Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

СВК “Агракамбінат Сноў”: за кожным дасягненнем — чалавек

Пост опубликован: 14.11.2025

Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агракамбінат Сноў”— гэта сучаснае высокаэфектыўнае прадпрыемства з развітой перапрацоўчай галіной і замкнутым цыклам вытворчасці. СВК “Агракамбінат Сноў” адзін з першых у краіне пачаў працаваць па прынцыпе “поле — ферма — перапрацоўка — прылавак — спажывец”. Сёння СВК “Агракамбінат Сноў”— адна з лепшых у рэспубліцы інтэграваных буйнатаварных гаспадарак. Гэта найбуйнейшы пастаўшчык мясной і малочнай прадукцыі ў Нясвіжскім раёне, які мае разгалінаваную гандлёвую сетку. Будучы высокатэхналагічнай арганізацыяй, СВК “Агракамбінат Сноў” з’яўляецца прыкладам інавацыйнага развіцця аграпрамысловага комплексу, асваення перадавых тэхналогій і сістэмнага вырашэння сацыяльных задач у вёсцы.

За ўсім гэтым стаіць праца вялікага, але зладжанага калектыву.


Ветэрынарны ўрач МТФ “Дольны Сноў” Анатоль Богдан абсалютную большасць свайго жыцця — 50 гадоў з 52 — звязаў са Сновам. Тут скончыў мясцовую школу, тут жа выбраў свой далейшы жыццёвы шлях. Спачатку скончыў Ляхавіцкі ветэрынарны тэхнікум (зараз — Ляхавіцкі аграрны каледж), затым завочна — Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “ветэрынарыя”.

СВК “Агракамбінат Сноў”: за кожным дасягненнем — чалавек

У абавязкі Анатоля Васільевіча ўваходзіць лячэнне гінекалагічных захворванняў кароў і абрэзка і лячэнне капытоў. Калі трэба — лечыць і маладняк, але галоўная яго сфера — гінекалогія.

За 20 гадоў працы ў “Дольным Снове” мой суразмоўца стаў прызнаным спецыялістам у сваёй справе і прызнаецца, што не бачыць сябе ні ў якой іншай сферы. Працягвае спасцігаць новае і ўдасканальвацца, без гэтага — ніяк. Ацаніць стан жывёлы, правільна падабраць прэпарат — усё гэта залежыць толькі ад кваліфікацыі ветурача, таму работа гэта ніколі не была простай. Нават невялікае спазненне ў лячэнні можа стаць для жывёлы фатальным.

А.В. Богдан разам са сваімі таварышамі па працы адказвае амаль за 500 галоў жывёлы і робіць усё магчымае для падтрымання яе здароўя.


Трактарыст-машыніст Сяргей Гаргун нарадзіўся і вырас у Друцкаўшчызне, там жыве і сёння. У 1985-м годзе прыйшоў на работу ў тагачасны саўгас “Друцкаўшчызна”, які затым стаў РУП “Насенняводчы саўгас “Друцкаўшчызна” і ў выніку быў аб’яднаны з СВК “Агракамбінат Сноў”. Так вопытны механізатар стаў “снаўчанінам”. Амаль адразу пачаў удзельнічаць у жніве. Усяго на яго рахунку 39 уборак, 30 з якіх ён правёў у якасці старшага камбайнера. Працаваў на “Ніве”, “Лідзе” і “Доне”, затым атрымаў “Лексіён-760”. Сёлета намалаціў каля 2400 тон збожжа. Вясной сеяў кукурузу і цукровыя буракі.

СВК “Агракамбінат Сноў”: за кожным дасягненнем — чалавек

За дзень да нашай гутаркі Сяргей Мікалаевіч дапамагаў ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” убіраць кукурузу на зерне, а зараз прыводзіць у парадак свой “Лексіён”. У астатні час года за ім замацаваны трактар “Беларус 15-23”. Што б яму ні даручалі, усе заданні выконвае аднолькава адказна і старанна.


