Жыхар аграгарадка Лань Руслан Скрыба —
актыўны наведвальнік аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Нясвіжскага раённага
тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кожны дзень,
акрамя выхадных, ён прыязджае сюды з Лані на аўтобусе Клецк — Нясвіж (білет дзякуючы пасведчанню інваліда для яго бясплатны) і знаходзіцца тут
з васьмі раніцы да чатырох дня.
Наведваць аддзяленне Руслан Юр’евіч пачаў з восені 2012 года, калі яно яшчэ размяшчалася ў галоўным будынку РТЦСАН, а з 2018-га, калі адкрылася новае аддзяленне па вуліцы Ленінскай, 71, стаў прыязджаць сюды яшчэ з большай радасцю, бо ўмовы для знахо- джання людзей з абмежаванымі магчымасцямі сталі тут проста выдатнымі.
— Раніцай я люблю пачытаць дэтэктывы, — расказвае мой суразмоўца. — Затым з 9 да 11 гадзін для нас арганізуюцца забаўляльныя гульні, таксама можна пазаймацца ў гуртках ручной творчасці ці памаляваць карціны акрылавымі ці алейнымі фарбамі. Пасля абеда можна паляжаць у пакоі адпачынку падчас ціхай гадзіны, а можна пагуляць у тэніс.
Што тычыцца самога абеду, то тут наведвальнікі аддзялення прыцягнуты да грамадска-карыснай працы — яны згодна з графікам дзяжурстваў накрываюць на сталы, а затым прыбіраюць за ўсімі і мыюць посуд. Руслан, напрыклад, дзяжурыць па аўторках і добра спраўляецца са сваімі абавязкамі. На пытанне, які з заняткаў, што прапануе аддзяленне, падабаецца яму больш за ўсё, ён з упэўненасцю адказаў, што гэта маляванне карцін.
Акрамя гэтага, мой суразмоўца з задавальненнем гуляе ў шашкі і шахматы, і, па словах спецыяліста па сацыяльнай рабоце аддзялення Кацярыны Нікіцінай, з’яўляецца пастаянным удзельнікам інтэлектуальных гульняў і розных конкурсаў і фестываляў, якія праходзяць і па-за межамі Нясвіжа, іграе ў шумавым аркестры аддзялення.
— Спартсмен, інтэлектуал і творчая асоба, — так характарызуе Кацярына Георгіеўна свайго падапечнага.
Дзякуючы знаходжанню ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў РТЦСАН герой гэтага аповеду знайшоў і добрых сяброў з усяго раёна: гэта Яўген Балацяны з Караліны, Віталь Ганкевіч з Гарадзеі, Аляксей Пласкавіцкі і Аляксей Равінскі з Нясвіжа, Самвэл Палаян са Старых Навасёлак. Усе яны цэняць і падтрымліваюць адзін аднаго, у меру сваіх сіл стараюцца быць карыснымі.
У канцы нашай гутаркі Руслан Скрыба выказаў вялікую ўдзячнасць усім, хто арганізаваў у нашым раёне такую выдатную магчымасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі адчуваць сябе патрэбнымі і ў меру іх сіл уключанымі ў грамадскае жыццё, якую дае ім аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў РТЦСАН.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.



