Свята Нараджэння Хрыстова стала нагодай для ўсіх хрысціянскіх святаў. У калядныя дні мы асабліва спадзяёмся на цуда, якое для кожнага з нас здзейсніць Хрыстос, калі мы не прамінём з ім сустрэчу, калі нам будзе ставаць веры, калі навучымся малітве. Ды і кожны з нас здольны здзейсніць хоць невялікае, але цуда. Напрыклад, мы можам падараваць гэтаму свету і ўсім нам крыху больш душэўнага цяпла, дабрыні і шчырасці. Менавіта з гэтай нагоды сабраліся разам наведвальнікі духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, што працуе пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы пад кіраўніцтвам протаіерэя Аляксандра Данчанкі, клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, вучні 9 “Б” класа СШ №1 г. Нясвіжа Ганна Лукашэвіч, Дзіяна Захарчанка, Паліна Лазарава, Мікалай Сергель, навучэнка Клецкага сельскагаспадарчага каледжа Алеся Бутава, удзельнікі сумеснага праекта “Духоўнае слова” аддзела па рабоце з дзецьмі бібліятэкі, Нясвіжскага благачыння і СШ №1 нашага горада Арсеній Байрамкулаў, Аляксандра Войкіна, Іван Дрнаян, Ірына і Сафія Фаб’ян, Віталій Шчарбакоў, удзельнікі хору ветэранаў працы “Аптымісты” пад кіраўніцтвам Ірыны Латушкі Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і ансамбля песні Нясвіжскага РТЦСАН пад кіраўніцтвам Таццяны Хоміч, сябры раённага літаратурна-музычнага аб’ядняння “Валошкі”, каб парадаваць усіх, хто прыйшоў на свята.
“Ноеўцы” распачалі імпрэзу вершам Мікалая Хвастова “Сочельник в лесу”. А юныя ўдзельнікі сумеснага праекта “Духоўнае слова” падаравалі ўсім найцудоўнейшую магчымасць стаць сведкамі падзеі, якая адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму, праінсцэніраваўшы верш Сашы Чорнага “Рождественское”. Парадавалі слухачоў і святочныя калядкі, а таксама ўласныя аўтарскія песні ў выкананні рэгента аднаго з хораў і званара храма Узнясення Гасподня Алены і Ігара Шаблоўскіх.
Дадалі чысціні і шчырасці ў наша жыццё зімовыя і калядныя вершаваныя замалёўкі сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Соф’і Любанец, паэтычныя і музычныя творы духоўнай тэматыкі сяброў гэтага ж аб’яднання Анатоля Белага, Барыса Вятлугіна і Дзмітрыя Лібара.
Сапраўдным святочным падарункам стала для гасцей бібліятэкі выступленне ўдзельнікаў хору ветэранаў працы “Аптымісты” і ансамбля песні “Рабінушкі”. Рэпертуар выступленняў кіраўнікі калектываў падабралі настолікі ўдала, што было тут месца і духоўным творам, і лірычным песням мінулых гадоў, і вясёлым танцавальным матывам, якія вярнулі ў гады маладосці людзей сталага ўзросту і вельмі спадабаліся юным гасцям свята.


Для ўсіх жадаючых быў арганізаваны круглы стол “Свята Нараджэння Хрыстова сёння і заўсёды”, дзе ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць выказаць адзін аднаму свае пажаданні, прачытаць любімыя і аўтарскія вершы, праспяваць песні добра ўсім вядомыя, ці з уласнай творчай скарбонкі. А юныя чытачы ў гэты час адправіліся на майстар-клас ад супрацоўніцы бібліятэкі Кацярыны Дрнаян і чытачкі нашай установы Валерыі Шчарбаковай.

Хутка прабег час, праведзены з карысцю, у такой цудоўнай кампаніі творцаў і людзей, якія паважаюць творчасць. А самым галоўным момантам падзеі было слова святара — настаяцеля Свята-Троіцкага храма аграгарадка Салтанаўшчына, духаўніка сінадальнага аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” протаіерэя Алега Абрамовіча, які расказаў не толькі пра духоўны сэнс Свята Нараджэння Хрыстова, але і нагадаў пра тое, што людзі і ў будзённы дзень не павінны забывацца пра веру, храм, знаходзіць час для малітвы. Айцец Алег благаславіў усіх, хто не пашкадаваў часу, каб далучыцца да гэтай цудоўнай падзеі: гасцей і артыстаў, прыхаджан храмаў Нясвіжчыны, чытачоў бібліятэкі, наведвальнікаў і кіраўнікоў аб’яднанняў РТЦСАН.

Свята сапраўды атрымалася цудоўным. Засталося дачакацца цуда ў жыцці. Але самае галоўнае, што трэба чалавеку, у беларусаў ёсць — гэта мірнае неба над нашай краінай. Няхай так будзе заўсёды.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
каардынатар дзейнасці духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”.



