На мінулым тыдні ў Барысаўскім кадэцкім
вучылішчы прайшоў семінар-практыкум галоўнага
ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі
Мінскага аблвыканкама і факультэта журналістыкі БДУ “Інавацыйная лабараторыя
падрыхтоўкі маладых журналістаў “Медыя-Старт”. Гэтае мерапрыемства стала важным крокам у падрыхтоўцы
і падтрымцы маладых журналістаў, даўшы ім вялікія магчымасці для навучання і прафесійнага росту.
— Гэта ўнікальная магчымасць — не толькі пагрузіцца ў прафесію, але і адразу атрымаць першы практычны вопыт, — адзначыла на адкрыцці мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Тапдэмір.
Семінар адкрыўся прэзентацыяй адукацыйных праграм факультэта журналістыкі БДУ, якую правяла намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Лізавета Хмель. Яна падрабязна расказала аб курсах і ініцыятывах, накіраваных на развіццё неабходных навыкаў для паспяховай кар’еры ў журналістыцы.
Удзельнікі семінара таксама ўбачылі відэаролік, які прадэманстраваў дасягненні студэнтаў і выкладчыкаў факультэта, а таксама атмасферу, якая пануе на факультэце, што натхніла будучых журналістаў.

Да прысутных звяртаецца начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама Вольга Тапдэмір

Ля мікрафона — намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях факультэта журналістыкі БДУ Лізавета Хмель
Адным з самых запамінальных момантаў мерапрыемства стала цырымонія пасвячэння ў прафесію маладых спецыялістаў рэгіянальных СМІ. Прывітальныя словы прамовілі Вольга Тапдэмір і галоўны рэдактар газеты “Жодзінскія навіны” Вольга Глушко, якія падзяліліся сваім вопытам і натхнілі ўдзельнікаў на далейшыя здзяйсненні ў прафесіі.
Семінар уключаў некалькі майстар-класаў, кожны з якіх быў засяроджаны на актуальных аспектах журналістыкі. Так, клас па аратарскім майстэрстве правёў старшы выкладчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ Аляксандр Давы- дзік, які навучыў удзельнікаў тэхнікам захаплення аўдыторыі, важным для стварэння якаснага медыя прадукта.
Веды юных карэспандэнтаў па лічбавай журналістыцы паглыбіла старшы выкладчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ Алена Смірнова, якая падзялілася сакрэтамі працы з сацыяльнымі платформамі, падкрэсліўшы важнасць сацыяльных сетак у сучаснай журналістыцы і падаўшы практычныя парады.
Стварэнне змястоўных навін з дапамогай мабільнага тэлефона раскрыў старшы выкладчык кафед-ры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ Максім Цюцянькоў, які распавёў аб стварэнні цікавага кантэнту для сацыяльных сетак, уключаючы актуальныя трэнды і парады па ўзаемадзеянні з аўдыторыяй.
Напрыканцы семінара прайшла дыялогавая пляцоўка на тэму “Актуальныя пытанні падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў”, дзе ўдзельнікі маглі задаць пытанні і атрымаць адказы ад экспертаў факультэта — ужо названай Лізаветы Хмель і намесніка дэкана па прафарыентацыйнай дзейнасці факультэта журналістыкі БДУ Ганны Басавай.
Галоўным вынікам сустрэчы стала тое, што многія школьнікі канчаткова зацвердзіліся ў сваім выбары — іх шлях ляжыць толькі ў журналістыку.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.