Трактарыст-машыніст СВК “Агракамбінат Сноў” Аляксандр Чыбрык нарадзіўся і вырас у Друцкаўшчызне, там жыве і сёння. У агракамбінаце ён працуе ўжо больш за 10 гадоў, набыўшы прафесію механізатара ў Навамышскім дзяржаўным аграрным каледжы пасля заканчэння Пагарэльцаўскай СШ.

СВК “Агракамбінат Сноў”: за кожным дасягненнем — чалавек

Пачынаў на МТЗ-82, зараз працуе на магутным “Беларусе 35-22”. Выконвае і палявыя, і транспартныя работы, літаральна перад нашай гутаркай вярнуўся з ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, дзе дапамагаў убіраць цукровыя буракі. Нешматслоўны і грунтоўны, Аляксандр Сяргеевіч больш прывык працаваць, чым гаварыць, але ўсё ж прызнаўся, што палявыя работы яму падабаюцца больш за іншыя, бо там — у полі — спакой і прастора, якіх няма больш нідзе. Мой суразмоўца — не толькі добрасумленны працаўнік, але і шматдзетны бацька, які падае добры прыклад працавітасці сваім чацвярым дзецям.


Трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці Віктар Лазовік прыехаў на Нясвіжчыну з вёскі Нач, што на Брэстчыне. Так сталася, што падчас службы ў арміі камандзірам роты быў снаўчанін Дзмітрый Бельскі, ад якога хлопец і даведаўся пра Сноў і яго ваколіцы. Спачатку, праўда, Віктар Аляксандравіч спрабаваў застацца на рабоце ў воінскай часці, але праз год-другі зразумеў, што гэта не для яго — стала сумна без сельскагаспадарчай працы, да якой прывык з дзяцінства. Менавіта камандзір і падказаў майму суразмоўцу паспрабаваць сябе на рабоце механізатарам у насенняводчым саўгасе “Друцкаўшчызна”, які потым быў далучаны да СВК “Агракамбінат Сноў”. Тагачасны кіраўнік “Друцкаўшчызны” Міхаіл Касцюкевіч выдзеліў маладой сям’і дом у цэнтры гаспадаркі, і так герой гэтага аповеду атрымаў жыллё і працу, якую з задавальненнем выконвае ўжо амаль 19 гадоў. Тут, на Нясвіжчыне, нарадзіліся і трое яго дзяцей.

СВК “Агракамбінат Сноў”: за кожным дасягненнем — чалавек

— Нашы карані ўжо ўраслі ў нясвіжскую зямлю, — з упэўненасцю гаворыць пра сябе і сваю сям’ю Віктар Аляксандравіч. — І мы гэтаму толькі рады. Гэта вельмі знакаміты радзівілаўскі край, і глеба тут добрая, урадлівая.

Прафесію механізатара мой суразмоўца ў свой час атрымаў у Ганцавіцкім ПТВ №157, і набытыя веды па-майстэрску выкарыстоўваў — араў, сеяў, трамбаваў сіласныя траншэі, вазіў салому. Першы ў гаспадарцы атрымаў вялікі пагрузчык, працаваць на якім яму вельмі спадабалася. Зараз адказвае за “Амкадор 352 СХ”, ужо трэці па ліку ў яго руках. Падчас уборкі кармоў працуе на кормаўборачным комплексе “Ягуар-870”.

— Заўсёды любіў мець справу з вялікай тэхнікай. Увогуле люблю працаваць на зямлі. Як ідзеш на работу з добрым настроем, то ўсё ладзіцца, — упэўнены вопытны механізатар.


Тэхнік па штучным асемяненні жывёлы на МТФ “Дольны Сноў” Яўген Каліноўскі нарадзіўся і вырас у Баранавічах, зараз жыве ў Грускове. 16 гадоў таму прыйшоў на работу ў агракамбінат.

СВК “Агракамбінат Сноў”: за кожным дасягненнем — чалавек

Папрацаваўшы некаторы час у будаўніцтве і жывёлагадоўлі, адвучыўся на курсах асемянатараў у Сеніцы і вось ужо чатыры гады паспяхова працуе па гэтай спецыяльнасці. Паказчык выхаду цялят на 100 галоў кароў у яго — каля 74, што перавышае сярэднераённую лічбу.

