Меню
ПОДПИСЫВАЙТЕСЬ!
Оперативные и актуальные новости Несвижа и района в нашем телеграм-канале

Распачаўся новы сумесны праект “Беларусь спявае калыханкі”

Пост опубликован: 02.02.2026

Усе бацькі мараць бачыць сваіх дзяцей добрымі і шчырымі, разумнымі і дасціпнымі, а галоўнае — удзячнымі: сваёй сям’і, людзям, якія паўплывалі на іх лёс, роднай краіне. Такі ж настрой і ў настаўнікаў у адносінах да сваіх вучняў. Ёсць яшчэ адзін момант, ад якога залежаць намаганні старэйшых на шляху выхавання чалавека. Гэта кнігі, якія мы прапаноўваем. Бясспрэчна, кніга павінна быць добрай.

Менавіта з гэтай нагоды распачаўся новы сумесны праект “Беларусь спявае калыханкі” аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, Нясвіжскага благачыння, СШ №1 г. Нясвіжа, Карцэвіцкай сярэдняй школы і рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны”.

Гэты праект мае сваёй мэтай аб’яднаць намаганні ўсіх яго ўдзельнікаў, каб накіраваць свядомасць прадстаўнікоў юнага пакалення беларусаў да рэалій жыцця, традыцыйнай беларускай культуры, прыярытэтаў нашага грамадства.

Многія сённяшнія школьнікі большасць вольнага часу праводзяць у віртуальным свеце, аддаючы перавагу сучасным, не заўсёды высокадухоўным фільмам і відэасюжэтам, некаторыя нават пакутуюць ад камп’ютарнай і тэлефоннай залежнасці. І ў працілегласць гэтаму ў памяці прадстаўнікоў старэйшага пакалення жывуць песні і калыханкі, якія яны чулі ў дзяцінстве ад сваіх матуль і бабуль, фільмы і кнігі, дзе дабро і зло не перамяжоўваліся, а раздзяляліся па сваёй сутнасці, дзе не было месца негатыву ні ў знешнім выглядзе галоўных герояў, ні ва ўнутраным змесце.

Гэтай памяццю маюць жаданне падзяліцца госці праекта — пісьменнікі, музыканты, мастакі, як і ўласнай творчасцю, скіраванай на дабро, каб направіць на добры шлях юных беларусаў.

У межах праекта ўжо адбылася і першая літаратурна-музычная кампазіцыя “Беларусь спявае калыханкі” з удзелам сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, рэгента і званара храма Узнясення Гасподня Алены і Ігара Шаблоўскіх.

Прэзентаваць творчасць нашых землякоў дапамагалі вучні 7 “Б” класа СШ №1 нашага горада і іх класны кіраўнік Святлана Гаспадарык, старшакласнікі і вучні 2 “Б” класа гэтай навучальнай установы.

У творчым багажы Алены Расціславаўны асаблівае месца займаюць паэтычныя і музычныя творы духоўнай тэматыкі. Ёю створаны цэлы цыкл вершаў і калыханак для дзяцей. Падчас прэзентацыі праекта гэтыя творы гучалі з вуснаў іх аўтара, прадстаўнікоў хору храма Узнясення Гасподня, а таксама юных і маладых аматараў паэзіі Зоі Гапановіч, Ганны Лукашэвіч, Арсенія Байрамкулава, Івана Дрнаяна, Аляксея Шчарбакова і Андрэя Хрысценкі.

Ігар Генадзьевіч — аўтар рознапланавых вершаў, але самым яскравым яго паэтычным творам стала “Казка пра рэпку”, у інсцэніроўцы якой прынялі ўдзел Матвей Сухаверх, Аляксандра Войкіна, Дана Камёнка, Аліса і Валерыя Ігошыны.

Алена Расціславаўна і Ігар Генадзьевіч разам амаль сорак гадоў. Многія творы Алены Расціславаўны прысвечаны сям’і, сямейным традыцыям і каштоўнасцям, галоўнай з якіх з’яўляецца каханне.

Усе гэтыя творы былі змешчаны на старонках электроннай кнігі Алены Шаблоўскай “Беларусь спявае калыханку”, якую яна прэзентавала ў мінулым годзе падчас правядзення фестывалю імя Паўлюка Пранузы ў рамках конкурснай праграмы “Шанец для нявыдадзеных кніг”. На той момант супрацоўніца бібліятэкі, а зараз намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Карцэвіцкай сярэдняй школы Наталля Кульчыцкая зрабіла пробны папяровы варыянт выдання. Цяпер справа за рабятамі, бо менавіта ім прапанавана праілюстраваць кнігу. Юныя мастакі могуць намаляваць пачутае падчас прэзентацыі ці прачытанае самастойна, могуць запрасіць у памочнікі старэйшых ці малодшых братоў і сясцёр, а то і бацькоў. І тады мы зноў сустрэнемся на прэзентацыі кніг нашых землякоў. Тым больш, што першыя ілюстрацыі да верша Алены Шаблоўскай “Маляваў Віталік лета” ўжо ёсць. Іх стварылі другакласнік Арсеній Байрамкулаў і трэццякласніца Ева Гуральская.

А вось паэтычны варыянт “Казкі пра рэпку” Ігара Шаблоўскага выйдзе асобным выданнем.

Благаславіў пачынанне благачынны Нясвіжскага благачыння, настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка. Святар звярнуў увагу на тое, якімі павінны быць словы, што сыходзяць з нашых вуснаў:

— Слова — дар Божы. Чым болей будзе ў нашых зносінах светлых, чыстых, пяшчотных, прыгожых слоў, тым больш дабрыні і меней зла будзе ў нашым свеце.

Алена Расціславаўна і Ігар Генадзьевіч падаравалі ўсім, хто быў у зале, часцінку сваіх душаў, светлыя, чыстыя, Богам дасланыя ў гэты свет творы.

Будзем спадзявацца, што і юныя ўдзельнікі сумеснага праекта “Беларусь спявае калыханкі” далучацца да ўсяго лепшага, народжанага на роднай зямлі, адчуюць прагу да творчасці і самі стануць творцамі, фарбамі і алоўкамі занатуюць сваё бачанне створанага словам.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Беларусь спявае калыханкі”.

– Advertisement –
error: Копирование защищено!!!
Яндекс.Метрика