У рамках прафілактычнай работы і інфармавання грамадзян начальнік Нясвіжскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Балацяны сустрэўся з працоўным калектывам эксперыментальнай базы «Свеклавічная». Галоўная мэта дыялогу — нагадаць пра важнасць захавання правілаў бяспекі, як у побыце, так і на працоўным месцы.
Пачаў сустрэчу Максім Балацяны з лічбаў, якія нікога не пакідаюць абыякавымі. Кіраўнік раённага аддзела прывёў статыстыку пажараў, што адбыліся ў вобласці і непасрэдна ў Нясвіжскім раёне. Лічбы, на жаль, несуцяшальныя: з пачатку года ў нашым раёне зарэгістравана 9 пажараў, на адным з іх загінуў чалавек.
Работнік МНС адзначыў, што прычыны ўзнікнення агнёвых здарэнняў з года ў год застаюцца нязменнымі. Сярод іх — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення, кароткае замыканне ў электрасетках і электрапрыборах, а таксама дзіцячая свавольства з агнём. Менавіта гэтыя фактары часцей за ўсё прыводзяць да трагедый.

— Але на самой справе кожны з вас можа прадухіліць бяду. Трэба ўсяго толькі адказна адносіцца да свайго жыцця і маёмасці, — звярнуў увагу прысутных начальнік аддзела.
Максім Балацяны падрабязна спыніўся на кожнай з прычын пажараў, растлумачыўшы, якіх менавіта правілаў варта прытрымлівацца, каб не дапусціць вогненнай бяды ў сваім доме. Асаблівую ўвагу ён засяродзіў на наяўнасці і працаздольнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Кіраўнік гарнізона падрабязна расказаў пра карысць і прымяненне гэтага прыбора, падкрэсліўшы, што менавіта ён можа стаць сапраўдным выратавальнікам падчас пажару, своечасова абудзіўшы спячых людзей.

Пасля грунтоўнай размовы пра пажарную бяспеку прысутныя перайшлі да не менш важнай тэмы — правілаў паводзін на зімовых вадаёмах. Максім Балотаны папярэдзіў, што ў ні якім разе нельга выходзіць на лёд, калі яго таўшчыня не перавышае 7 сантыметраў — гэта вельмі небяспечна для жыцця. Калі ж таўшчыня лёду бяспечная, у абавязковым парадку пры выхадзе на лёд неабходна надзець выратавальны жылет.

Асобна спыніўся начальнік аддзела на дзецях:
— Што датычыцца дзяцей, гэта, вядома, ваша зона адказнасці. Ні ў якім разе не дапускайце, каб непаўналетнія самастойна выходзілі на лёд. Іх бяспека цалкам залежыць ад дарослых.
Сустрэча прайшла ў фармаце жывога дыялогу, работнікі гаспадаркі змаглі атрымаць адказы на ўсе пытанні, што іх цікавілі, і яшчэ раз пераканацца, што бяспека пачынаецца з уважлівасці кожнага.



