Сёння мы прааналізуем стан спраў у мясной жывёлагадоўлі раёна ў 2025 годзе.
Згодна з інфармацыяй, атрыманай ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, летась на жывёлагадоўчых комплексах і фермах Нясвіжчыны было атрымана 40047,7 тоны жывёлы і птушкі ў жывой вазе. Гэта на 1813,1 тоны болей папярэдняга года. Тэмп росту склаў 104,7%. Самая буйная фабрыка па вытворчасці ялавічыны, свініны і птушкі — СВК “Агракамбінат Сноў”. На яго рахунку за 2025-ы — 22696,1 тоны мяса. Другі па аб’ёме паказчык — у ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” (3234,6 т). Трэці паказчык — у ААТ “Лань-Нясвіж” (2523,2 т).
Найбольшую прыбаўку ў фізічнай вазе далі “Агракамбінат Сноў” — 2566,4 тоны, ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” — 314,2 т, ААТ “17 Верасня” — 204,1 т. У працэнтных вымярэннях лепшыя паказчыкі выглядаюць наступным чынам: “Агракамбінат Нясвіжскі” — тэмп росту 145,1%, “17 Верасня” — 115,5%, “Агракамбінат Сноў” — 112,7%, ААТ “Грыцкевічы” — 108%, “1 Мая” — 106,6%.
Вытворчасць (вырошчванне) буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе дасягнула ў раёне 19572,3 тоны — тэмп росту склаў 106,7%. Найбольшую колькасць ялавічыны мелі “Агракамбінат Сноў” — 5809,1 т, “Нясвіжскія Астроўкі” —3234,6 т, “1 Мая” — 2125,5 т, прадпрыемствы, якія маюць адпаведную спецыялізацыю. Прыкметна палепшылі свае паказчыкі ў параўнанні з 2024 годам “Агракамбінат Нясвіжскі” з тэмпам росту 144%, ААТ “Сейлавічы” — 124,3%, “17 Верасня” — 115,5% .
Вытворчасць (вырошчванне свіней) склала па раёне 7803 тоны, што ў параўнанні з папярэднім годам складае пакуль 92,2%. І толькі напрыканцы 2025-га, у снежні, тэмп росту дасягнуў 138,9%. Свінінай нас забяспечваюць, нагадаю, “Агракамбінат Сноў”, “Лань-Нясвіж”, “Сейлавічы” і “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”.
Мяса птушкі атрымана 12664,8 тоны. Гэта перавысіла ўзровень папярэдняга года на 10,9%.
Пра эфектыўнасць вырошчвання буйной рагатай жывёлы сведчыць пастаянны рост яе сярэднясутачнай прывагі. За мінулы год яна дасягнула 901 грама замест ранейшых 862 грамаў. Гэта значыць, плюс 39 грамаў або 4,5%. Высокай прыбаўкі ў вазе сваіх адкормкаў дабіваюцца сноўскія жывёлаводы. Сярэднясутачная прывага адной галавы тут дасягнула 1044 грамаў (+ 2 г). На другую прыступку ўзняліся жывёлаводы “Агракамбіната Нясвіжскі” — 965 грамаў (+ 86 г). Трэці паказчык у “НОВЫМ ЖЫЦЦІ” — 943 грамы (+ 45 г).
Сярэднясутачная прывага свіней па раёне складае 538 грамаў, што на 27 г меней, чым была ў 2024 годзе. Павысілі свой уласны мінулы паказчык толькі працаўнікі “НОВАГА ЖЫЦЦЯ”. Замест 707 грамаў цяпер узялі планку ў 739 грамаў.
У птушкаводаў “Агракамбіната Сноў” таксама станоўчыя зрухі. Сярэднясутачная прывага кожнага бройлера дасягнула тут 63,5 грама, што на 0,3 грама больш папярэдняга.
Колькасць буйной рагатай жывёлы на фермах і комплексах раёна з кожным годам павялічваецца. Большая яе частка — гэта бычкі на дарошчванні і адкорме. Усяго па стане на 1 студзеня бягучага года налічвалася 79265 галоў буйной рагатай жывёлы — на 2624 болей папярэдняга года, або на 3,4%. 1043 галавы прыбавілася ў “Агракамбінаце Сноў”, 727 — у “17 Верасня”, 679 — у “Агракамбінаце Нясвіжскі”.
Свіней на пачатак новага года налічвалася 61731 галава — на 8663 болей, або на 16,3%. Бройлераў — 607728, больш 2024 года на 55329 галоў, або на 10%.
Так што без мяса не будзем. На любы смак: хтосьці купляе ялавічыну, хтосьці любіць свіное сала ці мяса, а хтосьці — дыетычную птушку. Працу нашых сельгасвытворцаў спажывец можа ацаніць па запоўненых вітрынах і паліцах магазінаў. Усяго ўдосталь. Таму што тыя, што спяшаюцца раніцай на фермы, старанна даглядаюць жывёлу і птушку, пры неабходнасці лечаць, дыферэнцыравана кормяць, утрымліваюць у чысціні і камфорце. Паўсядзённая добрасумленная праца прыносіць добрыя вынікі.
У тым, што ў СВК “ Агракамбінат Сноў” сярэднясутачная прывага на вырошчванні і адкорме адной галавы буйной рагатай жывёлы дасягнула 1044 грамаў, ёсць заслуга жывёлавода Дмітрыя Малюткі.
Ён сем гадоў працуе на ферме “Хвоева”, старанна даглядае адкормкаў. Па выніках 2025 года дабіўся валавой прывагі ў 734 тоны, што на 28 тон больш папярэдняга года. А сярэднясутачную прывагу адной галавы давёў да 1305 грамаў — на 64 грамы больш, чым было ў 2024-м. Напрыканцы мінулага года Дмітрый Вітольдавіч атрымаў узнагароду — Ганаровы дыплом Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — на абласной урачыстасці, калі ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў жывёлагадоўлі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.



