Трактарыст-машыніст ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” Віктар Буйко з нагоды прафесійнага свята — Дня работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, — якое адзначалася ў мінулую нядзелю, быў узнагароджаны Падзякай Прэзідэнта нашай краіны. Гэта самая высокая яго ўзнагарода на 32-гадовым працоўным шляху.
Карані прафесійнага выбару Віктара Іванавіча ляжаць яшчэ ў дзяцінстве, калі ён прывыкаў да сельскагаспадарчай працы ў роднай вёсцы Малаеды. Яго бацька Іван Антонавіч усё жыццё таксама рабіў на трактары, выконваў мноства палявых работ, быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Мама Аляксандра Ігнацьеўна працавала ў паляводстве і ў вольны ад работы час усю сябе аддавала сваім дзецям — Віктару і Мікалаю, які таксама стаў механізатарам.
Пасадзейнічала прафесійнаму выбару і тое, што падчас вучобы героя гэтага аповеду ў Казлоўскай сярэдняй школе (тады яшчэ была такая), вучні 10 і 11 класаў займаліся ў Сноўскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Менавіта там Віктар Буйко разам са сваімі аднакласнікамі атрымаў правы механізатара. Работа на трактары была і без таго яму нядрэнна знаёмай — бацька, бывала, браў яго з сабой на работу ў поле, з задавальненнем падрабляў хлопец і на збожжатаку. Таму вучоба ў ВВК толькі замацавала тое, да чаго ён схіляўся і сам — працаваць на роднай зямлі, прыносіць карысць сваёй малой радзіме.
— Тэхніка мне заўсёды падабалася, — прызнаецца Віктар Іванавіч. — І ў ВВК было вельмі цікава вывучаць будову трактара, даведвацца, як працуе матор. Я адчуваў, што гэта сапраўды маё.
Адрабіўшы год механізатарам, герой гэтага аповеду пайшоў у армію, адслужыўшы, як належыць, вярнуўся дадому і працягнуў працаваць у гаспадарцы. Першым яго трактарам стаў папулярны ў той час МТЗ-80, затым МТЗ-82, 12-21, пасля — “Фэндт”, на якім, дарэчы, яны з братам шчыравалі суткамі, заворваючы і засяваючы ўдваіх усе плошчы збожжавых і льну ў “НОВЫМ ЖЫЦЦІ”. Гэта было з 2006 па 2008 год.
А ўвогуле на гэтай магутнай машыне Віктар Буйко працаваў да 2022 года, пасля чаго перасеў на “Джон Дзір”, да якога па меры неабходнасці падчапляюцца патрэбныя агрэгаты. Напрыклад, у дзень нашай гутаркі ён быў заняты на ворыве зябліва пад зіму, перад гэтым працаваў на чацвёртым укосе траў, а яшчэ раней — вазіў арганіку. Работы для механізатара ў гаспадарцы пастаянна хапае, і Віктар Іванавіч з заўсёднай акуратнасцю і стараннасцю выконвае ўсё, што даручаюць: косіць, арэ, сее збожжавыя і рапс, бывае, выконвае некаторыя заданні і на пагрузчыку.
На пытанне, ці ёсць у яго любімы від работ, мой суразмоўца з усмешкай адказаў, што ад любой работы можна атрымліваць задавальненне, асабліва, калі збіраюцца разам станоўчыя фактары: калі арэш глебу, а яна ў добрым стане — не надта сухая і не надта вільготная, калі сееш пры добрым надвор’і, калі косіш травы, а яны спелыя, сакавітыя і іх цудоўны водар плыве прама ў кабіну.
— Ва ўсім ёсць свае плюсы, — лічыць Віктар Буйко. — Галоўнае іх бачыць і радавацца ім. Сёння (на момант гутаркі — прым. аўт.), напрыклад, араць было складана — глеба цяжкая, буксаваў, але ж гэта не азначае, што я не люблю араць. Гэта проста на дадзены момант такія ўмовы. Мне падабаюцца ўсе работы, якія я раблю. І праца мая толькі на першы погляд здаецца аднолькавай з году ў год. На самай справе кожны раз усё па-рознаму: ворыва вясной адрозніваецца ад ворыва восенню, змяняецца надвор’е, а разам з ім — і стан глебы. Пастаянна трэба прынароўлівацца да новых абставін, таму сумна ці нецікава на маёй рабоце мне не бывае.
Ураджэнец Малаедаў, Віктар Буйко атрымаў ад таварыства катэдж, і ўжо 15 гадоў жыве ў Аношках.
— Дом мой стаіць недалёка ад цэнтра галоўнай сядзібы гаспадаркі, блізка і да работы, і да жыццёва важных аб’ектаў, — адзначыў Віктар Буйко. — дзецям было недалёка хадзіць у школу. Сын ужо скончыў БНТУ, а дачка яшчэ вучыцца ў БДУІРы. Так што жыццё маё, лічу, склалася добра, а высокая ўзнагарода, якую я нядаўна атрымаў, пацвердзіла, што працу маю цэняць і гэта, вядома, вельмі прыемна. Застаецца толькі і надалей старацца, каб не падводзіць тых, хто ў мяне паверыў.
І не выклікае сумненняў, што так яно і будзе.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ганны КІСЕЛЬ.

















