Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Калі чалавек на сваім месцы

Пост опубликован: 12.12.2025

Брыгадзір вытворчай брыгады
ў жывёлагадоўлі малочнатаварнай фермы “Нялепава” ААТ “Грыцкевічы” Ірына Века працуе ў гэтай гаспадарцы ўжо 18 гадоў. Жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі гераіню гэтага аповеду на Нясвіжчыну з вёскі Дарожкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Абставіны, якія склаліся ў той час, прымусілі
яе вырашаць пытанне з жыллём
і работай і яна адважылася на пераезд. І ў наступным ні адной хвіліны
не пашкадавала аб гэтым. Ірыне Мікалаеўне з дачкой прадаставілі
так званы “прэзідэнцкі” домік у Нялепаве і прапанавалі працаваць
у жывёлагадоўлі. Яна пагадзілася.

Калі чалавек на сваім месцы

На радзіме мая суразмоўца скончыла ў свой час Лужаснянскі аграрны каледж, дзе адвучылася на заатэхніка, але 10 гадоў працавала не па прафесіі — была бухгалтарам. Аднак заатэхнічная адукацыя ёй вельмі спатрэбілася ў “Грыцкевічах”, дзе яна адразу давала водпускі розным брыгадзірам фермаў, а праз тры месяцы стала адказваць за ферму сама.
На пытанне, што паўплывала на яе прафесійны выбар, мая суразмоўца адказала, што гэта было яе ўласнае рашэнне: сям’я хоць і жыла ў вёсцы, але ў сельскай гаспадарцы ніхто не працаваў. Але жывёла дзяўчыне падабалася з дзяцінства, таму яна і вырашыла паступаць на заатэхніка. І хоць на некаторы час і адышла ад гэтай сферы, аднак усё роўна вярнулася да яе. Жыццё ўсё расставіла па сваіх месцах.
— Мая галоўная задача — наладзіць вытворчы працэс так, каб ён ішоў без збояў, сачыць за дысцыплінай і захаваннем тэхналогіі вытворчасці малака, — гаворыць пра сваю працу мая суразмоўца. — Немалаважна мець і падыход да людзей, бо, як ні круці, на іх усё трымаецца.
У падначаленні ў І.М. Века — 19 чалавек: аператары машыннага даення, аператары па дарошчванні маладняка, слесары. Усяго на яе ферме 400 галоў дойных кароў і 200 цялятак ад нараджэння да паўгода. Пасля гэтага ўзросту маладняк перадаецца на ферму ў Грыцкевічах. Ірына Мікалаеўна настолькі прывыкла трымаць усё на сваім кантролі, што нават у водпуску нікуды не з’язджае далёка ад дому — у любы момант можа падбегчы на ферму, каб вырашыць вытворчыя пытанні ці падказаць нешта тым, хто яе замяняе.
На думку маёй суразмоўцы, каб стаць добрым брыгадзірам фермы, трэба, у першую чаргу, быць вельмі адказным і мэтанакіраваным чалавекам, а яшчэ абавязкова ўмець супрацоўнічаць з людзьмі.
— Немалаважная і падтрымка кіраўніцтва гаспадаркі, — адзначае яна. — Калі яна ёсць (а ў нас гэта менавіта так), працаваць лягчэй. І людзі ў нас добрыя — адказныя, старанныя. Кожны ведае свае абавязкі, кожны на сваім месцы. Гэта таксама вялікі плюс у агульнай справе. Нездарма кажуць: “Разам — мы сіла”. І калі бачыш, што твая праца разам з працай тваіх таварышаў дае добры плён, гэта прыносіць вялікую радасць і адчуванне таго, што нездарма жывеш на гэтай зямлі.
На пытанне, ці ёсць нешта, на чым яна адпачывае ад работы душой, Ірына Мікалаеўна адказала, што гэта кветкі. Больш за ўсё яна любіць архідэі — гэтыя экзатычныя расліны ўпрыгожваюць усе вокны ў яе доме і цвітуць круглы год, нібы аддзячваючы добрай гаспадыні за яе ласку і клопат.
Адданасць І.М. Века сваёй справе не засталася незаўважанай: на нядаўнім падвядзенні вынікаў штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу, што прайшло ў Мар’інай Горцы, яна атрымала Ганаровы дыплом Мінаблвыканкама ў намінацыі “Лепшыя працаўнікі, занятыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці”. І хочацца верыць, што гэта ўзнагарода для яе — далёка не апошняя.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

– Advertisement –
Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

20 − четырнадцать =

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика