Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Выстава турыстычнай фатаграфіі “Успаміны, якія грэюць”: лепш адзін раз убачыць…

Пост опубликован: 21.11.2025

Лістапад — традыцыйны месяц адкрыцця выставы турыстычнай фатаграфіі “Успаміны, якія грэюць”, што дзейнічае ў салоне-галерэі “Скарбніца”. У розныя гады яе аўтарамі былі шматлікія нясвіжскія і не толькі турысты, а сёлета яна прадстаўлена здымкамі аднаго аўтара — Юрыя Язвінскага.

Нягледзячы на свой даволі малады ўзрост, Юрый Аляксандравіч — адзін з самых вопытных нясвіжскіх падарожнікаў, які пабываў у многіх маляўнічых мясцінах Беларусі і па-за яе межамі. Сёння ён працуе барменам-адміністратарам у рэстаране “Скарбніца”, разам з жонкай гадуе трохгадовага сына, а ў цёплы час года стараецца не здраджваць свайму даўняму захапленню — турызму.

— Фотаздымкі ў паходзе ствараюцца спантанна, — дзеліцца творчымі сакрэтамі аўтар выставы. — Ідзеш і бачыш нешта цікавае — адразу ў дзеянне фотаапарат. І імгненне злоўлена.

На фотаработах, прадстаўленых у салоне-галерэі “Скарбніца”, адлюстраваны віды з вёскі Мікалаеўшчына, што на Нёмане, і другія здымкі з гэтай добра вядомай беларускай ракі і яе ваколіц, а таксама з розных частак ракі Шчары — ад яе вытокаў да ўпадзення ў Нёман.

Юрый Язвінскі таксама з удзячнасцю ўзгадаў сваіх таварышаў па водных паходах — Арцёма Мікітовіча, Яўгена Аксёніка, сваю жонку Алену, Ксенію Бурдзюк, Аляксея Дабашынскага, Арцёма Фянько, Кацярыну Жулцяк, з якімі падарожныя цяжкасці пераадольваліся лягчэй і хутчэй, і якія заўсёды падтрымлівалі яго захапленне фатаграфіяй.

З меркаванняў бяспекі турысты рухаюцца па рэках толькі ў светлы час сутак, таму на здымках шмат сонца, яснасці, блакіту неба і вады. А калі змяркаецца — надыходзіць час чырвона-аранжавых вогнішчаў, якія кідаюць свае блікі на твары людзей пасярод сіняй начной цемры. Асобную групу здымкаў складаюць і тыя, дзе адлюстраваны вобразы братоў нашых меншых у самых нечаканых ракурсах .

Трэба адзначыць, што ў памяць пра натхняльніка і заснавальніка выставы “Успаміны, якія грэюць”, вядомага на Нясвіжчыне і за яе межамі ўрача-хірурга Ігара Богуша на кожнай выставе пастаянна дэманструюцца і дзве яго работы з першай выставы. Так нясвіжскія турысты штогод аддаюць даніну памяці гэтаму выдатнаму чалавеку, на рахунку якога — сотні выратаваных жыццяў.
Выстава будзе дзейнічаць да 15 снежня, таму скарыстайце гэты час для таго, каб убачыць мастацкія здымкі, на якія лепш хаця бы адзін раз паглядзець, чым шмат разоў пра іх пачуць.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Афиша

– Advertisement –

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика