Згодна з данымі, якія рэдакцыі раённай газеты прадаставіла ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, за мінулы год на комплексах і фермах нашага раёна атрымана 196843,4 тоны малака. Самыя буйныя “малочныя рэкі” ў СВК “Агракамбінат Сноў”, дзе валавы надой дасягнуў 35860,4 тоны, у ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” (26820,5 тоны) і ААТ “17 Верасня” (23416,5 тоны).
Валавая вытворчасць малака па раёне на 13584 тоны стала большай, чым была ў год папярэдні. Тэмп росту склаў 107,4%. Найбольшую прыбаўку ў фізічным вымярэнні маюць ААТ “17 Верасня” — 2175,5 тоны, ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” — 1975,3 тоны, ААТ “Лань-Нясвіж” — 1671,4 тоны. У працэнтных адносінах найлепш паправілі свае мінулыя паказчыкі: “Лань-Нясвіж” — тэмп росту склаў 120,3%, ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — тэмп росту 110,6%, “17 Верасня” — тэмп росту 110,2%.
Рэалізавана малака 182030 тон. Тэмп росту склаў 107,4%. Таварнасць захавалася на ўзроўні 2024 года — 92,5%. Значна вышэй яна ў ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” — 95,2%, ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — 94,5%, СВК “Агракамбінат Сноў” і ААТ “Лань-Нясвіж” — па 93,8%. Павысілі працэнт таварнасці малака чатыры гаспадаркі. Гэта ААТ “Сейлавічы”, “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”, “Агракамбінат Сноў”, “Лань-Нясвіж”. Пры гэтым, першая гаспадарка прыбавіла цэлыя два працэнты. У пяці сельгаспрадпрыемствах паказчык таварнасці вышэй сярэдняга па раёне.
Працягвае расці прадуктыўнасць дойнага статка. За год на адну фуражную карову па раёне ў сярэднім было надоена 9748 кілаграмаў малака. Гэта на 350 кг болей, чым было ў папярэднім годзе, або на 3,7%. Самая высокая прадуктыўнасць кароў у “Агракамбінаце Сноў” — 12278 кг. На другім месцы — “Грыцкевічы” (11374 кг). На трэцім месцы — “17 Верасня” (9951 кг). Варта адзначыць, што снаўчане з катэгорыі 11-тысячнікаў перайшлі летась у катэгорыю 12-тысячнікаў. Ланцы з катэгорыі 7-тысячнікаў перайшлі ў 8-тысячнікі.
Прадуктыўнасць кароў павялічваецца, дзякуючы добраму догляду жывёлы, правільнаму кармленню, адладжанай селекцыйнай рабоце, належнаму выкананню ўсіх заатэхнічных і ветэрынарных мерапрыемстваў. Адначасова на рост аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі ўплывае павелічэнне малочнага статка. Так, па стане на 1 студзеня 2026 года ён наліч-ваў па раёне 20238 кароў — на 618 болей, чым было год назад. Рост склаў 103,1%. 185 галоў прыбавілася ў “17 Верасня”, 96 — у “ЭБ “Свеклавічная”, 93 — у “Лань-Нясвіж”.
Аналізуючы справы ў малочнай жывёлагадоўлі, нельга абысці такі паказчык, як атрыманне прыплоду. Бычкі ідуць на дарошчванне і адкорм. З цялушачак гадуюць кароў. І чым болей будзе маладняку, тым больш магчымасцей адабраць цялушачак з высокімі генетычнымі задаткамі для абнаўлення дойнага статка і далей павышаць надоі. У 2025 годзе ад кароў і цялушак было атрымана 21744 цяляці, што на 576 галоў больш за папярэдні год.
У тэму
Пры падвядзенні вынікаў спаборніцтва ў малочнай жывёлагадоўлі ўлічваецца і такі крытэрый, як забеспячэнне найвышэйшага аб’ёму рэалізацыі малака на 100 бала-гектараў сельгасугоддзяў і прырост рэалізацыі малака да ўзроўню папярэдняга года. У намінацыі “Рэалізацыя малака” першае месца ў Мінскай вобласці сярод сельскагаспадарчых арганізацый заняло ААТ “Грыцкевічы”. Вынікі работы падводзіліся напрыканцы мінулага года. Калектыў адкрытага акцыянернага таварыства быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй.
Аператары машыннага даення МТФ “Новы Сноў” СВК “Агракамбінат Сноў” Жанна Ждановіч, Святлана Лазінскі і Валянціна Канановіч напрыканцы мінулага года былі запрошаны на абласную ўрачыстасць, дзе ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў сталічнага рэгіёна ў жывёлагадоўчай галіне. Кожная атрымала кветкі і падарунак. А Ганаровым дыпломам адзначана праца ўсяго калектыву фермы.

Жанна Ждановіч

Святлана Лазінскі

Валянціна Канановіч
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



