботу адкрылася выстава жывапісу “Восеньскі Нясвіжскі эцюд”. У экспазіцыю ўвайшлі творы, напісаныя беларускімі мастакамі падчас пленэру з аднайменнай назвай, які прайшоў у Нясвіжы з 13 па 18 кастрычніка гэтага года.
Арганізатарамі пленэру сталі сябры міжнароднага грамадскага аб’яднання “Еўразійская мастацкая супольнасць” на чале з яе старшынёй Аленай Баравой і ідэйным натхняльнікам пленэру Юліяй Кобай, а таксама мастацкая галерэя “МАРА”. Акрамя іх, у лік мастакоў — удзельнікаў пленэру — увайшлі Віктар Данілаў, Ліліяна Каўхута, Сяргей Цігараў, Анжаліка Вакуліч і Марына Канавалава.
Кожны з іх са сваім светаўспрыманнем і індывідуальным творчым почыркам уклаў у свае творы асабістыя эмоцыі, якія ўзніклі пры наведванні старажытнага палацава-паркавага комплексу князёў Радзівілаў, пабудаваным па праекце знакамітага італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні.
Як зазначыла на адкрыцці выставы дырэктар галерэі “МАРА” мастацтвазнаўца Ларыса Бортнік, выстаўленыя работы ўяўляюць сабой свежыя эцюды, якія могуць успрымацца цалкам скончанымі творамі і ў той жа час могуць служыць мастаку працоўным натурным матэрыялам для стварэння поўнамаштабных пейзажных карцін. Усе эцюды адрозніваюцца імгненнай, жывой эмацыйнай напоўненасцю і менавіта гэтым яны каштоўныя.
Эцюды пішуць, як правіла, невялікага фармату, што тлумачыцца памерам паходнага эцюдніка мастака, ад якога і пайшла назва карціны, напісанай непасрэдна на прыродзе. Адсюль і назва “пленэр”, як форма працы на вольным паветры, што прыйшла ў мастацтва з французскай мовы.
Кожны з творцаў, работы якіх прадстаўлены на выставе, мае свой творчы почырк і свой мастацкі багаж.
Так, старшыня Еўразійскай мастацкай супольнасці, мінчанка Алена Баравая скончыла ў свой час мастацкае вучылішча імя Глебава, працавала мастаком-мадэльерам, вяла плённую выкладчыцкую дзейнасць. Пасля перапынку вярнулася да жывапісу, піша алейнымі і акрылавымі фарбамі ў сваёй унікальнай манеры ў жанрах пейзажу і партрэту. Яе карціны напоўнены цеплынёй, любоўю і дабрынёй. На выставе ёю прадстаўлены віды куточкаў старадаўняга парка Радзівілаў, якія асвятляюць рэдкія пробліскі асенняга сонца.
Ідэйны натхняльнік пленэру Юлія Коба, таксама мінчанка, у 2016 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Дызайн графічны”, працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу, інтэр’ернага аб’ёмнага роспісу. У 2018-м заснавала ў Мінску арт-студыю “Охра”, у якой з’яўляецца творчым кіраўніком і педагогам. У жывапісе выкарыс- тоўвае пераважна алейныя фарбы, часам у спалучэнні з рознымі тэкстурнымі матэрыяламі. Працуе ў жанрах лірычнага пейзажу і кветкавага нацюрморта. Ад яе карцін вее той чароўнай магіяй цяпла і святла, якая сагравае нават у халодныя восеньскія дні.
Самы вопытны ўдзельнік выставы — Віктар Данілаў — працуе ў мастацтве ўжо больш за 50 гадоў, скончыўшы ў 1970 годзе мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Вядомы як аква- рэліст, графік і жывапісец. Яго творчы почырк характарызуецца тонкай акварэльнай празрыстасцю, жывапіснай вытанчанасцю і характэрнай лаканічнасцю вобразаў.
