Падыходзіць да завяршэння вытворчы год, і ў ААТ «Сейлавічы» падводзяцца вынікі работы гаспадаркі.
Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Каспер, за 10 месяцаў гэтага года можна адзначыць значны рост валавой прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Сёлета гэты паказчык — 110,3 працэнта. Прадукцыя жывёлагадоўлі склала 106,6%, раслінаводства — 115,3%.
Валавы збор збожжа дасягнуў 19277 тон, што вышэй за ўзровень мінулага года на 2084 тоны, ураджайнасць збожжавых склала 78,7 ц/га.
Кукурузы на зерне ўдалося сабраць 3820,8 тоны пры ўраджайнасці 119,4 ц/га. Рапсу — 2339 тон пры ўраджайнасці 39,6 ц/га. З плошчы ў 640 га ўбрана 37850 тон цукровых буракоў.
Азімыя збожжавыя культуры пасеяны на плошчы 2250 га, пасевы азімага рапсу склалі 650 га.
З усёй адказнасцю гаспадарка падрыхтавалася і да зімовага стойлавага перыяду. Так, тут нарыхтавана 670 тон сена, 25708 тон сенажу, 42887 тон сіласу.
За 10 месяцаў гэтага года валавы надой малака ў таварыстве склаў 18102,6 тоны, або 105,1% да 2024 года. Надой на карову — 7204 кг, што на 274 кг больш, чым летась. На МТФ №2 “Андрушы” надоена 4453,1 тоны пры надоі на карову 7745 кг. На МТФ №4 “Сейлавічы” — 4335,9 тоны пры надоі 8059 кг, або 105,8% да 2024 года. На МТФ “Юшавічы” надоена 4906,2 тоны пры надоі на карову 6983 кг (101,5 працэнта да ўзроўню 2025 года). На МТФ “Затур’я-2” — 2332,3 тоны пры надоі на карову 8070 кг.
Прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы дасягнула 1061 тоны, або 132,9% да ўзроўню мінулага года. Прадукцыя вырошчвання свіней склала 895 тон.
Сярэднямесячная заработная плата за 9 месяцаў — на ўзроўні 2647,4 рубля.
Значна павялічыўся прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, які склаў 115,7 працэнта да мінулагодняга.
За 9 месяцаў атрымана 5738 тысяч рублёў чыстага прыбытку, што на 1171 тысячу рублёў больш, чым у 2024 годзе.
Рэнтабельнасць ад вытворчай дзейнасці гаспадаркі за 9 месяцаў перавысіла 18 працэнтаў.
У канцы свайго аповеду пра дзейнасць гаспадаркі Аляксандр Каспер падзякаваў усім яе работнікам за добрасумленную працу і асабісты ўклад у выкананне вытворчых паказчыкаў, пажадаў усім ім моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця і мірнага неба над галавой, а таксама здзяйснення самых запаветных мараў і жаданняў.
З некаторымі прадстаўнікамі працоўнага калектыву “Сейлавіч” мы зараз пазнаёмім чытачоў “НН”.
Карэнны жыхар Сейлавіч, трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці Яўген Таратута прыйшоў у гаспадарку адразу пасля заканчэння Уздзенскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя 17 гадоў таму. Спачатку яму даверылі трактар, апошнія 4 гады ён працуе на пагрузчыку “Амкадор 352С”.

— Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, — з усмешкай гаворыць сам пра сябе Яўген Аляксандравіч. І працягвае:
— Даводзілася працаваць і з арганікай на палях, і са збожжам на складах, і ўкладваць сіласныя ямы, і пясок грузіць, і зямлю раўняць. Выконваю ўсё, што даручаць. У любым выпадку на пагрузчыку мне падабаецца больш, чым на трактары, таму работай я задаволены. Гаспадарка дала катэдж, умовы для жыцця добрыя, застаецца толькі працаваць.
Трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці Уладзімір Праневіч сёлета адзначыў своеасаблівы працоўны юбілей — 35-годдзе сваёй работы ў гаспадарцы. Як і яго таварыш па працы Яўген Таратута, ён — карэнны жыхар Сейлавіч, а прафесію механізатара атрымаў у Нясвіжскім вучэбна-вытворчым комплексе (тады яшчэ былі такія). Пасля школы адразу пайшоў працаваць, праз год трапіў у армію.

Адслужыўшы, як належыць, вярнуўся ў родную гаспадарку і захоўвае ёй вернасць па сённяшні дзень. Толькі ў гэтым годзе на трактары МТЗ-1221 з прэсам “Фьюжан” Уладзімір Іванавіч запрасаваў больш за 2706 тон саломы, а з касілкай “Навадыск” скасіў шматгадовыя травы на плошчы 240 га. У счэпцы з сеялкамі “Мекка” і “СТБ-8” пасеяў 522 га, з іх 368 га заняла кукуруза і 154 га — цукровыя буракі. Сёлета на яго рахунку таксама больш за 200 га цукровых буракоў, убраных камбайнам “FRANZKLEINESF-10-2”. Акрамя гэтага ўсяго, У.І. Праневіч уносіў мінеральныя ўгнаенні і выконваў іншыя работы. Што б яму ні даручалі, усё будзе зроблена як мае быць.
Валавы надой аператара машыннага даення МТФ №2 “Андрушы” Ірыны Шкоды за 10 месяцаў гэтага года склаў 1130,8 тоны малака пры надоі 7745 кг ад каровы. Як і многія іншыя працаўнікі таварыства, Ірына Чаславаўна нарадзілася і вырасла ў Сейлавічах. Пасля школы адразу пайшла працаваць не ў сельскую гаспадарку, але 20 гадоў таму па прыкладзе маці, якая таксама была даяркай, і сястры, што абрала гэту ж прафесію, усё ж такі прыйшла на ферму і працягнула сямейную дынастыю.

— Захаванне тэхналогіі даення і ўтрыманне ў парадку рабочага месца — мае асноўныя задачы, — гаворыць дасведчаная працаўніца. — І я стараюся выконваць усе патрабаванні, уважліва сачу за паводзінамі і станам жывёлы, каб своечасова паведамляць спецыялістам, калі штосьці не так.
За адну дойку праз рукі І.Ч. Шкоды праходзяць 250 кароў, і кожнай патрэбны яе клопат і ўвага.
— Сваю работу трэба любіць, — упэўнена яна. — Тады ад яе будзе плён.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца.
Трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці, карэнны жыхар Юшавіч Аляксандр Янскі аддаў роднай гаспадарцы ўжо больш за 30 гадоў. Пачынаў яшчэ з камбайна “Ніва”, затым працаваў на “Лідзе”, затым — на “Палессі 12-18”, сёлета падчас жніва кіраваў сваім “Палессем 21-24”. 20 гадоў адпрацаваў на камбайне “Холмер”, выконваў розныя даручэнні і на трактарах МТЗ-82 і 12-21. Часта заняты на сяўбе буракоў і кукурузы, унясенні мінеральных угнаенняў, на нарыхтоўцы сенажу. Нядаўна завяршыў свой удзел ва ўборцы кукурузы на зерне.

На пытанне, ці ёсць у яго любімы від работ, адразу адказаў, што гэта ўборка збожжавых, якая выклікае асаблівы душэўны ўздым і працоўны запал.
Трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці Мікалай Мамчыц напачатку наступнага года адзначыць 40-годдзе сваёй працы ў гаспадарцы. 10 гадоў адпрацаваў на трактары Т-150, 11 — на “Кіраўцы”, затым кіраваў і іншымі імпартнымі і айчыннымі машынамі. Зараз адказвае за “Беларус 15-23”. За свой немалы працоўны стаж Мікалай Іосіфавіч выконваў розныя віды работ — араў, сеяў розныя сельскагаспадарчыя культуры, нават лён, уносіў угнаенні, вазіў сянаж, усё і ўзгадаць цяжка. Зараз заняты на падкормцы азімых мінеральнымі ўгнаеннямі.

Па слядах бацькі пайшоў і яго малодшы сын, які таксама працуе ў гаспадарцы механізатарам.
Сакрэт працоўнага поспеху майго суразмоўцы просты.
— Каб добра рабіць сваю работу, трэба яе любіць, — лічыць ён.
Трактарыст-машыніст Аляксандр Марціноўскі працуе ў гаспадарцы 11 гадоў, з іх чацвёрты год — механізатарам. Нарадзіўся і вырас у Юшавічах, тут жыве і зараз. У яго паслужным спісе — і работа аператарам машыннага даення, і памочнікам брыгадзіра фермы. Пасля школы Аляксандр Васільевіч скончыў Баранавіцкі тэхналагічны каледж, аднак зразумеўшы, што сельская гаспадарка бліжэй, вярнуўся на радзіму, набыў правы трактарыста. Зараз кіруе магутным “Беларусам 35-22”. Падчас жніва працуе на збожжаўборачным камбайне, падчас нарыхтоўкі кармоў — на кормаўборачным “КВК 800”. Часта яго таксама задзейнічаюць на падрыхтоўцы глебы, касьбе і ўнясенні арганікі.

— Задача пастаўлена — задача выканана, — так характарызуе свой падыход да работы А.В. Марціноўскі.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.
Дабрабыту!
Паважаныя працаўнікі і ветэраны ААТ “Сейлавічы”!
Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК! Гэтае свята — добрая нагода выказаць падзяку ўсім, хто штодзённай працай вырашае важныя задачы, накіраваныя на ўмацаванне харчовай бяспекі нашай краіны. Залогам поспеху ў любой працы з’яўляюцца не столькі тэхналогіі, сучаснае абсталяванне і тэхніка, колькі працавітыя людзі, адданыя сваёй справе. Нізкі вам паклон за напружаную і карпатлівую працу, вернасць сялянскім клопатам!
Ад усёй душы жадаем вам міру, моцнага здароўя, дабрабыту, невычэрпнай бадзёрасці і энергіі, новых поспехаў ва ўсіх пачынаннях! Няхай праца прыносіць вам задавальненне і дастатак!
Дырэкцыя і прафсаюзны камітэт ААТ “Сейлавічы”.

















