У нашай краіне гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ўпершыню адзначылі толькі ў 1920 годзе: у 1918-м большая частка Беларусі была акупавана нямецкімі войскамі, а ў 1919-м Мінск быў заняты Польшчай. Свята адразу ж замацавалася ў календары, нягледзячы на тое, што афіцыйны статус у СССР яно атрымала толькі ў 1927 годзе — да дзесяцігоддзя рэвалюцыі.
У савецкі час у гэты дзень было прынята праводзіць парад (ён нават адбыўся 7 лістапада 1941 года, калі нямецка-фашысцкія войскі стаялі літаральна пад сценамі Масквы), дэманстрацыі працоўных, і абавязкова да гэтай даты былі адметныя падарункі: адкрыццё новых прадпрыемстваў, запуск заводаў, стварэнне навучальных устаноў.
А ў 1990-я гады, пасля распаду Савецкага Саюза, гэтае свята і зусім выпала з афіцыйнага календара на ўсім прасторы былога СССР. У Беларусі святкаванне Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі было адноўлена з прыходам да ўлады Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. І гэта своеасаблівая даніна павагі тым традыцыям, тым падзеям, якія прывялі да незалежнасці нашай краіны.

Напярэдадні свята ля помніка Уладзіміру Леніну ў Нясвіжы адбыўся ўрачысты мітынг. Удзел у ім прынялі старшыня раённага савета ветэранаў Генадзь Пашкоўскі, прадстаўнік раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Віталь Раманчук, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Дзмітрый Жывень, старшыня Нясвіжскай раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Ала Тронца, старшыня Маладзёжнага парламента пры Нясвіжскім раённым Савеце дэпутатаў Яўгенія Вайцяховіч, прадстаўнікі раённых прафсаюзных аб’яднанняў, навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, прадстаўнікі БРСМ і іншыя зацікаўленыя.
“НН”.



