Яшчэ адна прадстаўніца сталічнай кагорты мастакоў — Ліліяна Каўхута — вельмі разнастайны творца: мастак, музыкант, digital-ілюстратар, дызайнер міжнароднай катэгорыі сцэнічнага гістарычнага касцюма, інтэр’ера і ландшафта. Яна атрымала ў свой час грунтоўную музычную адукацыю, а ў 2021 годзе скончыла магістратуру па спецыяльнасці “Жывапіс алеем” у Санкт-Пецярбургу. Выкарыстоўваючы розныя творчыя прыёмы, яна стварае колеравую гармонію ў карцінах, як кампазітар арыю ўнутры оперы.
Мастак і педагого Сяргей Цігараў жыве і працуе ў Жодзіна. У 1975 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута па спецыяльнасці “Мастак-педагог”. Працуе ў тэхніках акварэльнага і алейнага жывапісу ў жанрах пейзажу і нацюрморту. Колеравая палітра ў яго творах разнастайная і напрамую залежыць ад асвятлення. Менавіта святло з’яўляецца галоўным дзеючым кампанентам у яго пейзажных вобразах.
Анжаліка Вакуліч жыве і працуе ў Баранавічах, з адзнакай скончыла Кобрынскае мастацкае вучылішча, затым — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працуе ў розных жанрах жывапісу і графікі: нацюрморце, пейзажы, гістрычным і сучасным партрэце, сакральным жывапісе і ў ілюстрацыі. У ее творчасці заўважна цяга да імпрэсіяністычнага жывапісу з размытым каларытам, які стварае туманную дымку.
Несвіжанка Марына Канавалава (творчы псеўданім Марына Мара) — жывапісец, графік, педагог. Як і некаторыя яе іншыя сябры па выставе, скончыла ў свой час мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, праз некалькі гадоў — факультэт графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Аформіла больш за 15 кніг для дзяцей, а яе любоў да акварэлі і фактураў вылілася ў работу на шоўку ў тэхніцы баціка. У 2010-х гадах стварыла брэнд аўтарскага роспісу па шоўку “Maramarina”. Таксама мастачка цудоўна валодае тэхнікай пастэлі.
Выдатным упрыгажэннем урачыстага адкрыцця выставы стала спалучэнне розных відаў мастацтва: на ім гучалі музыка і паэзія ў выкананні сяброў Нясвіжскага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” і Баранавіцкага літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры”. Ад несвіжан са словамі віншавання з нагоды адкрыцця выставы да прысутных звярнуліся паэтка, празаік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы Зоя Кулік і паэт, мастак і скульптар Алег Пракарына. Яны прачыталі таксама свае вершы аб Нясвіжы. Акрамя таго, Зоя Мікалаеўна ўручыла мастакам — удзельнікам выставы — Падзякі ад епіскапа Аўксенція за ўдзел і мецэнацтва ў ІІ міжнародным фестывалі праваслаўнай творчасці “Багародзіцы хвалу васпяем”, які праходзіў у Нясвіжы ў канцы верасня.
Свае вершы аб Нясвіжы прысутным таксама падарылі старшыня Баранавіцкага літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Яцук і яе таварыш па аб’яднанні, паэт Аляксей Белы. А цудоўны “Нясвіжскі вальс” у выкананні Галіны Бабонавай стаў музычным падарункам усім удзельнікам адкрыцця выставы. Завяршылася ўрачыстае адкрыццё мастацкай імпрэзы прыгожай песняй аб Нясвіжы ў выкананні артысткі аматарскай творчасці нашага раёна, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Салтанаўшчынскай СШ Людмілы Ясевіч.
Ні для каго не сакрэт, што Нясвіж любімы і наведваемы шматлікімі турыстамі. Ён зачароўвае ў любую пару года, але восень упрыгожвае яго па-асабліваму і сваім залатым убраннем прываблівае паэтаў і мастакоў. Менавіта таму паэтычная лірыка на тэму восені асабліва маляўнічая, а жывапіс напоўнены задуменнасцю, рамантычнасцю, лёгкім сумам і любоўю да тых мясцін, якія пры яго дапамозе адлюстроўваюцца. Гэта і ёсць тое, што вызначае выставу “Восеньскі Нясвіжскі эцюд”.
Яна будзе доўжыцца па 28 лістапада. Не прапусціце!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
На галоўным фота: мастакi — удзельнiкi выставы — падчас адкрыцця экспазiцыi

























