Сям’я Хартонік з аграгарадка Грыцкевічы — падпісчыкі “Нясвіжскіх навін” са стажам амаль паўстагоддзя. Усё жыццё прысвяцілі яны гэтай зямлі, мясцовай гаспадарцы. Зараз Марыя Казіміраўна і Антон Антонавіч на заслужаным адпачынку, але па сённяшні дзень цікавяцца, чым жыве раён.
Марыя Казіміраўна пачала працаваць у гаспадарцы ў 1968 годзе, адразу пасля заканчэння Смілавіцкага тэхнікума па накірунку “ветэрынарыя-заатэхнія”.
— У тыя часы гэта быў калгас “Беларусь”, — успамінае яна. — Часы былі няпростыя. Тыя, хто даіў кароў уручную, у бачкі, ведаюць, што я маю на ўвазе. Я была загадчыцай фермы “Супрунавічы”, але нельга сказаць, што гэта была кіруючая пасада. У той час загадчыкі і кароў самі даілі, і бакі з малаком насілі. Адказнасць, як і сёння, была найвялікшая. Калі я гляджу на тое, як змяніліся фермы ў наш час — проста душа радуецца: сучаснае абсталяванне значна аблягчае працу даярак. Ды і выглядаюць ужо фермы па-іншаму. Трэба разумець, што ў тыя часы, калі я прыйшла ў гаспадарку, працоўны дзень у загадчыка фермы пачынаўся ў 4 гадзіны раніцы, а з вячэрняй дойкі я прыходзіла пасля 12 ночы. Было няпроста, але я любіла сваю працу, любіла калектыў: са мной працавалі сапраўды цудоўныя людзі, і я бачыла ад іх толькі добрае. Дарэчы, на пенсію я выйшла ў 2009 годзе. Не паверыце, і зараз сумую па рабоце. Зразумела, што і ўзрост ужо, і здароўя няма, але вачамі, здаецца, усё перарабіла бы. І муж мой, Антон Антонавіч, гэдакі ж увішны, проста так ні хвіліны не пасядзіць, увесь час нечым заняты.
Дарэчы, Антон Антонавіч таксама ўсё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы. Пачынаў загадчыкам гаража, потым перайшоў у механізатары.
— Часам успомню мінулае, трактары, якія былі, — і аж страшна становіцца: гэта ж колькі я жыву на гэтым свеце ўжо! — жартуе ён. — А калі сур’ёзна, то сапраўды я застаў той час, калі жніво было сапраўднай бітвай за ўраджай, а не проста вобразнымі словамі. І сапраўды было нялегка. Уявіце сабе: лета, спякота, тагачасны камбайн і пыл кругом такі, што аж чорны ад яго дадому варочаешся. І гэдак з дня на дзень. Усе так працавалі, час такі быў і тэхніка такая. Цяпер, калі з хлопцамі гавару, то ажні здзіўляюся, як прагрэс змяніў сельскую гаспадарку.
Больш паўвека Марыя Казіміраўна і Антон Антонавіч пражылі разам, і маюць яны асаблівы сакрэт сямейнага дабрабыту.
— Любіць трэба адзін аднаго і паважаць, — дзеліцца ім Марыя Казіміраўна з чытачамі “Нясвіжскіх навін”. — Не было прынята ў нашай маладосці раскідацца высакапарнымі словамі, усе пачуцці справамі падтрымліваліся. Ведаеце, сапраўдныя добрыя адносіны ў дробязях праяўляюцца. Вось мне штосьці баліць, напрыклад, то муж адразу паклапоціцца: і лекі падасць, і дапаможа ў чым-небудзь. Гэдак жа і я. Жыццё пражыць, як вядома, — не поле перайсці, і ўсякае бывала ў нас. Але мы ўмеем саступаць, падтрымліваць адзін аднаго. А як інакш? У гэтым і ёсць наш сакрэт: просты, як і само жыццё.
Ірына ЕФІШОВА.

