Умовамі жыцця і працы Яўген Анатольевіч, па яго словах, цалкам задаволены: у 2012-м годзе яго сям’я атрымала дом у Грускове, а праца з жывёлай яму падабаецца. У яго планах яшчэ больш у ёй удасканальвацца, каб дабівацца больш высокіх паказчыкаў.


Заатэхнік-селекцыянер СВК “Агракамбінат Сноў” Лілія Акулік родам з Караліны, а сваю прафесію спасцігала ў Ляхавіцкім аграрным каледжы, які скончыла ў 1997 годзе. Чырвоны дыплом каледжа даў ёй магчымасць паступіць адразу на ІІІ курс Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, якой яна з радасцю скарысталася. Там яна атрымала спецыяльнасць зоаінжынера. Будучы падчас вучобы ў Гродне на практыцы ў “Снове”, добра зарэкамендавала сябе, і тагачасны кіраўнік сельгаспрадпрыемства Міхаіл Карчміт запрасіў адказную дзяўчыну да сябе на работу. І вось ужо 25 гадоў яна працуе тут. Сарціруе жывёлу па фізіялагічных якасцях, сочыць за прадуктыўнасцю, за асемяненнем, адным словам, поўнасцю адказвае за ўзнаўленне статка.

СВК “Агракамбінат Сноў”: за кожным дасягненнем — чалавек

Пачынала ў 2000-м годзе заатэхнікам-селекцыянерам на ферме “Дольны Сноў” пад кіраўніцтвам Валяр’яна Корсака, а праз пяць гадоў перайшла на “Новы Сноў”, дзе працуе па сённяшні дзень.
Любоў да сваёй прафесіі спалучылася ў Ліліі Яўгенаўны з любоўю ўсяго яе жыцця: яе муж таксама заатэхнік, і пазнаёміліся яны на адной ферме. 12 гадоў працавалі разам, але затым мужа перавялі на птушкаферму.

— Я люблю сваю работу, — прызнаецца мая суразмоўца. — Гэта работа і з людзьмі, і з жывёлай, тут патрэбны адказнасць і ўдумлівы падыход. Добрая каманда ў нашай справе значыць шмат. І ветурач, і асемянатар у нас на вышыні. Думаю, што сёлета мы надоім больш за 12000 кілаграмаў малака на карову, а выхад цялят наблізіцца да 80 на сотню галоў.
Лілія Яўгенаўна падчас нашай гутаркі таксама з вялікай удзячнасцю ўзгадала былых галоўных спецыялістаў гаспадаркі Мікалая Чарнеўскага і Яўгена Туціна, якія дапамаглі ёй у яе прафесійным станаўленні.

— Гэта былі сапраўдныя гіганты ў сваёй справе, — сцвярджае яна. — І іх уклад у развіццё “Снова” і ў маё асабістае прафесійнае развіццё цяжка пераацаніць.
Л.Я. Акулік аказалася выдатнай вучаніцай сваіх старэйшых таварышаў.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


Плёну ў працы!

Паважаныя працаўнікі і ветэраны СВК “Агракамбінат Сноў”! Шаноўныя работнікі і ветэраны сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці! Дарагія землякі!

Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці!

Гэты дзень — выдатная нагода выказаць глыбокую падзяку і словы шчырай павагі ўсім, хто сваёй сумленнай працай, павышанай адказнасцю і прафесіяналізмам забяспечвае працяг багатых традыцый айчынных аграрыяў, прымнажае багацце і дастатак нашай Радзімы і стварае аснову дабрабыту народа.

Жадаем вам, нашы дарагія працаўнікі, моцнага здароўя, багацця, нязменнай удачы і аптымізму! Няхай ваша цяжкая, але такая патрэбная праца заўсёды карыстаецца павагай і прызнаннем. Няхай у вашых дамах пануюць згода, любоў і дастатак, а на рабочых месцах суправаджаюць поспехі і новыя працоўныя перамогі.

Мірнага неба над галавой, шчасця і дабрабыту вашым сем’ям!

З павагай праўленне і прафсаюзны камітэт СВК “Агракамбінат Сноў”.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

2 × 5 =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика